Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Жывена ўздыхнула. Гэта скардзіўся Еўдакіі хрысціянскі святар, прасіў дапамогі і грошай. Камітэса выслухала яго і паабяцала заступіцца, успомніўшы мудрасць папы Інакенція III, які шукаў кампрамісаў з грэчаскім духавенствам. Коміт выглядаў задаволеным: можа, і сапраўды Еўдакія неўзабаве зможа падняцца і хадайнічаць за царкву? Лаціняне і цяпер, праз шэсцьдзесят гадоў пасля заваявання Царгорада, не спяшаліся аддаваць Рыму хаця б пятнаццатую частку даходаў, хаця, паводле дамоваў, мусілі б адпраўляць туды звычайную дзесяціну, якая, аднак, не была прынятая грэчаскім духавенствам да гэтага часу.
Еўдакія, выслухаўшы святара, нечакана сказала мужу:
— Я стамілася ад просьбаў. Хай яны пакінуць нас. А мы яшчэ пабудзем тут, ля гаю.
Але ў гэтую хвіліну да яе падышоў садоўнік і выцягнуў з-за пазухі прыгожа сплецены футляр. Адкрыўшы яго, ён дастаў гваздзік, на якім заіскрыліся кропелькі вады, якой яго апырскалі, і працягнуў камітэсе. Усе аслупянелі: гваздзік быў пурпурны. Першым апамятаўся коміт.
— Ты што, хочаш пасварыць мяне з імператарам, гнюсны раб?! — загрымеў ён, адштурхнуўшы садоўніка так, што той адляцеў прэч і, зачапіўшыся нагой за камяк зямлі, расцягнуўся ля самых ног Жывены. Круглы твар са светлай апушкай валасоў на падбародку збялеў, шэрыя вочы вырачыліся: садоўнік яўна чакаў іншага.
— Я… вывеў яго спецыяльна для камітэсы, — залепятаў ён. — Гэтыя кветкі… такія прыгожыя!
— Ён, мабыць, не ведае, што пурпуровыя гваздзікі забаронена разводзіць у садах!* — зашаптала Фаціма.
* Гэтае адценне лічылася царскім, ніхто на яго не меў права.
Спалоханы наглядчык маёнтка пацвердзіў ейныя словы, распасцёршыся перад гаспадарамі:
— Гэты раб прывезены нядаўна, я не дагледзеў, што ён вырасціў пурпуровы гваздзік! — енчыў ён. — Я не вінаваты, не карай мяне!
— Я не вінаваты! — садоўнік, таксама смяротна спалоханы, загаварыў па-руску.
— Адкуль ты? — страпянулася Жывена.
— З Галіцка-Валынскай зямлі, з-пад Бярэсця.
Нешта магутна-светлае, лёгкае нібыта падхапіла дзяўчыну, і на імгненне прамільгнуў перад вачыма храм з тоўстых кубоў граніту, магутныя дубы, што атулялі яго шапаткімі шатамі, залацісты конь з саломы на ахвярным вогнішчы… Яна схілілася перад Еўдакіяй:
— Пашкадуй яго, камітэса. У яго рукі майстра — зірні, які футляр з лубу сплёў гэты чалавек! У яго душа паэта — ён лічыць цябе царыцай, бо столькі чуў пра тваю прыгажосць!
Усю сілу, якая некалі была ў ёй і цяпер вярнулася — ці надоўга? — уклала яна ў свае словы, і камітэса апусціла грозна ўзнятую руку. Коміт, які сачыў за жонкаю, таксама змякчыўся:
— Няхай жыве. Аднак табе, які не дагледзеў і не папярэдзіў таго, што адбылося, давядзецца адказваць.
Яны паехалі да маёнтка, але доўга ззаду яшчэ чуліся крыкі наглядчыка, якога бязлітасна секлі лазінамі. Еўдакія ж напружана глядзела наперад, твар яе быў замкнёным. Яна выпіла глыток фіялкавага віна, праліўшы трохі на сваю ліловую туніку, памуляла завялымі вуснамі вінаградзіну, але пасля выплюнула яе. Рука з цьмянымі, акуратна вычышчанымі рабыняй пазногцямі дрыжала, чырвоныя плямы праступалі на худых шчоках.
Калі яны прыехалі ў маёнтак, яна не пайшла ў дом. Загадала несці сябе да агромністай шэра-зялёнай алівы; там, сышоўшы з насілак, прытулілася да шурпатага ствала, дзе глыбока заплыла, але была яшчэ бачная першая літара ейнага імя.
— Помніш, Нікіфар, ты першы раз прыехаў са сваім бацькам сюды, каб паглядзець на мяне? І я зірнула. Ты мне спачатку не надта спадабаўся, але пасля… Калі ты мне кляўся ў каханні, апякунка аліваў* падала знак, і я зразумела, што буду з табой да смерці.
* Афіна.
— Нашто ты гаворыш пра смерць? — дакорліва прамовіў коміт. — Мяркую, мы будзем жыць доўга.
— Не, мая смерць блізкая. Тыбецкі лекар пытаўся, у якім адзенні прыходзіць у сны маці. А яе туніка якраз такога колеру, як гэты гваздзік, колеру застаялай крыві, якой так многа пусцілі мне манастырскія лекары. Таму хачу пастрыгчыся, перш чым Харон пусціць мяне ў сваю ладдзю. І яшчэ аб чым прашу цябе, Нікіфар…
Еўдакія зняла адзін за адным з пальцаў каштоўныя пярсцёнкі.
— Гэты, з антраксам*, аддай у Вялікі Храм Божай Мудрасці**, хай аправяць ім абраз святой Еўдакіі. Гэты са смарагдам — у царкву Пантакратара. А на гэты, з залатой філігранню, хай памоляцца за мяне жабракі каля Вялікай Гавані — калі я бывала там, мне заўсёды хацелася ехаць у невядомыя далёкія краіны…