Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Тады я, каб суцешыць, пажадаю табе ўдачы, – вымавіў эльф, – каб ты мог вярнуцца сюды пасьля вайны й пабачыць усё зноў. Але не кажы радзіне! З твайго расповеду падаецца, што там ужо не засталося працы для тваіх суродзічаў. Мажліва, людзі гэтага краю маюць рацыю, што мала распавядаць пра пячоры, бо адна сям'я гномаў з молатамі й іншым рыштункам можа напсаваць значна болей, чым стварыць.
– Не, ты не разумееш, – абурыўся Гімлі. – Аніякага гнома не пакіне абыякавым гэткае хараство. Аніхто з Дарынавага народу ня стане дзяўбці гэтыя пячоры, каб здабыць камяні ці руды, нават калі золата з дыямантамі знойдуцца тут. Вы ж не сечаце дрэвы ў вясновай квецені на дровы? Мы будзем клапаціцца пра гэтыя паляны заквітнелага каменю, а не здабываць яго. З асьцярожнасьцю й майстэрствам, раз-пораз з малаточкам – мо адзіны аскепачак за цэлы клопатны дзень – так мы працавалі б. I за доўгія гады адчынілі б новыя праходы, адкрылі б далёкія залі, якія цяпер яшчэ ў цемры, адзначаныя толькі чорнымі праваламі за шчылінамі ў скале. I сьвятло – не забудзься на сьвятло, Ляголас. Мы такія зрабілі б сьвяцільні й ліхтары, якія калісьці зьзялі ў Казад Думе. I тады на жаданьне маглі б прагнаць прэч цемру, што ляжыць там ад стварэньня саміх гор. А калі б мы схацелі адпачыць, мы дазволілі б ночы вярнуцца.
– Ты мяне ўзрушыў, Гімлі, – прызнаўся эльф. – Я аніколі раней ня чуў, каб ты так распавядаў. Мне амаль шкада, што я не пабачыў тых пячораў. Ну, давай складзем дамову: калі абодва вернемся зь небясьпек, што чакаюць нас, мы пэўны час павандруем разам. Ты завернеш у Фангарн з мною, а тады я з табою зазірну ў пячоры Хельмавага Яру.
– Ня так я пажадаў бы вярнуцца, ацалеўшы, – сказаў на тое Гімлі. – Але ж я згодны вытрываць Фангарн, калі ты паабяцаеш завітаць у пячоры разам з мною – і разам падзівіцца на іх хараство.
– Я абяцаю, – вымавіў Ляголас. – Аднак, на жаль, пакуль што мы прымушаныя пакінуць за сьпінамі й лес, і пячоры. Зірні: мы набліжаемся да канца й гэтага лесу. Колькі яшчэ да Ізенградку, Гэндальф?
– Каля дзевяці міляў, калі вымяраць паводле лёту Саруманавых крумкачоў, – адказаў Гэндальф. – Тры ад вусьця цясьніны да броду ды яшчэ шэсьць адтуль да брамы Ізенградку. Але ж мы не праедзем усё за ноч, прыпынімся на шляху.
– А калі дабярэмся туды, што пабачым? – спытаў Гімлі. – Ты, можа, і ведаеш, а я дык уявіць ня здольны.
– Я й сам ня пэўны, – адказаў чараўнік. – Я быў там учора ўвечары, але з таго часу шмат што магло зьмяніцца. Усё ж, мяркую, вы не палічыце нашую вандроўку марнай – нават калі дзеля яе й давялося пакінуць за сьпінамі Зіхоткія пячоры Агларонду.
Нарэшце харугва пакінула дзівосны лес і вынайшла, што ўжо дабралася да дна цясьніны, дзе шлях ад Хельмавага Яру разгаліноўваўся на гасьцінцы на ўсход, да Эдорасу й да броду Ізену. Калі выяжджалі зь лесу, Ляголас прыпыніўся й азірнуўся з жалем. А тады раптоўна выгукнуў:
– Там вочы! Вочы глядзяць зь ценяў! Аніколі такіх раней ня бачыў!
Астатнія, зьдзіўленыя й напалоханыя выгукам, прыпыніліся й павярнуліся, а Ляголас крануў каня ехаць назад.
– Не, не! – загаласіў Гімлі. – Вар'яцей, як пажадаеш, але ж мне дазволь спачатку з каня зьлезьці! Я не хачу бачыць аніякія вочы!
– Стой, Ляголас Зялёны Ліст! – загадаў Гэндальф. – Не вяртайся ў лес, яшчэ ня час!
Не пасьпеў дагаварыць, а зь лесу зьявіліся тры найдзівосьнейшыя стварэньні. Высокія, як тролі, дванаццаць ці болей ступнёў вышынёю. Іхнія моцныя целы, дужыя, як маладыя дрэвы, падавалася, апранала кара ці шчыльная шызая й рудая вопратка. Рукі й ногі былі доўгія, з мноствам пальцаў, валасы – цьвёрдыя й пругкія, а бароды – шэра-зялёныя, бы цьвіль. Стварэньні пазіралі сумнымі вачыма, але не на вершнікаў, позіркі іхнія кіраваліся на поўнач. Раптам паднялі доўгія рукі да вуснаў – і зазьвінелі гулкія погукі, ясныя, як галасы рагоў, але болей мэлядычныя, пераменлівыя. Пачуўся й адказ, і, павярнуўшыся зноў, вершнікі ўбачылі іншых істотаў такога самага выгляду. Тыя хутка набліжаліся па траве. Ішлі з поўначы, размашыста й няўклюда, як чаплі, але нашмат спрытней, бо іхнія доўгія ногі рухаліся часьцей за чапліны крылы. Вершнікі загукалі зьдзіўлена, а хто-кольвек і схапіўся за цаўё меча.