Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Калісьці мне і Быкаў гэта казаў. Я нікога не абвінавачваю, але я стамілася, калі мне 20 гадоў кажуць: чаму вы не размаўляеце па-беларуску, ня пішаце. І вось тое, што я раблю — ідэя ў мяне напісаць 7 кніг, я напісала чатыры, — гэта аўтабіяграфія ўтопіі, а савецкая ідэя размаўляла па-расейску. Я пра гэта пішу, а не пра расейскую ці беларускую гісторыю. Мяне цікавіць менавіта тыпаж савецкага чалавека. Таму калі мяне спрабуюць загнаць у кут і казаць пра мову, то мяне ці тады не зразумеў карэспандэнт, ці Вы не зразумелі... Я ў гэтыя пытаньні ніколі не ўваходжу, гэта ня тая прастора, дзе я пачуваю сябе свабоднай і бесстароньняй.
Знаткевіч: Вы шмат пішаце і кажаце пра «чырвонага чалавека», чалавека савецкага — наколькі Вы лічыце савецкім чалавекам сябе асабіста, ці Вы за савецкім чалавекам назіраеце ўсё ж збоку?
Алексіевіч: Ведаеце, я думаю, што савецкі чалавек нават Вы, хоць я падазраю, што Вам каля трыццаці гадоў. Я дык тым больш, таму што мне гадоў нашмат больш. Я прайшла са сваімі героямі ўвесь шлях, я ніколі ад іх не адмаўлялася. Гэта я напісала «У вайны не жаночае аблічча» і адчувала рамантызм веры, які перажыло тое пакаленьне, калі ідэя была маладая, моцная... Калісьці я сустрэлася з Акуджавам, і ён казаў, як ён малады ішоў на фронт, а ягоная цётка сумна паглядзела на яго і кажа: «Два фашызмы б’юцца», а ён казаў — «Я не зразумеў, пра што яна кажа». Я таксама не разумела.
Але калі я паехала ў Афганістан і мы зь верталётчыкамі ўзьняліся над зямлёй, і там бачу — штосьці блішчыць, і мне кажуць — там ляжыць некалькі соцень цынкавых трунаў... Калі я ўбачыла бессэнсоўнасьць гэтых сьмерцяў, гэтай ідэі сусьветнай рэвалюцыі, я прыехала адтуль свабодным чалавекам.
То бок я думаю, што я іду разам са сваімі героямі. Я імі захапляюся, недзе не разумею, недзе баюся, але адзінае, што я магу абсалютна шчыра сказаць, што мне вельмі шкада міту аб добрым прыгожым чалавеку, у які мы тады верылі. Магчыма, яго не было, але мне падабаліся тыя людзі. Падабалася ваенная генэрацыя, хоць іх можна сёньня абвінаваціць, што яны маўчалі, і што ГУЛАГ — гэта было менавіта зь імі...
Калісьці, 20 гадоў таму мы фанабэрыста казалі, што яны вінаватыя. Але прабачце, мы сёньня гэтак жа сама маўчым... Я ведаю шмат разумных людзей, якія мне кажуць адно, а самі на працы робяць зусім іншае. То бок небясьпека аўтарытарнай улады ў тым, што ўсе робяцца як бы саўдзельнікамі. Я ведаю, што калі я прыяжджаю ў нейкую краіну, то мяне можа запрашаць любая амбасада, гішпанскі кароль, але ніколі не запросіць беларуская амбасада. Разумееце? А потым паціху яны могуць прыйсьці на п’есу, штосьці шапнуць, і тое далёка ня ўсе... На жаль, мы ўсе міжволі робімся саўдзельнікамі таго, што адбываецца.
Знаткевіч: А якія савецкія рысы пазытыўныя і нэгатыўныя Вы маеце?
Алексіевіч: Я ведаю, што тое, на чым Вы мяне падлавілі — слова «мы» — гэта дрэнна. Чалавек усё ж асобная істота, а сёньня ўжо дакладна няма хору, хор распаўся, можа быць тут, у нас, у Беларусі ёсьць нейкі такі агульны хор барацьбы, але ў прынцыпе прыватнае жыцьцё адмаўляе хор. Кожны сыходзіць у сябе. Думаю, ад гэтага мне трэба вызваляцца, ад жаданьня ўсё абагульніць і зрабіць тыпажом.
Чалавек сёньня хоча і крычыць кожны сам па сабе. Няшмат прапаведнікаў, дый яны нікому не патрэбныя — ні праведнікі, ні прапаведнікі сёньня не патрэбныя. Кожны крычыць штосьці сваё, замкнуўся ў сваёй прасторы. У нас у Беларусі мы пакуль што на барыкадзе, але калі пачне крыху разьвівацца жыцьцё, гэта будзе вельмі жорсткае выпрабаваньне. Тады мне падабалася, што было штосьці вышэйшае за мяне. У той час я разумею, што няма нічога вышэйшага за чалавечае жыцьцё. Але калі чалавек проста камфортная жывёла, гэта таксама неяк ня вельмі прыгожа...
Знаткевіч: Але сучасная моладзь знаходзіць таксама шмат ідэяў, якія не адпавядаюць гэтаму індывідуалізму — тыя самыя «маладафронтаўцы», якія дастаткова радыкальна спрабуюць прапанаваць хрысьціянскую ідэалёгію...