Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
– Няўжо? – Рыгор зьдзівіўся, – Вядома, уключыце. Можа, у яго песьні ёсьць? Уключыце песьні, паслухаем разам. Але чаму менавіта ён? Назвалі б «Мэндэльсон» або «Глінка»?
– Бо Сьмятана – гэта наш гонар! Бадай усё жыцьцё ён працаваў тут, у Празе, а ведаюць яго ўва ўсім сьвеце. Ён пісаў толькі пра Чэхію, пра чэхаў і праславіў нашую культуру.
«Значыць, я ўсёткі ў Празе, а не ў Варшаве», – Рыгор канчальна заблытаўся і болей ні пра што не пытаўся, каб выпадкова ня трапіць перад ежай на яшчэ нейкія нечаканыя навіны. Ён тыцнуў пальцам у сама вялікую фатаграфію – “смажаная сьвініна з кнэдлікамі, капустай і агурочнай падліўкай”. Прасачыўшы, як Кацярына хуткай і нэрвовай хадой выдаляецца на кухню, ён адпіў піва і закурыў, адкінуўшыся на канапе. Ён спрабаваў думаць пра дзівацтвы прасторы дый новыя змогі, і што добра было б патэлефанаваць і расказаць пра ўсё Піліпу – хай ня б’е галаву пашпартамі ды йдзе ў падарожжа самастойна, але думкі няўхільна вярталіся да жаноцкае тэмы наогул і да Каці ў прыватнасьці. Зайграла музыка. Мабыць, песень не знайшлося, і Каця паставіла сымфанічнага Сьмятану. Рыгор пазнаў «Влтаву». Якая харошая дзевачка! Але з чаго менавіта складаецца ейная прыгажосьць? Твар, рукі, ногі – па асобнасьці ўсё было звычайнае. Ён хваляваўся. Закурыў яшчэ раз, зрабіў пару глыткоў. Цыгарэты паліліся імгненна, куфаль неўзабаве апусьцеў.
Неўзабаве зьявілася Каця з падносам. Яна паклала перад ім відэлец і нож, паставіла вялізарную талерку, ад якой узыходзіў пар. Рыгор запрасіў яе сесьці побач, але яна з падзякамі адмовілася, спаслаўшыся на неадкладную працу.
– Якая праца? Навошта? Нікога ж няма ўва ўсёй зале, толькі я! – Рыгор усьміхаўся, падняўшы рукі, і яна неспакойна азірнулася абапал. – Кацечка, калі ласка! Зрабі кампанію! Просьма прашу.
Сказаўшы, што зносіны з наведвальнікамі ім забароненыя, і яе могуць зволіць, яна насьцярожана села насупраць. Рыгор спытаў, дзе абяцаныя кнэдлікі, і Каця паказала яму на дзелькі распаранага белага хлеба. Проста хлеб? Рыгор быў крыху расчараваны, але ў спалучэньні з агурковым соўсам кнэдлікі прыйшліся яму да спадобы, і ён міжволі зноў успомніў тату зь ягонымі кулінарнымі вынаходзтвамі. Ён запытаўся Кацю, што цікавага можна паглядзець у Празе, і яна, быццам чакаючы гэтае пытаньне, пачала расказваць пра масты, пра саборы, пра фантаны.
– Ты пакажаш мне?
– Сёньня ўжо позна, неўзабаве сьцямнее. Лепш заўтра ўраніцу пагуляйце па горадзе. Лепш за ўсё купіце даведнік, яны ў кожнай краме прадаюцца, – ветліва адмовілася яна.
– Але аднаму ня надта цікава! Мне хочацца з табой, – дамагаўся Рыгор. – Калі ў цябе выходны?
Каця сказала, што ня зможа дапамагчы яму на’т у выходны, бо замужам. Рыгор пацікавіўся пра ейнага мужа, змрочна чакаючы, як яна замнецца, запнецца і ня здолее адказаць. Але Каця ахвотна расказала пра яго: Марцін працаваў юрыстам у турыстычнай кампаніі, захапляўся фатаграфіяй і футболам. Ён чымсьці падобны да акцёра Ўладзіміра Меншыка. У іх дзьве дачкі, Тэрэза і Крысьціна, Тэрэза ў гэтым годзе пойдзе ў каледж... Марцін кожны дзень заязджае за мной у канцы зьмены, дадала яна значна. Рыгор ужо не глядзеў на ейны твар, апусьціўшы вочы ў талерку. Яна памаўчала, потым пажадала прыемнага апэтыту і зьнікла. «Хацеў бы я паглядзець на гэтага Марціна з дачкамі, – горка думаў Рыгор. – Дапяклі ўжо гэтыя фантазіі. Вось бы яе застудзіць, адразу б зьведалі, ёсьць Марцін ці няма. Дый чорт зь ёй». Ён даеў капусту, паклаў на стол стодоляравую купюру і пайшоў.
Звонку ўжо запаліліся ліхтары, асьвятляючы нізы таполевых каронаў і першыя паверхі чысьцюткіх прыгожых дамоў. Рыгор павольна крочыў кудысьці наперад, разглядаючы шыльды над дзьвярыма ўжо зачыненых крам. Неўзабаве ён убачыў наперадзе мост, на які ўзыходзіла дарога, і набярэжную ўнізе. «Пэўна, гэта яна, Влтава», – ён перасёк вуліцу і спусьціўся схілістым брукам. За камянёвым парапэтам цямнела рахманая рака, плынь было відаць толькі па водблісках асобных струменяў. Рыгор уяўляў Влтаву значна болей шырокай – і хутчэй за ўсё, гэта быў адзін зь ейных прытокаў. Адваротны бераг узгоркам сыходзіў уверх, там быў відаць дзьвюхгаловы белы сабор з высокімі шпілямі. Рыгор збочыў пад мост.
Цагляныя сьцены зь ледзь відочнымі ў цемры графіці адбівалі гук крокаў, а наперадзе паўкругам сьвятлела выйсьце на другі бок моста. Адразу за мостам зьмяшчалася шырокае летняе кафэ з чырвоным цыратавым дахам, асьветленае рознакаляровымі гірляндамі. За адным столікам рагатала кампанія, блішчалі куфлі. Рыгор падыйшоў да стойкі і спытаў у рудавалосай бармэнкі піва на вынас.
– Якога вам?
– Хоць якога, акрамя «Старапрамэн», яго я ўжо піў сёньня.
Бармэнка, мажная і прыгожая кабета з круглявым тварам, паразумела ўсьміхнулася, дастала з халадзільніка бутэльку «Будвайзэру». Рыгор паклаў перад ёй сто даляраў. Барменка разьвяла рукамі і папрасіла яго знайсьці зьмяняць грошы ў адным з банкаў. Паказала рукой – вось туды, тамака ўноч працуе. Рыгор падзякаваў, адкаркаваў піва і пайшоў прэч, пакінуўшы банкноту.
– Гэй, малады чалавек! Калі ласка, вярніцеся! – гучна паклікала яна. – Гэта занадта шмат! Забярыце вашы грошы!
Кампанія з куфлямі абарочвалася да яго жаночымі тварамі, сьмяялася, але Рыгор на сёньня быў перапоўнены зносінамі. Ён стаміўся і хацеў адпачыць – прыняць душ, скінуць адзеньне і паляжаць на прахалоднай сьвежай бялізьне. Ён баяўся, што бармэнка пагоніцца за ім, але тая неўзабаве сьціхла, мабыць звыклая да турыставых дзівацтваў. Халаднела. Рыгор накіраваўся да жылога кварталу праваруч, з намерам знайсьці там начлег. Рака тут пашыралася і таксама сыходзіла направа, і ён працягнуў шлях па набярэжнай. Неўзабаве, абмінуўшы невялічкі паўвостраў зь нейкім арабскім помнікам, ён выйшаў да дарогі, за якой узвышалася доўгая шматпавярхоўка. Насупраць пераходу са сьветлафорам чарнела арка ў надворак дому.
Рыгор насьцярожана паглыбіўся ў чарноцьце і апынуўся на ледзь відомай унутранай тэрыторыі, зь цьмянымі платамі, дрэвамі, прыпаркаванымі машынамі ды лаўкамі. Бліжэйшы пад'езд быў зачынены на кодавы замок незнаёмай канструкцыі, але вокны першага паверху, не забраныя кратамі, безабаронна паблісквалі. Рыгор патаптаўся на месцы, узіраючыся ў зямлю: ці не валяецца пад нагамі добрая жалязяка? Але ходнік быў пусты і чысты, і ён пайшоў уздоўж сьцяны, напружваючы зрок. Лядашчыя кусьцікі, лаўкі з занадта тоўстымі, каб паламаць, брусамі, шчыльна прыгнаныя да адтулінаў люкі. «Так усю ноч можна шукаць! Што зробіш, прыйдзецца», – Рыгор дапіў апошнія глыткі піва, размахнуўся і з усяе сілы швыргануў бутэльку ў бліжэйшае вакно.
Звон разьбітага шкла прагучаў аглушальна, а потым мэлядычна пасыпаліся аскепкі. У бліжэйшай «Шкодзе» доўга і паныла загаласіла сыгналізацыя. Праз колькі сэкунд у пабітым вакне загарэлася сьвятло і пачуўся абураны віск. Сталі запальвацца бліжэйшыя вокны. Уцягнуўшы галаву ў плечы і прыгнуўшыся, Рыгор пабег прэч з асьветленае плямы. Не спатыкнуцца б у гэткай цемры! Прамінуўшы тры ці чатыры пад'езды, ён спыніўся і зьмяніў дух. Здаецца, яго ніхто не перасьледваў. «Шкода» пікнула і змоўкла, але перад разьбітым вакном зьявіліся людзі, яны махалі рукамі і ўзбуджана гаманілі. «Бутэлькай, чым жа яшчэ!» – даляцела да яго. «Вось чэрці! І адкуль тут столькі людзей?» – і Рыгор з прыкрасьцю вылаяўся.
Але сьвежы піўны хмель не даваў яму сумаваць, і ён прыдумаў новы спосаб: падыйшоў шчыльна да дому і рушыў вузкай дарожкай паміж мурам і хмызам, падняўшы руку і штурхаючы шыбы. У Менску багата было адчыненых, знойдуцца і тут! Неўзабаве ягоная здагадка пацьвердзілася: адно з вокнаў бязгучна адчынілася ўнутар і застыла напаўшляху, вабячы за сабой у загадкавую цемру кватэры. Рыгор схапіўся рукамі за гзымс, падскочыў, пашморгаў нагамі па сьцяне, падцягнуўся і зь вялікай намогай наваліўся грудзьмі на падваконьнік. І раптам забянтэжыўся – што, калі кватэра заселеная? «Дык і нічога, – зьмеркаваў адразу. – Пастараюся ціхутка, на дыбачках. Прайду наскрозь. Галоўнае – ў пад'езд патрапіць, а там ужо знайду штосьці для сябе». Ён пачаў асьцярожна пералазіць цераз падаконьнік, але закрануў рукою керамічны гаршчок зь нейкай кветкай – той паляцеў на падлогу і з грукатам раскалоўся. У глыбіні пакою ўскрыкнула жанчына, завозілася, пачуўся гук перасоўванага стольца і хуткія крокі. І не пасьпеў Рыгор падацца назад, вонкі, як яму з добрае моцы выцялі стольцам па галаве. Ён ірвануўся, штурхануўся і паваліўся ўніз, у хмызьняк. Зь цяжкасьцю стаўшы на ногі, ён пабег да бліжэйшае аркі, а ўсьлед яму шпурнулі нешта цяжкае, хруснуўшае і трэснуўшае аб асфальт.