Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
6. Як Лявон туляўся
Прачнуўшыся незвычайна рана для сябе, удосьвітку, Лявон павярнуўся з боку на сьпіну, каб памеркаваць. Спружыны завішчалі, матрас мерна захістаўся. «Як яны сьпяць у гэткіх ложках? Занадта мякка, быццам у гамаку». Ён заціх, і хістаньні пакрысе сьцішыліся. Але спакойна разважыць не атрымалася – пачуўшы зык спружынаў, увайшла Зарана. Яна шырока ўсьміхалася і трымала ў руках гліняны збанок і круглую лусту хлеба.
– Вось, сьняданак табе прынесла. Паеш.
Лявон з прыкрасьцю падзякаваў яе, і, ня вытрымаўшы, заўважыў, што ні есьці, ні піць людзям зусім не абавязкова.
– Які ты калючы! – яна ані не пакрыўдзілася і пазірала хітра.
Ён агледзеўся ў пошуках адзеньня. Нагавіцы і кашуля, адпрасаваныя, акуратна віселі на сьпінцы стольца ў кутку. На сядзеньні ляжаў стос сьвежых, чыстых хустачак. «І навошта яна так намагаецца?» Лявон устаў, ледзь ня страціўшы раўнавагу праз матрас, што рэзка хістануўся. Зарана, сьціпла нахіліўшы галаву, папраўляла тоўстую касу і назірала, як ён адзяваецца.
Лявон прайшоў цераз хату на ганак. Яна не пыталася, ня ўтрымлівала. Ейная ўсьмешка казала: нікуды ты ня дзенешся, вернешся. Лявон, робячы выгляд, што не заўважае намёкаў, з сур'ёзнасьцю спытаў яе, дзе можна знайсьці Сільвэстрава. Зарана выказала здагадку, што ў Кіеве – усё ж такі гэта сталіца. Кіеў, паводле ейных слоў, ляжаў менавіта ў тым баку, скуль прыехаў Лявон. Ён зьдзівіўся, але рассудзіў, што Зарана мыліцца. Вяртацца было бязглузда. Толькі па звычцы павагаўшыся, Лявон спусьціўся прыступкамі да ровару і паклаў рукі на гумовыя дзяржальні, вільготныя і прахалодныя з расы.
– Да пабачэньня, Зарана. Дзякуй.
Яна не сказала ні слова і, пэўна, паглядала пакепліва, але Лявон не азіраўся. Ён старанна высмаркаўся і зрушыў. Пасьля ўчорашніх намогаў ногі гулі. Пятляючы і азіраючыся абапал, ён выехаў на дарогу. Удалечыні, у жоўта-зялёных травах, адкуль увечары даносілася сьпевы, цямнела пляма вогнішча. Дзе цяпер тыя ночныя дзяўчыны? Адсыпаюцца за пагоркамі? Паляцелі на месяц? Сонца падымалася над галавой. Ён налёг на понажы. Да ног пакрысе вярталіся сіла і пругкасьць.
Шляхам яму яшчэ колькі разоў трапляліся хутары, падобныя да хутара Зараны, але ніжэйшыя, з саламянымі дахамі і скруглёнымі сьценамі. Усе яны месьціліся зводдаль дарогі, і Лявон нават не скідаў хуткасьці. Ён думаў пра Алесю, пра ейную замілавальную постаць з роўнымі худзенькімі плячыма, як яна махала рукой яму ўсьлед. Яна чакае і хвалюецца... Але ён мусіць ехаць наперад. Раскрыць таямніцы сьветабудовы і вярнуцца з чыстым сумленьнем. Інакш аніколі ня будзе спакою. Рана ці позна. Лепш рана. Лявон давіў на понажы, і праз намаганьні цела сумныя думкі адступалі, зьбіваліся ў камяк. Аднаго разу ён абагнаў зграйку босых дзяўчат у падаткнутых белых сукенках і рознакаляровых хустках, якія несьлі на плячох доўгія вілы. Ён спытаў, ці далёка да Кіева, і яны разам зарагаталі ў адказ, нахіляючыся адзін да адной і хаваючы далонькамі загарэлыя твары.
Убачыўшы на гарызонце выцягнутыя, высокія дрэвы, ён здагадаўся, што гэта – кіпарысы. Здаецца, пра іх было ў адным з часопісаў. Кіпарысы стаялі ўздоўж дарогі двума доўгімі, рэдкімі шэрагамі. Дасягнуўшы першага дрэва, ён спыніўся, апусьціў ровар на траву і прайшоўся, разьмінаючы ногі. Пакратаў гладкі камель і лісьцінкі – вузкія, жорсткія, бліскучыя, падобныя да лаўровых з пакуначка з заправай.
Неба было бледна-блакітнае, яркае, вельмі высокае, без адзінага воблачка. Лявон прыслухаўся да сябе: спаць не хацелася. Галава не балела, насмарк ледзь адчуваўся. «Я бадай здаровы. Што ж гэта будзе?» – ён трывожна ўзіраўся ўва ўзгорысты гарызонт. За содні ён не прасьпяваў аніводнае песьні, але сьвет пакуль што не бурыўся, толькі настрой крыху пагоршыўся. Мабыць, Пятрусь шарлатан ці захоплены дурань. А песьні ня маюць аніякага дачыненьня ні да прасторы, ні да часу – проста яны нагэтулькі прыгожыя, што да сьлёз падабаюцца нам. Лявон наважна падняў ровар, званок бразнуў. Ён пакаціў далей, з тварам суровым і мэтлівым. Куды менавіта ён едзе і навошта, Лявон ня думаў.
Сонца паліла. Кіпарысавыя прысады абарваліся невыразным хмызам, дарога пайшла ўніз. Пагоркі скончыліся, і наперадзе, у дрыготкім марыве, праглядваўся дзіўна роўны гарызонт. Трава ссохлася і парадзела, адкрываючы сьветлую пескавую глебу. Лявон павольна рушыў пакатым схілам, часам націскаючы на понажы дзеля хуткасьці. Гарачы вецер лашчыў твар, пасьвістваў у вушох. Лявон узіраўся ў невытлумачальна роўную прастору, якая амаль ня розьнілася зь нябёсамі колерам, і раптам зразумеў, што гэта – мора.
Зьяўленьне мора было да тога нечаканае і казачнае, што ў Лявона захапіла дух. Усе змрочныя, каламутныя думкі расталі, і ён круціў понажы, пачуваючыся дзіцём, якому карціць упершыню патрапіць у цырк ці на атракцыёны. Неўзабаве ўбачылася выгнутая лінія берага і далікатныя белыя бараняты, што раўнамерна зьяўляліся і зьнікалі на вадзе. «Сапраўдныя морскія хвалі», – з захапленьнем адзначыў Лявон. Круціць понажы стала цяжэй – колы загразалі ў пяску.
Нарэшце ён сьпешыўся і павёў ровар за руль, узіраючыся ўва ўзьбярэжжа. Яно сталася населенае: ля вады ён разгледзеў постаці людзей, якія ляжалі, сядзелі, шпацырылі. З мора падзьмуў вецер, і Лявон узьняў да яго галаву. Вецер прынёс новы, незнаёмы пах, сьвежы і моцны, які лёгка праточваўся праз сусьлі. Яго хацелася набіраць поўныя грудзі і – узьлятаць.
Перад пляжам дарога плыўна загнулася налева. Лявон збочыў зь яе і пакаціў ровар да мора па мяккаму, глыбокаму пяску, які суха насыпаўся празь верх у туфлі. Ён ужо бачыў твары людзей – і ўсе яны былі жанчыны. Некаторыя ў яркіх бікіні, некаторыя ў адных тонкіх трусіках, шмат хто ў цёмных акулярах, сяя-тая з кароткімі валасамі – усіх іх яднала нешта невытлумачальнае, але несумнеўнае, што мусіла быць менавіта жаноцкім атрыбутам. Акрамя таго, Лявон цяпер даканцова зразумеў, якія цялесныя адрозьненьні паміж мужчынам і жанчынай меў на ўвазе Пятрусь. «Значыць, маё падарожжа ўжо не дарэмнае!» – з гонарам думаў Лявон. Смутны цяжар у ягоных думках пра Алесю і пра маму цяпер пакінуў яго.
Жанчыны абыякава разглядалі яго, і ён адчуў прыніжальную няёмкасьць за свой гарадзкі абутак, чорныя штаны і кашулю з доўгімі рукавамі. Лявон спыніўся, зьняў туфлі, замацаваў пад спружынай багажніка і сунуў у іх шкарпэткі. Ступаць басанож па гарачаму пяску было прыемна, і Лявон зажмурыўся, заўсьміхаўся. Каб выглядаць яшчэ больш па-пляжнаму, ён падвярнуў калашыны, расшпіліў верхні гузік кашулі і крадком агледзеўся, пільнуючы рэакцыю жанчын. Ім было ўсё роўна. У асноўным кабеты ляжалі на рушнікох, прыплюшчыўшы вочы, некаторыя стаялі, закінуўшы рукі за галаву ці ўпёршы ў бакі. У вадзе тырчалі галовы купальніц.
Мноства людзей напружвала Лявона. Ён пайшоў налева, уздоўж берагу, каб збочыць да вады крыху далей, дзе, мабыць, будзе вальней. Сапраўды, у сотні мэтраў ад дарогі жаноцкая канцэнтрацыя пачала зьніжацца і неўзабаве ўпала да такой ступені, што да берага можна было наблізіцца, не рызыкуючы закрануць нікога понажам. Дзеля пэўнасьці ён прайшоў яшчэ далей, дзе ў ваду выступала шэрая скала, і не было ані чалавека. Цяпер толькі асобныя погляды даляталі да яго, і Лявон уздыхнуў свабодна. Паклаўшы ровар на пясок, ён асьцярожна ступіў у ваду.
Слабая хваля казытліва падняла валасінкі на ягонай бледнай галёнцы, мяккі падводны пясок праточваўся паміж пальцамі. За крок ад ягоных ног мільганула маленькая шэрая рыбка, шмыгнула і зьнікла, растала ў сонечных косках. Стаяць у вадзе было прыемна, спакойна. Слухаючы віск дзяўчат, што рагаталі і пырскаліся ўдалечыні, Лявон вагаўся – ці можа выкупацца? Зьдзець кашулю, штаны, зайсьці па грудзі ў ваду? Ён падаўся назад і сеў на пясок, у тым месцы, дзе праходзіла няроўная мяжа паміж сухім, сыпкім і вільготным, ліпкім. Падняў ракавінку, шэра-рубчатую з выпуклага боку і далікатна-пэрламутравую ўнутры.
Ён разважаў пра тое, што калі рэальная прастора хоць прыкладна адпавядае ягоным уяўленьням пра сусьвет, атрыманым з часопісаў і кніг, дык гэтае мора мусіць быць Чорнае. Лявон падцягнуў да сябе заплечнік, які пакінуў на пяску шырокую паласу, і стаў намацваць сярод грашовых пачкаў сусьветную мапу, скрадзеную ў банку. Яна пляската прыстала да сьпінкі і знайшлася не адразу, але доўгія пошукі прынесьлі нечаканы сюрпрыз – забыты пакуначак апэльсінавага соку. Як даўно ён ня піў апэльсінавага соку! Лявон з асалодай адлушчыў трубачку, праткнуў ейным завостраным канцом кружочак фольгі, зрабіў глыток. Жыцьцё набыла даканцовую паўнату і насычанасьць.