Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 71 72 73 74 75 76 77 78 79 ... 89
Перейти на страницу:

Зьвярнуўшы за рог, ён памацаў патыліцу. Крыві не было – мусіць, па галаве патрапілі абцягнутым тканінай сядзеньнем. «Ну і дзянёк выдаўся! Суцэльная няўдача!» – ён плюнуў. Пхнуўшы мур няветлага дому, ён выйшаў з аркі і зноў апынуўся на набярэжнай. Іншых варыянтаў, акрамя як вярнуцца да летняга кафэ ды ўзяць яшчэ піва, ён ня бачыў.

Кампанія ўжо разыйшлася, і бармэнка працірала пухлявай ручкай апошнія куфлі. Яна не зьдзівілася Рыгору – па ейнае ўсьмешцы было відаць, што яна не сумнявалася ў ягоным вяртаньні. Яна дастала зь вялікае кішэні на жываце сто даляраў і падала яму:

– Забірайце! Тая бутэлька – за кошт рэстарацыі.

– Што за глупства, – махнуў ён рукой, – Дай лепш яшчэ адну. Схавай, схавай! Лічы, што я купіў піва на ўсе грошы. Дай яшчэ дзьве ды вунь тую булку з сасіскай.

– Сэндвіч? Падагрэць вам? – яна паклала сэндвіч на белую плястыкавую талерачку, паставіла ў мікрахвалевую печку і пажартавала: – Можа, вам адразу скрыню піва?

– Давай адразу дзьве скрыні, – сур'ёзна адказаў Рыгор. – А ў бляшанках няма? Каб несьці лацьвей было. Як цябе клічуць?

Яе клікалі Вераніка. Яна сыходзіла ў бакоўку і прынесла два кардонавыя пакункі, па шэсьць бляшанак у кожнай. Рыгор паклаў адзін пакунак у торбу, а да другога ўзяўся адразу, жуючы і нахвальваючы сэндвіч. Ён скоса разглядаў Вераніку, якая балбатала пра два сьвяточныя дні наперадзе і што будзе наплыў турыстаў. Чым больш ён глядзеў, тым больш яна падабалася яму: роўны твар, фарбаваныя рудыя валасы, пастрыжаныя грыўкай, поўныя мяккія вусны, моцныя загарэлыя рукі. Вераніка пазірала на гадзіньнік і часам заклапочана паварочвала галаву да дарогі. Яна паскардзілася, што ўжо пара зачыняцца, а Томаш усё ня едзе. Зноў у сваім бары сядзіць, ці што? Рыгор падахвоціўся дапамагчы ёй, і яны разам склалі стосамі крэслы, ссунулі сталы і апусьцілі над стойкай шырокую ралету.

– Вазьмі мяне з сабой, – з аптымізмам прапанаваў Рыгор і закурыў. – Неяк атрымалася, што мне пераначаваць няма дзе.

– Што ты! Я не магу! – памахваючы сумачкай, яна глядзела на дарогу. – У мяне ж ёсьць Томаш.

– Што яшчэ за Томаш?

– Гэта мой шэф, – патлумачыла Вераніка і хіхікнула: – і адначасна бойфрэнд! Мы разам жывем. Ну куды я цябе вазьму? Пашукай гатэль ці хостал, іх тут як грыбоў.

– Усё ты выдумляеш! – з прыкрасьцю сказаў Рыгор. – Няма ніякага Томаша!

– Кінь дурное. Ці стала б я цябе падманваць! Ты мне падабаесься, але што я магу зрабіць?

Дзеля даверлівасьці яна ўзяла Рыгора пад руку, і праз гэты дотык ён абмякнуў. Дрыготкім голасам ён папрасіў Вераніку дазволіць хоць праводзіць сябе. Яна не супраціўлялася – сказала, што калі Томаш застане яе са староньнім, дык сам вінаваты: ня йсьці ж ёй уночы адной. Так, пад ручку, яны і пайшлі. Яна махнула сумачкай наперад, паказваючы на дом, у якім жыве, і пачала апавядаць гісторыю сваіх пераездаў з кватэры на кватэру. Гэта быў менавіта той дом, у які Рыгор спрабаваў залезьці паўгадзіны назад, але ён ані не спалохаўся. Упоцемку не даведаюцца. Ён слухаў Вераніку напаўвуха, засяродзіўшы ўвагу на тым, каб ісьці зь ёй наша ў нагу. Аповяд пра кватэры відавочна цешыў яе, і, каб пасьпець яго выкласьці Рыгору, яна ішла ўсё павольней і павольней. Скончылася тым, што ў сама апагеі эпізоду з чарговым транспартаваньнем мэблі яны спыніліся ў арцы. Вераніка блішчала вачыма і жэстыкулявала правай рукой. Яна хацела вызваліць і левую, але Рыгор не пусьціў, прыціснуў локцем. Вераніка запнулася і зьдзіўлена зірнула, а ён нязручна абняў яе за плячо і пацягнуў да сябе. Яна ўперлася далоньню яму ў грудзі і так роспачна засіпела, што ён растуліў рукі і адступіў.

– Ты што робіш?! А калі Томаш убачыць?!

– Ціха, ціха, я ж проста пажартаваў!

Рыгор зрабіў сама нявінны выгляд, і паспрабаваў адцягнуць Вераніку анэкдотам, імправізуючы на хаду:

– Сустрэліся аднаго разу Дворжак, Чапэк і Мрожак і паспрачаліся, што лепей – музыка, літаратура або тэатр. Дворжак кажа: музыка лепей! Трыста гадоў прайшло, а Баха яшчэ слухаюць! Чапэк кажа: літаратура лепей! Паўтары тысячы гадоў мінула, а Гамэра яшчэ чытаюць! Мрожак кажа: не, хлопцы, не пра тое вы спрачаецеся, з тэатрам нішто не параўнаецца! Ён непараўнальна лепшы! Дворжак і Чапэк зьдзіўляюцца: чаму гэта тэатар лепшы? А Мрожак сьмяецца: бо ў тэатры буфэт ёсьць! І пабег ад іх, а сам рагоча. Дворжак і Чапэк за ім бягуць і крычаць: дык у кансэрваторыі таксама буфэт ёсьць! дык можна кніжку чытаць і гарбату піць зь пірожнымі! А Мрожак вушы пальцамі затхнуў, рагоча і ўцякае на весь спрыт. Так і не дагналі.

У сярэдзіне анэкдота Вераніка засьмяялася, а пачуўшы канчатак, скрывіла лоб і выдала гук, роўна падобны і да сьмеху, і да ўсхліпу. Яна залівалася, трымаючыся за ягоны рукаў, і Рыгору было вельмі прыемна. Адсьмяяўшыся, яна пачала разьвітвацца, але Рыгор пайшоў за ёй да пад'езда, а калі яна націснула код і ўвайшла ўнутар, уставіў нагу ў дзьверы, перашкодзіўшы ёй зачыніцца. Вераніка казала нешта сярдзітае, але ён спакойна тупаў за ёй лесьвіцай на трэці паверх. На пляцоўцы яна павярнулася да яго і крыкнула:

– Ідзі! Ідзі адсюль! Вось зараз Томаш зьявіцца – ён табе морду наб'е!

Вераніка пасьпешліва адчыніла свае дзьверы, высокія, мэталічныя, і, азірнуўшыся злосным тварам, падалася назад, бразнула. Бухнула рэха, пстрыкнуў замок. Рыгор, які гэтым разам не рызыкнуў нахабіцца і ўставіць нагу, наблізіўся і паглядзеў у вочка. Няясная сьветлая кропачка нічога не казала яму. Ён апусьціўся на кукішкі ля сьцяны насупраць і дастаў яшчэ адно піва. «Паглядзім-паглядзім на гэтага Томаша», – думаў ён помсьліва, прыслухоўваючыся да лесьвіцы. Томаш усё ня йшоў. Прачакаўшы дзесяць хвілін, Рыгор кінуў недакурак у апусьцелую бляшанку, той пшыкнуў. Ён падняўся і націснуў гузік званку – раптам яна прыме яго за Томаша і адчыніць? Усярэдзіне гучна зайграла ўрачыстая мэлёдыя з сымфоніі Дворжака, плыўна заціхла. Акрамя невыразнага шоргату, ніводнага гуку з кватэры не данеслася. Ён прайшоўся па рыпучаму лінолеўму. Суседзкія дзьверы таксама былі жалезныя і непрыступна адчыняліся вонкі – нагой такую ня выб'еш.

Рыгор ізноў сеў на падлогу, выцягнуў ногі. Ён невыносна стаміўся, настрой застыў нашмат ніжэй нулявой адзнакі, і нават сьпяваць не хацелася. Са смутнай тугою ён успомніў свой менскі пакой, канапу, лямпу, старонкі «Зямлі Саньнікава» са сьлядамі капусты і тытунёвымі дробкамі ў складках развароту. Пакруціўшыся на торбе, ён горка задрамаў.

Скрыпнула, бразнула – ён расплюшчыў вочы і ўбачыў, як у каламутна-шэрым ранішнім сьвятле празь дзьверы зь лесьвіцы ўсоўваецца манумэнтальны, станісты азадак, абцягнуты квяцістым халатам. Мерныя рухі азадка намякалі на працу, якую рабіў торс, і праўда: неўзабаве зьявілася чэрава, грудзі, схіленыя плечы, апушчаныя рукі ў жоўтых пальчатках, і, нарэшце, галава са зблытаным, паўсядым-паўчорным клубом валасоў на патыліцы. Прыбіральніца.

Магутныя ногі ў цьвёрдых туфлях напружыліся, цела выпрасталася, твар павярнуўся да Рыгору. З анучы капала нячыстае.

– Ты чый? – прабасіла яна, жмурачы маленькія вочкі, – Ты чаго тут?

– Дык вось ляжу, – гульліва і млява адказаў ён, пацягваючыся і падрабязна разглядаючы яе. – Як цябе клічуць?

Спрасонку ці не, але прыбіральніца яму вызначана падабалася: магутныя галёнкі фігурна напружваліся пад ваўнянымі калготамі, жывот пучыўся, але не занадта, грудзі ўпэўнена расьпіралі халат, твар губляўся ў промнях лямпы за ейнай сьпіной. Рыгор выцягнуў руку і дакрануўся да ейнае цёплае лыткі, пяшчотна сьціснуў, адчуваючы пругу плоці пад цёмнай тканінай. Але мары пра ўзаемныя пяшчоты не ажыцьцявіліся – прыбірачка паставілася да ягонага рапта як да абразы. Хвостка, з плёскатам, яна сьцебанула анучай Рыгора наўпрост па твары:

– Ат жа паскуда! Бач што ўдумаў! Ат жа бамжаціна! А ну пайшоў прэч!

Размазваючы брудную жыжку па твары, спатыкаючыся, хаваючы галаву, Рыгор кінуўся да выйсьця з пляцоўкі. Яна адступіла на крок, даючы яму праход, а потым яшчэ раз выцягла яго па сьпіне сваёй мокрай мярзотай.

1 ... 71 72 73 74 75 76 77 78 79 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)