Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 67 68 69 70 71 72 73 74 75 ... 89
Перейти на страницу:

Ужо ў поўнай цемры вяртаючыся дадому, ён пад'ехаў да крамы і спыніўся ля будкі тэлефона-аўтамата, пад слабым сьветам ліхтара на другім баку вуліцы. Дзьверы з рыпам адчыніліся, у халоднай слухаўцы адгукнуліся далёкія гудкі. Лявон з палёгкай уздыхнуў – працуе. Яму не хацелася тэлефанаваць з хаты. Ён разгарнуў аркуш з тэлефонам Пятруся і з трэцяе ці чацьвёртае спробы набраў як мае быць код горада і нумар. Той адразу падняў слухаўку, быццам сядзеў ля апарату і чакаў.

Лявон пачаў наўпрост: ён сказаў, што Петрусёва тэорыя пра канчальнасьць прасторы і часу пацярпела поўны крах, і прапанаваў яму пракамэнтаваць існаваньне матэрыі па-за межамі Менску. Але Пятрусь ня быў самалюбцам, і зьбянтэжыць яго было няпроста. Ён ужо падрыхтаваўся і адразу выдаў новую гіпотэзу – пра няпэўна шырокі круг быцьця вакол Менска, якое згасае прапарцыйна выдаленьню ад цэнтра.

– Але чаму быцьцё абавязкова мусіць згасаць або абрывацца? – нападаў Лявон. – Чаму ня выказаць здагадку пра ягоную бясконцасьць? Цалкам традыцыйная выснова.

– А як вы ў такім выпадку растлумачыце сьпеўнае празарэньне? Дарэчы, які эфэкт даюць песьні там, дзе вы цяпер?

– Эфэкт прыкладна такі ж: яснасьць думкі і радасьць жыцьця. Але нельга ж падганяць пад узьдзеяньне песень усю пабудову сусьвету, пагадзіцеся, – Лявон адчуваў, што выкрут удалы, і Пятрусь адцягнуўся ад жаночага пытаньня. У натхненьні ён працягваў: – Можа, празарэньне не паказвае нам факты, а дае толькі кірунак думаць? Яно не сьцьвярджае, што прасторы і часу няма, але паказвае кірунак, у якім іх трэба шукаць?

Пятрусь уважліва слухаў, і Лявон перайшоў ад тэорый да практыкі: ён падрабязна расказаў пра ўсе незвычайнасьці, заўважаныя па-за межамі Менску. Строга кажучы, сапраўдная незвычайнасьць была толькі адна: яны з Рыгорам дабраліся да Кляновіцы занадта хутка. Лявон пачакаў, пакуль Пятрусь зьбегае па мапу і падліча час, патрэбны на такое падарожжа. Атрымалася, што йсьці трэба было ня меней чатырох дзён, яны ж ішлі каля двух. Пятрусь трыюмфаваў:

– Бачыце! Усё ж такі парушэньні тапалёгіі ў наяўнасьці! Лявон, я зноў і зноў радуюся, што маю ўдачу працаваць з вамі. Зараз пераломны момант. Мабыць, мы стаім на парозе рэвалюцыйнага навуковага адкрыцьця!

Лявон ужо ведаў, што плынь красамоўства лепш душыць у сама пачатку, і прапанаваў працягнуць дасьледваньні заўтра ўранку, а пакуль што адпачыць і сабраць думкі. З уздыхам палёгкі ён павесіў спатнелую слухаўку на рычаг. «Чаму мяне наогул хвалюе меркаваньне гэтага Пятруся? Баюся яго расчараваць?» Але, нягледзячы на сумневы, перад існом ён з асаблівым намаганьнем абвінуўся мокрай прасьціной і стаяў ля адкрытага ў ноч вакна бадай паўгадзіны.

Ураніцу ён сказаў маме, што мусіць зьезьдзіць да бабулі, запрасіць усіх на вясельле, бо часу засталося зусім мала. Яна ўхваліла думку, але Лявону, які ўважліва пільнаваў ейную рэакцыю, у мамчыным голасе пачуліся ноткі няўпэўненасьці. «Як жа ты, гэткі хворы, паедзеш? Не, едзь, едзь! Рух – гэта жыцьцё, казаў кітайскі мудрэц. Надвор'е зноў добрае, няхай сонейка цябе прапячэ. Вяртайся да вячэры», – мама пагладзіла яго па плячы і папрасіла заехаць па шляху да Алесі, паклікаць яе прымерыць сукенку.

У гэты момант зазваніў тэлефон, і Лявон, сказаўшы маме, што сам адкажа, пайшоў на кухню. Ён ужо пачынаў злавацца на Пятруся – колькі можна надакучаць! Але гэта стаўся Адам Васілевіч, які лісьліва спытаў: ці зможа Лявон прыехаць у Менск праходзіць практыку? Ён пра ўсё дамовіўся зь Піліпам. Лявон сказаў, што зараз яму было б вельмі нязручна вяртацца ў Менск, не дазваляюць сямейныя справы. Адам Васілевіч паставіўся да адмовы лаяльна і паабяцаў патэлефанаваць пазьней, бліжэй да пачатку навучальнага года. Лявон холадна разьвітаўся, зь непрыязнасьцю ўспамінаючы штодзённыя заняткі, сядзеньне на бессэнсоўных лекцыях і дурных іспытах. «Не вярнуся туды», – падумаў ён выразна.

Тэлефон зазваніў ізноў. Лявон здрыгануўся і злосна схапіў слухаўку:

– Хто?

– Вітаю, Лявоне! Куды ты падзеўся? Гэта я, Янка! Даўно ня бачыліся! Зайшоў бы, га?

– Хто гэта? – спытала мама, уваходзячы на кухню.

– Сябры, мам. Аднакурсьнікі, – адказаў Лявон, зачыняючы далоньню мікрафон.

Тым часам Янка пачаў дэкламаваць сьвежы верш, прасякнуты, паводле ягоных слоў, настроем сымбалістаў:

Белавокія здраднікі Мне ўсю душу згубілі. Аніводнае дробінкі Згвалтаваць не забылі.
Ў шатах чорных, гумовых Ўночы ў вокны грукалі, Кацянятак ласкавых Страшным шэптам жахалі.
Хай памру я, паганьбены, Хай загіну, абылганы, Але вычварных злодзеяў Пракліну назаўсёды я!

Лявон пасьпяшаўся разьвітацца зь Янкам, маўляў, яго чакаюць. «Якая лухта. На тэму кухні ў яго выходзіць лепей», – думаў Лявон, мацуючы заплечнік да роварнага багажніка. Матуля выйшла на ганак і глядзела, як ён выводзіць ровар на дарогу. Ён памахаў маме рукой, зачыніў весьнічкі і грунтоўна высмаркаўся. Перад мамай і Алесяй ён стараўся не выяўляць прыкметаў застуды.

– Далёка да гэтае вёскі? – спытала Алеся, трымаючы яго за руку.

– Кілямэтраў дзесяць, вунь у той бок, – Лявон паказаў вольнай рукой на далёкую паласу таполяў, якія хавалі чыгунку. – Шкада, што я не змагу ўбачыць цябе ў сукенцы!

– Ты сапраўды хочаш убачыць? Але гэта ж толькі прымерка, табе будзе нецікава. Можа, я дачакаюся цябе, і паедзем разам?

– Не, не, едзь зараз, каб не трымаць маму з шыцьцём. А я вярнуся ўвечары.

Ён абняў яе за плечы і прыцягнуў да сябе, пагладжваючы па цяжкім валасам. Фаўст, гучна дыхаючы, падбег, гульліва тыхнуўся галавой і паспрабаваў праціснуцца паміж іхнымі нагамі. Лявон адсунуўся, патузаў яго за ўскаламачаны карак ды пайшоў да ровара. Алеся прысела на кукішкі, абхапіўшы Фаўста за пухнатую сьпіну, і глядзела, як Лявон штурхаецца ад зямлі і закідвае нагу ў сядло. Набіраючы хуткасьць, ён абарочваўся, а яна ўставала на дыбачкі і махала яму ўсьлед.

Аддаляючыся ад хутара і ад вёскі, Лявон адчуваў, як зь яго спадае напаўпразрыстая заслона, абалонка, цяжар якой ён адчуў толькі цяпер. Так ужо было колькі разоў – калі ён упершыню падняўся на дах, калі яны з Рыгорам зладзілі разгром у банку – подых свабоды, новых змогаў і адкрытасьці сьвету. Пад'язджаючы да чыгуначнае станцыі, дзе пачалася бэтонавая дарога, Лявон быў ужо даканцова шчасьлівы: здранцьвеньне і прастрацыя пакінулі яго, зьмяніліся на сьвежасьць і адвагу.

Сонца біла ў вочы, і ён, спыніўшыся на пераезьдзе праз рэйкі, прыклаў далонь брылём да вачэй, каб прачытаць назву станцыі: «Канатоп». Гэта нічога яму не сказала. Стаяла поўная цішыня, толькі наводдаль, у таполях, перарывіста сьпявала птушка. Рэйкі блішчалі стальлю, направа і налева. Перакаціўшы праз рэйкі ровар, які падскакваў і пабразгваў званком, Лявон сеў у сядло і налёг на понажы.

Бэтонавая дарога ізноў ператварылася ў грунтавую. Ланцуг пачынаў рыпець, Лявон стамляўся, а зялёным палям не было канца. Павярнуўшыся, Лявон убачыў, што ўжо далёка ад'ехаў ад Канатопу – лінія таполяў бадай згубілася ўдалечыні. «Кілямэтры чатыры-пяць», – зьмеркаваў ён і засьпяваў, каб падбадзёрыцца. Але ў нагах гуло, у горле пяршыла, і ён вельмі ўзрадаваўся, калі за чарговым паваротам зьявілася зграйка тонкіх дрэў. Лявон спыніўся і прыставіў ровар да шэрага камяля. Пагладзіў пальцамі даўгаватыя, пакрытыя бялявым пухам лісьцікі, і, пазяхаючы, прылёг.

Калі ён прачнуўся, сонца ўжо хілілася да гарызонту, сьвяціла залацістымі праменьчыкамі праз пульхную крону. Галава балела, зьвінела. «Зноў я ўсё праспаў! Прыйдзецца начаваць у бабулі». Ён змрочна павёў ровар за рогі. Неба наперадзе было глыбокае, сіняе. Павеяла слабым ветрам, гаркаватым пахам сухіх траў. Лявон зрабіў колькі глыткоў соку і пакаціў наперад – хутка, каб не сустрэць ноч у полі. «Але ж добры ровар мусіць мець фару. Рыгор паленаваўся».

1 ... 67 68 69 70 71 72 73 74 75 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)