Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
Калі Лявон, абдымаючы Алесю за плечы, абвясьціў пра іхнае вырашэньне маме, тая заплакала. Яна адвярнулася і прасіла дараваць сьлёзы, бо яны з радасьці. «Якая ж ты шчасьлівая, Лесенька», – мама ўзяла Алесю за руку і ўважліва разглядала ейны твар. У прастрацыі, перапоўнены каханьнем, Лявон назіраў, як Алеся, ані не зьбянтэжаная, усьміхалася маме. Мабыць, яны разумелі адна адну. І праўда – быццам ілюструючы іхнае паразуменьне, мама сказала, што трэба дачакацца вяртаньня бацькі і Міколы. І ў чарговы раз з крыўдай узгадала непрыстойныя Рыгоравы ўцёкі.
Але неўзабаве Лявон выявіў – па водгуках на некаторыя свае словы, па намёках, абмоўках і недамоўках – што насамрэч і Алеся, і мама гатовыя да вясельля, а тата і бацька – толькі фармальнасьць, даніна паваге, якую патрэбна часам выказваць. І ён, узяўшы ўладу ў свае рукі, прызначыў вясельле на суботу. Прызначэньне прагучала непераканаўча, як яму здалося, але жанчыны ўспрынялі яго сур'езна і нават з пашанай. Яны заўвіхаліся. Мама загадала Лявону дастаць з гарышча швейную машынку і засела за шлюбную сукенку. Алеся склала сьпіс страваў і занялася нарыхтоўкамі, адначасна расхажываючы навюткія туфлі, каб не мулялі ў вясельны дзень. Лявон прапанаваў Алесі дапамогу, але ў адказ яна прапанавала не перашкаджаць і заняцца сваімі справамі. І зьмякчыла адмову пацалункам.
Лявон ня ведаў, якія ў яго могуць мецца справы, і павольна сноўдаўся па саду, па хаце. Сеўшы на ложак, ён гартаў дзіцячыя кніжкі, напаўзабытыя, амаль чужыя, з абшарпанымі, распластованымі ад часу куткамі кардонавых вокладак. Расьцягваўся на сьпіне і, закінуўшы рукі за галаву, кранаў прахалодныя мэталічныя дубцы падгалоўя. Глядзеў у патрэсканую столь. За сьцяной, у мамчыным пакоі, зь перабоямі стукала швейная машынка. Каб не заснуць, скідаў ногі на падлогу і йшоў на кухню, дзе выразна цікаў стары гадзіньнік у двайной драўлянай аправе.
У чацьвер, калі ён стаяў ля кухоннага вакна, гледзячы на яблыню ў гародзе, зазваніў тэлефон. Лявон сьцепануўся. У поўнай цішыні, у перапыненьні швейнае машынкі, званок паўтарыўся. Раней тэлефон заўсёды маўчаў. Мама крыкнула яму з пакоя, каб ён узяў слухаўку, мабыць, гэта з ЗАГСа. Слухаўка была гладкая і цяжкая. «Але як яны даведаліся пра наша вясельле?» – усумніўся Лявон.
– Алё? – сказаў ён у плястмасавыя дзірачкі.
– Алё, Лявон? – гукнуў далёкі голас.
– Так, гэта я.
– Добры дзень! Гэта Пятрусь! Нарэшце я вас знайшоў!
– Добры дзень... – Лявон быў разгублены; Пятрусь здаваўся яму нейкім невыразным успамінам, кшталту дзіцячых кніжак.
– Дзе вы, Лявоне?
– У маці... Гэта мястэчка Кляновіца.
– Цудоўна! Няўжо праўда? Я так і меркаваў – вы абавязкова мусілі паспрабаваць зьведаць матэрыяльнасьць сьвету па-за межамі Менску. Я памятаю нашу гутарку! Вельмі ўзрушаюча, даражэнькі Лявоне! Вы зрабілі найвялікшае навуковае адкрыцьцё!
Лявон паціснуў плячыма: залішнія захапленьні Пятруся выклікалі ў яго непрыязнасьць. Ён хацеў запярэчыць, але Пятрусь не даваў яму адчыніць рот:
– Мне прыйшлося нямала пабегаць, каб знайсьці вас, калега: я зьвятраўся і ў міліцыю, і да лекараў з хуткай дапамогі, і да клеркаў з пашпартнага аддзелу! І толькі ў дэканаце вашага ўнівэрсытэту мне далі хоць нейкія зьвесткі. І вялікі посьпех, што ваш інстытут трапіўся мне па шляху, і я зайшоў у яго, наўгад. Вы ж не сказалі мне, дзе менавіта вучыцеся. Потым я пабываў у вас дома, так-так! – ён шчасьліва засьмяяўся і прасьпяваў: «Da ist meiner Liebsten Haus!» – Дзьверы былі адчыненая, і я трохі агледзеўся, спадзяюся, вы ня супраць? І я ўжо зусім істраціў надзею. Гэтак і зьмеркаваў, што вы выйшлі зь Менску і цемра вас паглынула. Вы ж чулі? Некаторыя містычна наладжаныя людзі лічаць, што Менск атачае вакол сама сапраўднае пекла. Ха-ха, ці смажаць ужо вас на патэльні, Лявоне, прызнайцеся? А сёньня да мяне дайшла вестка пра папраўку тэлефонных лініяў, дык я падумаў: чаму б не? Чаму не патэлефанаваць вашаму бацьку? Нумар мне таксама далі ў дэканаце. І вось нарэшце – посьпех!
Пятрусь перапыніўся, і Лявон адчыніў рот, каб нешта сказаць, але ў галаве было пуста.
– Я неўзабаве ажанюся, – паведаміў ён будзённа.
– Лявоне! – паклікала мама з пакоя, – З кім гэта ты? З ЗАГСам?
– Ага! – адгукнуўся ён.
– З кім гэта вы? – спытаў са слухаўкі Пятрусь, – Што значыць – ажанюся?
– Дзяўчыну сустрэў.
– Дзяўчыну?! – на баку Пятруся нешта дзынкнула, пэўна, ён трымаў у руках лыжку і праз захапленьне выпусьціў яе. – Лявоне, мае вушы мяне не падманулі? Вы сказалі – дзяўчыну?
– Так, – Лявон адчуў прыкрасьць, выразна ўсьведамляючы, што зараз пачнецца па-навуковаму бестактоўнае ўмяшаньне ў асабістае жыцьцё.
– Лявон, але ці вы ўпэўненыя, што ваша выбраньніца – дзяўчына насамрэч? У поўным, значыцца, сэнсе слова? Добра памятую вашае экспэраня з бабуляй... Гэтым разам вы пераканаліся? – Пятрусёў голас быў вельмі сур'ёзны, і гэта ўтрымала Лявона ад крыўды. Кепікаў ён бы не вытрываў.
– Пятрусь, я абсалютна ўпэўнены, што яна – асобіна жаноцкага полу, менавіта жаноцкага, – адказаў ён роўна. – Больш таго, тут бытуе і мая маці, яна таксама жанчына.
Пятрусь у вялікім хваляваньні пачаў выпытваць падрабязнасьці. Спачатку Лявон адказваў неахвотна, але паціху дасьледчае натхненьне Пятруся перадалася яму. Аднак гутарка доўжыўся занадта доўга, і ён баяўся, што маці зьдзівіцца, увойдзе ды будзе слухаць. Лявон не хацеў, каб яна даведалася пра ягоныя сувязі зь Пятрусём. Ён пачаў разьвітвацца, але Пятрусь не адпускаў яго, пераконваючы ў патрэбе новых пошукаў і спрабуючы зараз жа прадумаць іхную мэтадалёгію. Лявон мусіў паабяцаць Пятрусю, што ён сёньня ж прыступіць да экспэраняткаў. Пад канец акадэмік яшчэ раз выказаў захапленьне Лявонавымі здольнасьцямі і прадыктаваў свой нумар, наказаўшы тэлефанаваць удзень і ўноч і як мага больш сьпяваць.
Пасьля абеду – хоць калі строга, дык аніякага абеду не было, Лявон толькі выпіў шклянку соку – яны з мамай прасьпявалі «Зімовы шлях». Яна сядзела ў фатэле, паклаўшы на калені шыцьцё, а ён стаяў ледзь ззаду, трымаючыся рукой за сьпінку. Яны глядзелі на цагляную печку, глянцава-белую. Лявон уяўляў, што ля печы стаіць Алеся, павярнуўшы галаву да вакна, а пра што думала маці, зразумець было немажліва. Сьпяваць удваіх Лявону падабалася больш за ўсё – выходзіла вытрымана, але моцна. Бліжэй да канчатку песьні мама прасьлязілася; у апошні час яна лёгка плакала, без усякіх падстаў. Свае сьлёзы яна тлумачыла «так, проста так, Лёвутка», і ён перастаў пытацца прычыны і рабіў выгляд, што нічога не заўважае.
Пакінуўшы маму займацца выкрайкамі і вытачкамi, да якіх яна так прынадзілася, што закінула гарод, Лявон паехаў да Алесі. На жвіры ровар трэсла, шчыткі назойліва бразгаталі, але ён разганяўся хутчэй, і тады трасяніна мякчэла, а з напругі і з шуму паветру ў вушох мэханічныя гукі слабелі – заставаліся толькі імклівасьць і палі, што праплывалі міма. А зьверху яго суправаджалі вялізарныя і прыязныя аблокі – зусім як у ягоных ранейшых марах. «Як хораша! – думаў ён, – Можа, больш нічога і ня трэба? Рушыць над палямі, пад аблокамі, і прадчуваць сустрэчу. Што лепей – сама сустрэча або прадчуваньне?»
Увечары, гледзячы, як Алеся расчэсвае валасы шырокім драўляным грабянцом, а потым зьбірае іх гумовым пасікам, Лявон спрабаваў узгадаць малюнкі ў той кнізе пра мужчыну і жанчыну, што даваў яму глядзець Пятрусь. Але акрамя целаў з аголенай крывава-чырвонай мускулатурай ён анічога ня памятаў. Ягоная сьвядомасьць падвойвалася. «Жанчына ці не?» – сумняваўся ён і не разумеў, як разьвязаць гэтыя сумневы. І адначасна кахаў – да густых мурашак па сьпіне – пры выглядзе ейных паднятых рук, калі пад бледнай скурай праступалі вытанчаныя доўгія цягліцы. Яна павярнулася і спытала з жартаўлівай незадаволенасьцю – ці ён так і будзе жаніцца, з сусьлямі? Ад гэтага голасу яго абдало жарам. Яму стала цалкам зразумела, што абсьледаваць ейнае цела, як ён аднойчы абсьледаваў бабулькіна – дзея зьневажальная і блюзьнерская. Ён падумаў, што гэтаму не бываць. Дзеля навуковых пошукаў можна абраць іншую сфэру, хоць якую, трэба толькі перамкнуць увагу Пятруся.