Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
Лявона разбудзіла песьня, звонкая і незнаёмая. Павекі моцна зьліпліся, і ён нецярпліва цёр іх пальцамі, каб хутчэй пабачыць сьпявакоў. Адчыніліся! Вакол зьзяла раніца, ледзяная, але такая ярка-сонечная, што было б ганебнай кволасьцю не пацярпець холаду яшчэ трошкі. У ста мэтрах ніжэй Лявона з-за павароту дарогі жанчыны ў нейкіх незвычайных шапках. Пакрывіўшыся зь нечаканага болю ў сярэдзіне і каленях, ён адарваўся ад наседжанага месца і, прыгнуўшыся, схаваўся за скалой. Кабеты не заўважылі яго, працягваючы набліжацца і сьпяваць. Па рытму і мэлёдыі Лявон пазнаў раньняга Шубэрта, перыяду «Прыгожае млынарыхі». Асьцярожна высунуўшыся, ён разгледзеў жанчын: чарнавалосыя, кучаравыя, убраныя ў свабодныя атласавыя сукенкі, шырокія шаравары і размаляваныя туфлі з доўгімі загнутымі насамі, яны несьлі на галовах гліняныя збаны, падтрымваючы іх адной рукой, а другой рукою рабілі на ўзроўні сьцёгнаў плыўныя рухі ў тахт сьпева.
Калі яны наблізіліся, Лявон, сьціскаючы заплечнік, перамясьціўся за скалой, каб застацца незаўважаным. «Хавайся, ці будзеш абсьмеяны! Што боль зьневажальнае? – думаў ён з тужлівай злосьцю. – І навошта цягнуць збаны на горы? Сустракаць сьвітанак? І што ў іх там?» Нясьцерпна захацелася чхнуць, і ён, заціснуўшы далоньню нос і рот, накіраваў чых унутар, дзе той выбухнуў бязгучнай і хваравітай глыбіннай бомбай. Абцершы сьлёзы, Лявон выглянуў: жанчыны мінулі перавал і спускаліся, ужо па калена на тым баку. Ён ціха выпрастаўся і пасьпяшаўся ўніз.
На яркім сонцы хутка цяплела, але Лявон пачуваўся зусім кепска. У вэртыкальным становішчы нязручна ныла сьпіна, бесьперапынна цёк цёплы струменец з носу, праз кожны крок тупа балела галава, а сьвятло рэзала вочы. Ён паспрабаваў засьпяваць пачутую толькі што песьню, матыў якой яшчэ блукаў у ягонай галаве, і гэта крыху дапамагло. Паабапал ізноў зьяўляліся дрэвы, усё больш густыя і высокія па меры спуску, трава, дробныя кветкі, стракатыя матылькі. За далёкім узгоркам зьявіўся і зьнік невялікі гастраном, даляцеў мерны кліч пеўня.
Суставы патроху расьцерліся, і хада перастала быць занадта пакутлівай. Лявон успомніў сваю старую забаўку, уяўную мапу з накрэсьленымі траекторыямі руху, і прыйшоў у захапленьне зь дзёрзкае даўжыні лініі, якую пракладаў зараз. «А колькі часу змарнавана на Менск! Лянівае таптаньне! Гады, цэлыя гады», – ён адчуваў адначасна прыкрасьць за гэтыя гады, патопленыя ў несьвядомай мінуласьці, і радасьць за гады будучыя, што ўрачыста ўзьнікалі з-за гор і гарызонтаў.
Ён нарваў апэльсінаў, што расьлі на дрэвах ля самой дарогі, і, адкусваючы ім тоўстыя горкія азадкі, выціскаў сок у закінуты рот. Гэта было ані не смачнейшым за фабрычныя пакункі, дый у прыдачу нязручна, неахайна і са сьлізкімі косткамі – але ўсё акупляла экзотыка. Дзеля акуратнасьці засыпаючы туфляй у пясок выціснутыя цельцы апэльсінаў, Лявон думаў пра Алесю – як яна там? Хвалюецца, шукае? Ці яны з мамай застылі ў час ягонае нябытнасьці, як лялькі, склаўшы на каленях рукі і ашклянеўшы вачыма? Ці яны наогул толькі галюцынацыі, застудавыя міражы? І што лепей: абдымаць за плечы і трымаць у руках рукі? Ці марыць, сумаваць і таміцца на адлегласьці? Намагаючыся параўнаць, ён задуменна йшоў далей, уніз і ўніз.
Па меры выдаленьня ад гор паветра зноў распалялася, дрэвы зьнікалі, трава ссыхала і адрывалася ад зямлі пад гарачым ветрам. Лявон разгортваў мапу і задзіраў галаву да зэніту, да сонца, ў надзеі вызначыць поўдзень з поўначчу. На мапу з шамаценьнем сыпаліся пясчынкі і заставаліся ў папяровых зморшчынах, ўжо пасьпеўшых зашкуматацца. Вецер дзьмуў пяском у твар, і Лявон спачатку хаваў рот і нос у кашулю, нацягваючы гузік на нос, а потым зьняў яе і ўкрыў усю галаву, пакінуўшы вузкую шчылінку для агляду. Але акрамя бясконцых пескавых хваляў аглядаць не было чаго, і праз колькі хвілін ён самкнуў і шчылінку. Кашуля атуліла яго роўным белым сьвятлом, сьвіст ветру сьціхнуў, подых адбіваўся ад тканіны і горача вяртаўся да вуснаў. Яму ўспомнілася, як ён некалі, яшчэ ў цётчынай кватэры, любіў засынаць – на сьпіне, нацягнуўшы на галаву прасьціну. Тут Лявон вельмі дарэчы спатыкнуўся, страціў раўнавагу і нязграбна паваліўся ў мяккі пясок. «Знак, што пара адпачыць», – ён зьняў заплечнік, перавярнуўся на сьпіну і расьцягнуўся, парухаўся, падраўняўшы пясок пад выступы цела.
Хтосьці крануў яго за плячо, і Лявон, вярнуўшыся са сну, таропка зашукаў, замацаў самкнутую шчылінку, затрос галавой. Кашуля ўпала, сонца ўдарыла па вачох. Над ім навісла постаць, загорнутая з галавы на пяты ў чорнае, выразна жаноцкая. Лявон няёмка ўскочыў, небясьпечна нахіліўся ўбок, але выстаяў. Галава хваравіта кружылася. За постацьцю чакальна спыніўся караван гарбатых вярблюдаў, па жанчыне на сьпіне. Паміж чадрой і чалмой кожнай з жанчын бліскалі бялкі. «Як ім ня горача ў чорным?» – падумаў Лявон, падхапіў заплечнік і кінуўся бегчы. Ён ня памятаў патрэбнага кірунку і бег кудысьці прэч ад жанчын і вярблюдаў. Грудзі і плечы нясьцерпна паліла, і, зірнуўшы на сябе, Лявон спалохаўся – праз сон пад сонцам скура набыла пагрозьліва чырвоны колер. Ён азірнуўся: яго не перасьледвалі, толькі глядзелі нерухома ў сьпіну, як кобры.
Прыкладна праз гадзіну, зь цяжкасьцю падняўшы каламутную галаву, ён убачыў удалечыні Акадэмію Навук, зыбкую са сьпёкі, а крыху збоку – бібліятэку. Будынкі мелі недарэчна аднолькавую вышыню, і пэўна былі безнадзейнымі міражамі. Лявон з тугою ўспомніў бібліятэчны буфэт з доўгім шэрагам сокаў на барнай паліцы і больш не ўздымаў галавы, каб не цьвяліць душу.
Ён ішоў да тога ўпарта і да тога цярпліва сьціскаў зубы, што ў нейкі момант сонца здалося і пачало апускацца.
7. Як Рыгор зьдзейсьніў рэцэдыў
Пакінуўшы негасьцінную Чэхію, Рыгор накіраваўся ў Нямеччыну. Дзе шукаць цёплы прыём, калі не на бацькаўшчыне сваіх улюбёных кампазытараў? «Зь немкамі хоць будзе пра што пагутарыць! Бэтховэн, Вагнэр, Малер... А Шубэрт! Шубэрт! Дый машыны ў іх сур'ёзныя. Мэрсэдэс! – ён пацмокаў. – А піва? Нямецкае піва мусіць хвацкае! Хоць кажуць, што лепшае ў сьвеце піва – чэскае, але я гэтага не адчуў», – помсьліва думаў Рыгор. Ён бадзёра крочыў палямі, лугамі, гаямі, з кашлем ды сьпевамі.
Колькі разоў зьвінеў тэлефон, прыемна разбаўляючы адзіноту. Першым быў спэцназавец Сяржук, які абвясьціў, што адшукаў нумар Рыгора, і на гэтай падставе запатрабаваў здавацца. Рыгор зарагатаў, сказаў спэцназаўцу грубыя і непрыемныя словы дый вымкнуўся, са злосным высілкам надавіўшы чырвоны гузік адбою. І адразу пашкадаваў: чаму не пагаварыў з жывым чалавекам? «Мала што там у мінуласьці было – усё можна паспрабаваць выправіць. Ну нічога, патэлефануе яшчэ». І праўда, неўзабаве тэлефон ізноў задрыжаў і запішчаў: нейкі дзядзька з задышкай тэлефанаваў па рэкамендацыі сяброў і прасіў паглядзець сваё аўто – праблемы з рухавіком. Рыгор учапіўся ў дзядзьку, пачаў выпытваць у яго ўсе найменшыя падрабязнасьці, не пагарджаючы нават ягонымі дылетанцкімі здагадкамі і домысламі. Хвілін празь пятнаццаць у слухаўцы пікнула, і размова перапынілася – мабыць, у суразмоўцы скончыліся на рахунку грошы.
Рыгор агледзеўся: палі, лугі, гаі, скрыжаваньне з бляшаным паказальнікам. Направа – Франкфурт, налева – Штутгарт. Не пасьпеў Рыгор сьцяміць, куды накіравацца, як тэлефон зазваніў зноўку. Гэта быў я. Я ўжо ведаў, што Рыгор ува ўцёках, і не выказваў ані патрабаваньняў, ані пагрозаў. Толькі нясьмела распытваў – як яно там, за мяжою?
– Дык нічога асаблівага, Піліпу! Тое ж трасца, што і ў нас. Бабы хоць ёсьць, але ўсё нейкія адурэлыя. Аднак частуюць нядрэнна, нічога не скажу. Флякі, зразы ўсялякія, смачна! Дый ты дарэчы сам можаш дзе хочаш пабываць, чуеш? Нафіга табе гэты пашпарт? Сядай у машыну, дый едзь – дзень у дарозе, і ты на месцы! Ты наогул у якую краіну масьціўся?