Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
Пасядзеўшы, ён расклаў мапу на пяску, знайшоў Менск і прачарціў пальцам лінію да Чорнага мора. Ці да Азоўскага? «Ну, усё роўна. Куды далей? – Лявон павёў пальцам уверх, павёў уніз. – Мо паспрабаваць у Індыю?» Ён пачаў вылічаць, колькі часу спатрэбіцца: замерыў адлегласьць паказальнікам, атрымаў чатыры дні і дадаў яшчэ адзін на хібы і блытаньні. Да Індыі, зь ейнымі сланамі, раджамі, сьвятымі, Лявона заўсёды цягнула. У часопісах пра Індыю пісалі рэдка, і гэта толькі дадавала ёй таямнічасьці і прыцягальнасьці. «Так! Можа, менавіта там трэба шукаць усе адказы? Можа, навуковы шлях – гэта толькі блуканьне ў цёмным пакоі? І адкрыцьці, якімі мы ганарымся, такія ж нязначныя, як намацаньне ўпоцемку зэдлічкаў ды кветкавых гаршкоў? Можа, ёсьць іншы шлях да кухні, роўны і сьветлы?» Думаючы так, Лявон прылёг на бок, падтрымваючы галаву далоньню, і глядзеў то на вялізарны морскі гарызонт, то на дробныя, пляскатыя хвалі ля сваіх ног.
Ён прачнуўся рыхтык перад заходам сонца, умыўся шумавой хваляй, прачысьціў нос і, раззлаваўшыся на чарговую страту часу, зноў правёў пальцам па мапе. Направа – Румынія, налева – Расея. Да мокрага пальцу ліплі маленечкія пясчынкі. Праз Расею выходзіла значна бліжэй. Пад канец ён яшчэ раз паглядзеў направа, на бадай што пусты і зацішны пляж, зь якога цягнуліся парамі-тройкамі жаночыя постаці, склаў мапу ў заплечнік, падняў ровар і рушыў.
Спрасонку ісьці пяском было няёмка, ногі загразалі, зьязджалі ўбок, але неўзабаве ён выбраўся на дарогу і, падрабязна высмаркаўшыся, пакаціў. Перад ім, уздрыгваючы на няроўнасьцях пяску і паціху падаўжаючыся, бег ягоны цень, і Лявон шкадаваў, што ня едзе тварам да сонца. Там было казачна прыгожа! Лявон абарочваўся і назіраў на чырвоны дыск, які асядаў да гарызонту і павольна цьмянеў, але руль адразу пачынаў ухіляцца, пагражаючы стратай раўнавагі і ўпадкам. Азірнуўшыся ў дзясяты раз і ледзь не заваліўшыся набок, ён рассудзіў, што рызыкаваць здароўем нельга – раптам ён паваліцца і зломіць нагу? – лацьвей дачакацца паўнавартаснага заходу, спыніцца і глядзець. Лявон засяродзіўся на дарозе, прыгнуўся да руля і намагаўся круціць понажы роўна і моцна. Ягоныя ногі прыкметна адужэлі за апошнія дні, і адпачываць хацелася ўсё радзей. Дарога шырокай дугою загіналіся направа, аддаляючыся ад мора, і патроху падымалася. Пясок ператвараўся ў глебу, камянеў. Міма мільгалі сухія хмызьнякі, праплывалі нізкія, рэдкія гаі.
Абмінаючы адзін з гаёў, Лявон пачуў наперадзе дружны сьмех. Замёршы понажамі, ён амаль бязгучна, з хвацкім шоргатам шынаў, вылецеў за паварот. Здаецца, гэтых дзяўчат ён ужо сустракаў: ільняныя сукенкі зь яркімі арнамэнтамі, чырвоныя хусткі, сярпы ў руках. Цяпер яны йшлі насустрач і, згледзеўшы Лявона, ахвотна засяродзілі свой сьмех на ім. Пераглядаліся, перагаворваліся і пырскалі. Спрабуючы захаваць вартасьць, ён ліха затармазіў і сьпешыўся.
– Добры вечар! Падкажыце, калі ласка, я яшчэ ўва Ўкраіне ці ўжо ў Расеі? – спытаў ён і адразу ж пашкадаваў: дзяўчыны спыніліся і заліліся сьмехам, нешта неразборліва кігікаючы і паказваючы на яго пальцамі. Адна зь іх, рослая, русявая, з тварам у дробным рабаціньні, ступіла да яго і тхнула пальцам у грудзі:
– А цябе як зваць, ягамосьці?
Ейная інтанацыя зьмяшчала нейкі гідкі, зьневажальны намёк, і сяброўкі проста ўзвылі з рогату. Яна нахабна глядзела наўпрост яму ў вочы і была вызначана п'яная. З абрыдай, ня кажучы больш ані слова, Лявон адвярнуўся, стаў на понаж і штурхнуўся ад зямлі. Але шыны здрадніцкі патрапілі ў пескавы струмень, і ровар застыў, ганебна і бездапаможна. Скрыгочучы зубамі на сьмех, віск і невыразныя воклічы, ён упарта цягнуў ровар і, намацаўшы нарэшце цьвёрдую глебу, зрушыў. Паціху набіраючы хуткасьць, ён уяўляў, як за сьпіной вырастаюць каменныя сьцены, горы, і непераадольна адлучаюць яго ад жудасных дзевак. Праз колькі хвіляў моцных кручэньняў і рытмоўнага дыханьня сьмех пачаў заціхаць. Лявон уздыхнуў, выпрастаўся і ўзьняў галаву.
Вакол распасьціраліся камяністыя пагоркі, парослыя лінялай траўкай, а дзе-нідзе зь зямлі выступалі невысокія даўгаватыя скалы. Цень перад ім непрапарцыйна выцягнуўся, зрабіўся карычневы, і, павярнуўшыся, ён засьпеў сонца ўжо ля самога гарызонту. Дарога йшла ўверх з добрым ухілам, і для захаваньня хуткасьці ногі па чарзе напружваліся, нібы незалежны ад Лявона мэханізм. «Калі паднімацца спрытна, дык можна апярэджваць заход і не даваць сонцу апусьціцца!» – гэтая новая дасьледчая ідэя натхніла Лявона, і ён націскаў на понажы з усіх сілаў. Неўзабаве ён наскрозь змакрэў і задыхаўся, але хітрык атрымаўся: сонца завісла над гарызонтам і больш не апускалася, толькі налівалася чырвоным і губляла дзённую яркасьць.
Патроху дарога канчальна скамянела, ехаць стала цьвёрда, дрогка, званок бязладна брэнькаў, сядло падскоквала, але Лявон сьціскаў зубы і налягаў на понажы. «Ваенна-Грузынская дарога», – прачытаў ён на самотным сінім паказальніку, і парадаваўся, што рухаецца як мае быць. Але скалы па абодвух бакох зьяўляліся ўсё часьцей, рабіліся ўсё вышэйшыя, і ўжо бадай засьцілі сонца. Трэба было выбіраць: спыніцца і назіраць заход зараз ці рызыкнуць, паднапружыцца і дасягнуць найвышэйшага пункта – перавала, які ўжо віднеўся далёка наперадзе. Тонкая стужачка дарогі ўзьнімалася на седлавіну вялізарнае гары, што магутна ўзвышалася над суседнімі, і адтуль, пэўна, адкрываўся найлепшы з усіх мажлівых відаў на захад. «Ірвану!» – наважыўся Лявон, затхнуў адну ноздру пальцам і ліха высмаркаўся на абочыну. Учапіўшыся ў руль, ён люта ўціскаў понажы ўніз, уніз, у думках дапамагаючы сабе ды ўяўляючы, як нябачная рука штурхае яго ў сьпіну, і ровар нясецца ўсё хутчэй і хутчэй. Каменьчыкі ляцелі з-пад колаў, вецер сьвістаў у вушох, пот ліў па скроням і па сьпіне, дыханьне зрабілася рэзкае і балючае. Азірацца на хаду ўжо не было сілаў, але ён адчуваў, што яшчэ пятнаццаць, дзесяць, пяць хвілін – і ён уляціць на перавал.
Але тут кола сьлізганула па нечаканаму каменю, які скаціўся са скалы на сярэдзіну дарогі, руль тузануўся, нага саскочыла з понажа, і Лявон з усяго размаху паляцеў на зямлю. Ён прызямліўся ўдала, бадай мякка – на плячо і сьцягно, і адразу скочыў на ногі, адплёўваючыся ад пылу. Але ровару не пашанцавала – руль скрывіўся, пярэдняе кола непапраўна сагнулася і шчыльна засела ў відэльцы, правы понаж адламаўся і валяўся наводдаль. Лявон адвярнуўся.
Да перавалу заставалася колькі сотняў мэтраў, але цень бліжэйшае вяршыні, абеленае сьнягамі, ужо амаль захінуў верхні пункт дарогі. Яшчэ можна было пасьпець, і Лявон пабег наперад, потым успомніў заплечнік, вярнуўся, са злосьцю сарваў яго з багажніка і, выціскаючы рэшткі сілаў, кінуўся да перавалу. Сонца зычліва дачакалася яго: калі ён з хрыпам дасягнуў змазанае мяжы сьвятла з ценем і павярнуўся, яно рыхтык закранула гарызонт. Мора засталося далёка ззаду, і астыгаючы дыск садзіўся за пагоркі; ягонае гарачыні яшчэ хапіла на тое, каб распаліць тонкую лінію аблокаў. Сонца таксама стамілася ад гонкі і цяпер раставала на вачох – Лявон толькі аддыхаўся, калі апошняя ягоная рыска ўжо згасла, пакінуўшы за сабой трывожнае зарыва.
Паветра пахаладзела. Вечаровае сьвятло імгненна згусьцілася да мутнага зьмярканьня і, не спыняючыся, усё слабела ды слабела. Зарыва сьціскалася, бляднела, саступала месца цёмна-сіняму ночнаму небу, і Лявон захоплена назіраў зьяўленьне незвычайна буйных і яркіх зорак. Вельмі скора ён задубеў і, абхапіўшы сябе за плечы, пайшоў наперад, шкадуючы пра пакінутую дома куртку. Дарога спускалася ўніз, і Лявон паскорыў крок у надзеі, што ў даліне стане цяплей.
Але неўзабаве цяпло засталося толькі пад заплечнікам на сьпіне і пад скрыжаванымі на грудзёх рукамі. Яго абступаў зімовы холад. З-за гары выплываў ледзяны месяц зь сіняватымі плямамі на целе, і ў яго сьвятле Лявон з жахам назіраў белы пар, які выходзіў зь ягонага рота. Па скуры прабягалі дрыжыкі, да сэрца падступала паніка. Угаворваючы сябе, што нічога дрэннага здарыцца ня можа, што неўміручасьць гарантаваная, ён збочыў да прыдарожнае скалы, спрабуючы разгледзець у змроку лагчынку ці пячэрку, прыдатную начаваць. Скала трапілася з усіх бакоў выпуклая, а шукаць іншую ўжо не было сілаў. Лявон абмацаў рукамі камень у пошуках рэшткаў дзённага цяпла, і сеў наўпрост на зямлю. Ссунуўшы заплечнік на грудзі, ён прываліўся сьпіной да скалы, разьлічваючы пакрысе яе ўгрэць, і заціх. Месяц выплываў усё паўней, і месяцовы цень лісьліва насоўваўся на ягоныя пыльныя туфлі.