Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
– Чакайце! Усё добра! Можам і на «вы», калі хочаце. Давязіце да гораду, я заплачу.
Яна грэбліва адказала, што ня мае патрэбы ў грошах. «Дурніца», – зразумеў Рыгор, і, не ўступаючы ў размовы, каб не парушыць ейную слабую, невідавочную згоду, ён зьбегаў па торбу, расчыніў дзьверцы і паклаў яго на бэжавае сядзеньне. У салёне салодка пахла парфумай. Яна нецярпліва павярнула твар, але Рыгор не сьпяшаўся садзіцца. Нагнуўшыся ў салён і дакранаючыся патыліцай мяккае столі, ён нявінна папрасіў ад'ехаць мэтраў на пяцьдзесят наперад і пачакаць яго там.
– Навошта?
– У мяне тут вогнішча, трэба яго пагасіць! Шкада, вады няма, дык прыйдзецца карыстацца ўнутранымі рэзэрвамі арганізму... Разумееце?
Яна гідліва адвярнулася ад яго і паклала далонь на рычаг. Хоць торба была поўная грошай, Рыгор не хваляваўся і ведаў, што зараз яна ўжо ня зьедзе. «З пагарды ня зьедзе, – думаў ён задаволена, заліваючы вогнішча, – Зьехаць з маёй торбай значыла б для яе прызнаць каштоўнасьць торбы, а сьледам і мой статус гаспадара каштоўнасьці». Вогнішча яшчэ дымілася ў сярэдзіне, але зямля вакол вільготна цямнела. Рыгор зашпіліўся і пайшоў да машыны. «Шкода, бач ты... А грыбы? Але ж яна можа выкінуць торбу і зьехаць!» Ён паскорыў крок і пасьпеў. Апускаючыся на сядзеньне, разгледзеў кабеціну: вольны чорны гарнітур, які зусім хаваў грудзі, худыя калені, касьцістыя рукі з чырвонымі кіпцюрамі. Яны рушылі. Шкода імчалася мякка і ціха, з кандыцыянэра веяў духмяны ветрык.
– Хочаце анэкдот? – парушыў маўчаньне Рыгор. Яна не запярэчыла. – Калісьці даўно і прастора, і час мелі па два вымярэньні. І вось аднаго разу сустрэліся яны пасьля абеду, пагаманілі-пагаманілі, а потым прастора кажа: давай хто хутчэй да тога дрэва дабяжыць? У заклад на адно вымярэньне? Ну давай! І пабеглі. Звычайна яны аднолькава бегалі, але зараз час – хлабысь! – і паваліўся, на матузок наступіў. Пакуль абтросься, туды-сюды, а прастора ўжо ля дрэва. Ну што, кажа, ягамосьці? Аддавай адно вымярэньне, каб па сумленьню. Потым адыграесься. Пабедаваў-пабедаваў час – ды куды дзенесься? Аддаў. І стала ў прасторы тры вымярэньня, а ў часу толькі адно засталося.
– Самі прыдумалі? – спытала яна холадна, ня гледзячы ў ягоны бок.
– Ага. Як вы здагадаліся?
– Прыкметна.
– Ну... – ён ня ведаў, што сказаць, і паспрабаваў пацешыць яе развагамі. – Уявіце, калі б у часе было два вымярэньня, га? І мажлівасьць накіраванага руху? Направа-налева, га?
Яна не адказвала, зрабіўшы выгляд, што засяродзілася на дарозе. Як на погляд Рыгора, дык засяроджвацца было зусім не на чым: ізноў пачаўся гладкі асфальт са спраўнымі белымі слупкамі паабапал. Ён зьдзіўляўся, чаму яна так напышліва паводзіць сябе зь ім. Можа, баіцца? Нягледзячы на худзізну, яна здалася яму прывабнай, і ён намагаўся прыдумаць новую тэму гутарыць. «Трэба расказаць, што я – аўтасьлесар. Хоць нешта ды знойдзецца ў ейнай Шкодзе, што патрабуе ўвагі спэцыяліста». Але толькі ён адкрыў рот, намасьціўшыся пачаць, як у кішэні затрымцеў і засьпяваў мэлёдыю тэлефон. Дужа зьдзіўлены, ён мітусьліва заварушыўся, выкалупваючы мабільнік з тугое джынсавае кішэні. Хто гэта?
– Алё? – мовіў ён асьцярожна, нарэшце дастаўшы мабілку.
– Здароў, Рыгору, – сказаў я.
– Здароў... Гэта хто?
– Не пазнаў? Багаты буду, – я засьмяяўся. – Гэта Піліп! Як тэлефоны папраўляць, дык ты памятаеш пра мяне, а як мне што спатрэбіцца – ужо і не пазнаеш. Куды зьнік?
– Дык я гэта... – Рыгор сутаргава цяміў, што скласьці. Сказаць пра вязьніцу і пра зваду з уладай? Ці не казаць? Пра застуду? Пра празарэньні? – Дык я тут выехаў па справы, разумееш... А ты што, наладзіў сувязь, значыцца?
– Ужо тыдзень як адрамантаваў! Чакаў цябе, чакаў, а ты кудысьці запаў. Памятаеш, што абяцаў мне?
– Памятаю, вядома. Зробім, пане Піліпу, усё зробім! – Рыгор акрыяў і загаварыў упэўнена і пераканаўча. – І прозьвішча зьменім, і ў загран выправім. Пацярпі трошкі, як толькі вярнуся – адразу да цябе.
– Глядзі, Рыгорку, я ж магу і назад усё сапсаваць, – змрочна пажартаваў я.
Рыгор запэўніваў мяне ўсё больш маляўніча – жаноцкае суседзтва яго натхняла. Годны, сталы, пачуцьцёва хрыплаваты. Я пакрысе супакоіўся і ўрэшце разьвітаўся. Рыгор з палёгкай пікнуў гузікам адбою і зірнуў на кабету. Як яе завуць, дарэчы? Трэба даведацца. Яна быццам адчула гэта – пакасілася на яго і спытала, дзе спыніць. Ён ускінуўся: за шклом і запраўды ўжо праплывалі вечаровыя прадмесьці.
– Дык недзе ля крамы... Каб павячэраць. А скажыце, вам аўтамэханік не патрэбны?
Пытаньне прагучала недарэчна, і яна адмоўна паківала галавой, нават не ўнікаючы ў сэнс. Рыгор злосна сьцяў зубы, адвярнуўся і пачаў шукаць за вакном ядомую шыльду. Было б нядрэнна даведацца, Варшава гэта ці яшчэ не, але ён падумаў, што больш рота не раскрые. Звонку мільгалі акуратныя цагляныя хаткі з асьветленымі дзе-нідзе жоўтымі акенцамі, насустрач праносіліся чыстыя рознакаляровыя аўтамабілі. У горле знаёма заказычыла, і ён пачаў перхаць. Апошнімі днямі кашаль рабіўся ўсё больш непрыемны, і ў час прыступаў невыразна балела ў глыбіні грудзяў. Пакуль ён, ашчаперыўшы сябе рукамі, кашляў, машына спынілася.
– Вось тут можаце павячэраць. Зьешце гарачага супу, –ейны голас жаласьліва памякчэў.
Рыгор коратка падзякаваў і, працягваючы кірхаць, нібы дзед, выбраўся на выкладзены шэрай брукаванкай ходнік. Ён яшчэ спадзяваўся, што яна спыніць яго і скажа пару замірэнчых слоў, ці нават... Але дзьверы бразнулі, і джып, глуха рыкнуўшы, зьехаў.
Ён стаяў перад трохпавярховай будынінай, памаляванай у вясёлыя квадраты. Брама бліжэйшага пад'езду была гасьцінна расчыненая, а над ёй вытанчанымі рукапіснымі літарамі значылася: Рэстарацыя «Сьмятана». Да гэтага часу Рыгору ніколі не даводзілася бываць у рэстарацыі, ён толькі чуў, што гэта адзначна дарагая забаўка, толькі для багацеяў. А тата расказваў яму, як аднойчы ў зухаватай маладосьці наведаў рэстарацыю і пакінуў там усю сваю месячную зарплату. «Вось жа стары хлус!» – зь цеплынёй уздыхнуў Рыгор і ўвайшоў. Насупраць уваходу зьмяшчалася барная стойка зь ярка асьветленымі шэрагамі пярэстых бутэлек, а направа сыходзілі шахматным парадкам разьбяныя столікі. Складзеныя хаткамі белыя сурвэткі, зялёныя вязаныя абажуры, мяккі і ўтульны сьвет.
Прыступ кашлю скончыўся, але Рыгор па інэрцыі кашлянуў яшчэ колькі разоў, і за стойкай яго пачулі. Зашамацела складзеная газэта, і зьявілася хостэс у строгім чорным строіку, са скураной тэчкай у руках. Невысокая, худзенькая, са сьветлымі, сабранымі ў хвосьцік валасамі і зьлёгку непрыгожым тварам, яна так спадабалася Рыгору, што ён адразу забыў пра напышліваю ўладальніцу джыпа. Хостэс прапанавала Рыгору выбраць месца па густу, і ён агледзеўся яшчэ раз і сеў на канапку ля вакна. На ейных грудзёх быў прышпілены квадратны бэджык з імём: Кацярына. Яна падала яму разгорнутую тэчку, дзе зьмяшчалася мэню з назвамі і фотаздымкамі страў, і запыталася, ці не прынесьці што-колечы адразу.
– Піва халадзенькае ёсьць у вас?
– Вядома! Якое вы хочаце?
Яна стала падрабязна пералічваць гатункі. Рыгор ня слухаў і глядзеў на ейны твар – як яна кажа. Вялікія вочы пазіралі нерухома і крыху дзіка, а кончык шырокага носа ледзь прыкметна рухаўся ў тахт з вуснамі. Ад крылаў носу апускаліся дзьве замілавальныя зморшчынкі. Вусны спыніліся, і Рыгор зразумеў, што яна ўсё расказала і чакае адказу. Ён папрасіў прынесьці сама першае па сьпісу. «Старапрамэн?» – удакладніла яна, кіўнула і пайшла. Рыгор гартаў мэню, але ні флякаў, ні зразаў, што спадабаліся яму ў Эвы, не знайшоў. Зрэшты, усе стравы былі падрабязна і апэтытна апісаныя, і праз адны толькі соўсы Рыгор пару разоў праглынуў. Часта трапляліся загадкавыя кнэдлікі, і, пакуль ён спрабаваў знайсьці іхную фатаграфію, Кацярына прынесла піва ў высокім куфлі. Яна паставіла куфаль на квадратную кардонку з напісам «Сьмятана», і, убачыўшы, што ён яшчэ вывучае мэню, наважылася сысьці.
– Каця! – паклікаў яе Рыгор, і яна паслужліва павярнулася. – Каця, чаму вы называецеся «Сьмятана»? У вас уся ежа са сьмятанай?
– Не, што вы! Гэтая назва – на чэсьць кампазытара Сьмятаны. Ведаеце такога? – проста адказала яна. – Хочаце, я вам зараз уключу ягоную музыку?