Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 68 69 70 71 72 73 74 75 76 ... 89
Перейти на страницу:

Ён ехаў. Паціху паветра халаднела, і Лявон нават зашпіліў верхні гузік кашулі. Паказалася адна, другая, трэцяя зорка, а потым яны высыпалі адразу ўсё. Лявон глядзеў на вечаровае неба, але рашчыняцца ў ім перашкаджаў непакой. Ён трывожыўся, пакуль зьнячэўку ня ўбачыў, як праз ізмрок мякка праступілі сьветлыя сьцены з жоўтымі квадрацікамі вокнаў. Гэта была хата, вельмі падобная да Алесінае – бяз плота, з трохкутовым дахам, з дымніцай пасярэдзіне. Ён збавіў рух і накіраваў колы да ганку. Званок гучна дзынькаў на купінах, і Лявон, які звычайна злаваўся на гэты гук, зараз радаваўся яму, бо саромеўся стукацца ў дзьверы і спадзяваўся, што гаспадары пачуюць яго вось так, быццам незнарок.

Дзьверы адчыніліся, і на ганак выйшла чарнявая дзяўчына ў белай сукенцы. «Алеся!» – стукнула ў Лявона ў грудзёх. Пранеслася думка, што ён нейкім цудам зрабіў крук і зноў апынуўся ля ейнага хутару. Ён пад'ехаў бліжэй і спыніўся, заціснуўшы раму паміж ног.

– Ты хто? – спытала дзяўчына. Гэта была не Алеся.

– Мяне завуць Лявон. Ехаў вось да бабулі дый заехаў кудысьці ўбок.

– Незвычайнае імя. Ты з Кіева? – адказала яна глыбокім пявучым голасам, – Мяне клічуць Зарана. Хочаш напіцца?

Лявон дробна патрос галавой – яго ахапіла моцнае пачуцьцё дэжавю. Ён адмовіўся вады і ўзіраўся ў твар Зараны, схаваны ў прыцемку. Пахла далёкім дымам, а можа палыном. Аднекуль з ночных палёў данёсься ледзь чутны сьмех, абрывак песьні.

– Хто гэта? – Лявон павярнуў галаву ў цемру.

– Дыўчыны сьпяваюць.

Яны памаўчалі. Там, адкуль далятала песьня, сьвяціўся агеньчык – дыўчыны запалілі вогнішча. «Водзяць карагод. І ўсе рыхтык Алеся, – падумалася Лявону. – Але гэта проста подла! Гэта насьмешка і зьдзек!» Ён ізноў паспрабаваў разгледзець Зарану, а яна адчыніла дзьверы і мэлядычна паклікала яго:

– Хадзем! Ты галодны, напэўна? Заставайся ў мяне начаваць, заўтра ўжо да бабусі паедзеш.

Лявон пакінуў ровар ля ганку і падняўся ў хату, дзівуючыся на музычнасьць тутэйшых жыхарак. Усярэдзіне было ярка і чыста. На белых сьценах стракацелі размаляваныя талеркі, тканыя кілімкі, сухія вянкі, малюнкі марыністаў з часопісаў; на стале, на падваконьніках і на камодзе стаялі сьвежыя букеты палявых кветак і мноства дробных лялек – касьцяных, парцалянавых, шкляных.

– Вось і хлеб зараз падасьпее!

Усьміхаючыся, Зарана пасадзіла Лявона за стол з вышытым абрусам, а сама нешта рухала ў глыбіні шырокае пячы. Лявон з палёгкай адзначыў, што да Алесі яна была падобная толькі валасамі. Ейная постаць была цяжэйшая, твар больш скуласты. Лявону карцела даведацца, куды ён патрапіў, але пытацца наўпрост і выглядаць дзіваком не хацелася. Прыйшлося хітрыць: ён спытаў, ці ёсьць у яе тэлефон, і яна зь некаторай крыўдай – думаеш, тут у нас зусім цывілізацыі няма? – паказала яму на жыцьцярадасна-жоўты апарат.

– Ці можна патэлефанаваць ад цябе ў Менск? Я хуценька, толькі скажу твой нумар свайму сябру, а ён ператэлефануе.

Зарана замахала рукамі: навошта! Гаварыце, колькі хочаце. Яна ня ведала тэлефонных кодаў і прынесла важкі сіні даведнік, абціраючы поўнай далоньню пыл з вокладкі. Лявон апусьціў тоўсты том на калені, адчыніў, і сумневаў не засталося – Украіна. Ён набраў нумар Пятруся, і той зноў узяў слухаўку пасьля першага ж гудку. Зарана займалася хлебам, і Лявон напаўголасу апісаў Пятрусю сваё падарожжа. Пятрусь закрычаў: «Украіна? Выдатна!» – ды так гучна, што Зарана зьдзіўлена азірнулася.

– Лявоне! – радасна ўсклікаў Пятрусь, – Вы ведаеце, што Сільвэстраў, аўтар нашых з вамі песень – менавіта ўкраінскі кампазытар? У мяне нарадзіўся проста шыкоўны плян! Лявоне, вы мусіце знайсьці там Сільвэстрава. Чуеце? Гэты чалавек валодае ключом да таямніцаў быцьця!

– Дык як жа я знайду яго, Пятрусь? Самі памяркуйце. Калі б хоць адрас ведаць.

– Прошча-ай, сьві-іце, прошчай-ай, зе-емле... – замест адказу Пятрусь гучна, з энтузіязмам засьпяваў адну зь іхніх упадабаных песень.

– Які вясёлы ў цябе сябар! Сьпявае па тэлефону, – засьмяялася Зарана, – Што гэта ён сьпявае?

– Лявоне! Што я чую! – вохнуў Пятрусь, – У вас там жаночы голас? Гэта праўда? Дайце, дайце ж мне зь ёю пагутарыць!

Лявон, раззлаваны абсурднасьцю становішча, падаў Заране слухаўку і пачаў нэрвова хадзіць па хаце. Пятрусь нешта вяшчаў ёй, а яна рагатала, упёршы руку ў моцны бок і закідваючы галаву. Потым яны засьпявалі дуэтам «Прошчай, сьвіце», і Лявон мімаволі заслухаўся ейным нізкім, але дзіўна пяшчотным голасам.

Калі песьня была дасьпяваная, Зарана вярнула была слухаўку Лявону, але ён матнуў галавой – ня трэба. Размаўляць не хацелася. Ён выглядаў такім стомленым, што Зарана бязь лішніх пытаньняў паслала яму ў суседнім пакоі. Лявон распрануўся, склаў адзеньне на столец і апусьціўся ў ложак. Пярына прыняла яго мякка, прахалодна і глыбока. «Парушэньні тапалёгіі, – ляніва думаў ён, ласкаючыся плячом аб пухоўку. – Нелінейнасьць прасторы. Гадзіну-другую ехаць на ровары – і ты ўжо ў невядомых краях. Але хто гатовы вызначыць, ёсьць парушэньне ці не? Хто вымяраў лінейнасьць? Дзе эталён?» Ён успомніў, як у час апошняга наведваньня банку разжыўся мапай сусьвету, і яна, пэўна, ляжыць у заплечніку. Заўтра, заўтра.

5. Рыгоравы няўдачы

Рыгор бадзёра крочыў убок Варшавы, успамінаў хараство Эвы і зьдзіўляўся на ейную невытлумачальную дзіклівасьць. «Добрая дзеўка! Але гэты ейны Яцэк-Воцэк... Ну і ладна. Навошта мне тая мітусьня? Знайду іншую ляхутку, яшчэ лепей». Пад узьдзеяньнем піва і ляснога паветра ягоныя думкі пакрысе рабіліся сур'ёзныя. «А мо і сапраўды – жонку трэба шукаць? Жарты жартамі, але навошта губляць час?» І яму намалявалася сцэна недалёкае будучыні, быццам ён сядзіць у мяккім фатэле, пасмоктвае салёныя валокны сушанай рыбкі, пацягвае халоднае піва, а побач, ля пліты, у туга зацягнутым фартуху, завіхаецца Эва. Густа пахне вараным бураком, часныком, стукае па кухоннай дошцы востры ножык. Эва выпростваецца, сьмяецца яму, вільготнай рукой прыбірае з  лобу залацістую пасму. Убягаюць дзьве маленькія дзяўчынкі ў ружовых сукеначках і высокіх шкарпэтках, рагочуць і караскаюцца да яго на калені. Гучыць... Хто ж гучыць? Брукнэр? Ён адчуў, як да горла падступае камяк, а вочы брыняюць гарачым. Каб адцягнуцца, Рыгор гучна засьпяваў «Der Wanderer».

Вакол цягнуліся раскошныя цёмна-зялёныя дубровы, а пад нагу раз-пораз траплялі буйныя жалуды ў шурпатых каптуркох. Часам у воддалі пачынала адлік і заціхала зязюля, праз дарогу пераляцеў чорны дзяцел. Сонца ўжо ня пекла і вісела нізка над дрэвамі. Начаваць у лесе не хацелася; Рыгор рассудзіў крыху адпачыць і зірнуць, што смачнае паклала яму ў заплечнік Эва, а потым паскорыцца і прыйсьці куды-небудзь повідну. Аблюбаваўшы адзін з бліжэйшых дубоў, што расьлі на доўгім пагорку, ён збочыў з дарогі і, перасякаючы паласу высокае травы, ледзь не наступіў на вялікі і тоўсты грыб-баравік. Ён падпарадкаваўся паляўнічаму інстынкту – нагнуўся і сарваў яго. Мажны, пругкі, ліпкаваты грыб пахнуў чароўна, і Рыгор зажмурыўся з асалоды. Але што зь ім цяпер рабіць? Ён разгублена агледзеўся і заўважыў непадалёк яшчэ два баравікі, ледзь меншыя. «Раскладу вогнішча, пасмажу! Не губляць жа дабро», – Рыгор зьняў заплечнік і расчысьціў нагой ад лісьця пляцоўку пад вогнішча.

Ён ужо нацяваў грыбы на дубец, капялюшыкі асобна, а ножкі асобна, і нахіляў галаву, унікаючы сіняватага дыму, калі ўдалечыні пачуўся гук матора. «Няўжо Эва раздумалася і хоча мяне падвезьці?» Але рухавік быў дакладна не фіятаўскі. Гук набліжаўся; Рыгор устаў, сьціскаючы гарачы шашлык. З-за павароту вылецеў невялікі джып, падымаючы за сабой каламутнае воблака пылу. Рыгор падаўся да дарогі, замахаў рукой. Джып заўважыў яго, затармазіў, спыніўся побач. Пыл павольна асядаў. За рулём сядзела іншая кабета, ня Эва – фарбаваная, з халодным тварам і цёмнымі акулярамі.

– Да горада падкінеш? – нядбала спытаў ён.

– Мы, здаецца, незнаёмыя. Чаму вы зьвяртаецеся да мяне на «ты»? – абражана мовіла кабета і зрушыла правай рукой, каб перасмыкнуць перадачу.

1 ... 68 69 70 71 72 73 74 75 76 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)