Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
Пасьля таго кароль памерлых выйшаў наперад войска, пераламаў сваю дзіду й кінуў долу. Пакланіўся нізка ды адвярнуўся, і неўзабаве паплынела шэрае войска, зьнікла, што туман, разагнаны раптоўным ветрам, і, падалося мне, я абудзіўся ад сну.
Гэтую ноч мы адпачывалі, пакуль працавалі іншыя. Бо мноства вязьняў атрымалі свабоду й шмат выйшлі на волю рабоў-гондарцаў, захопленых у пірацкіх набегах, а неўзабаве сабраўся вялікі натоўп людзей з Пажыцьцяў ды Этыру, і Ангбар Ламэданскі прыскакаў зь вершнікамі, якіх сабраў. Калі вусьціш мёртвага войска зьнікла, усе сьпяшаліся дапамагчы й зірнуць на нашчадка Ісільдара, бо чуткі пра ягонае імя пабеглі пажарам у цемры.
Вось тут і сканчаецца наш расповед. Бо цягам гэтага вечару й ночы ваяры падрыхтавалі караблі, набралі каманды, а раніцаю флёт рушыў наперад. Цяпер падаецца, тое было даўно, а насамрэч – заўчорашняй раніцаю, шостай, як выехалі з Дунхэрэ. А Арагорн усё падганяў баючыся, што мы спозьнімся. Казаў: "Дваццаць міляў і яшчэ шэсьць ад Пеларгіру да прыпаромкаў Харлянду. А датуль мусім дабрацца раніцаю – альбо дарма ўсе нашыя намаганьні".
Цяпер на вёслах сядзелі свабодныя людзі й працавалі мужна, аднак павольна падымаліся мы па Вялікай рацэ, бо хуткая ейная плынь, і хоць на поўдні яна не такая імклівая, як вышэй, усё-ткі не хапала нам дапамогі ветру. Цяжка рабілася ў мяне на сэрцы, нягледзячы на перамогу ў заванях, але Ляголас засьмяяўся зьнянацку.
"Вышэй бараду, Дарынаў сын! – кажа мне. – Бо гаворыцца ж: надзея трывае, калі ўсё мінае". Але ж якую надзею пабачыў ён здалёк, не сказаў. Прыйшла ноч, паглыбіўшы цемру, і сэрцы нашыя палалі, бо далёка на поўначы мы бачылі барвянае полымя пад хмарамі, і Арагорн вымавіў: "Мінас Тырыт гарыць".
А блізу поўначы надзея насамрэч адрадзілася. Дасьведчаныя ў марской справе людзі Этыру, пазіраючы на поўдзень, загаварылі пра зьмену, пра сьвежы вецер, які ляціць з мора. Задоўга да сьвятла караблі ўзьнялі ветразі й пабеглі наперад, і сьвітанак пабачыў белую пену пад насамі караблёў. I вось так, як бачылі вы, зьявіліся мы праз тры гадзіны пасьля сьвітанку з добрым ветрам і сонцам над галавою дый разгарнулі вялікі баявы сьцяг. Адметны быў дзень, вялікая часіна, што потым ні здарыцца!
– Што потым ні здарылася б, вялікія подзьвігі ня зьменшацца з таго, – сказаў Ляголас. – Вялікае зьдзяйсьненьне – прайсьці па Сьцязе Мёртвых, і вялікім яно застанецца, хоць бы нікога ў Гондары не засталося, каб пяяць пра тое ў дні, што надыдуць пасьля.
– А тое можа здарыцца, – заўважыў Гімлі. – Бо невясёлыя Арагорн з Гэндальфам. Надта цікава мне, пра што вядзецца на радзе ў намётах там, унізе. Бо я, як і Мэры, хацеў бы, каб усё гэта скончылася хутчэй. Але што ні паўстане наперадзе, спадзяюся, паўдзельнічаю ў тым дзеля гонару народу Самотнай гары.
– А я – дзеля народу Вялікага лесу, – дадаў Ляголас, – і зь любові да гаспадара Белага Дрэва.
Тады сябры змоўклі й колькі часу сядзелі ля сьцяны, заглыбіўшыся кожны ў свае думкі, пакуль правадыры спрачаліся пад горадам.
Калі князь Імрахіль разьвітаўся зь Ляголасам і Гімлі, то адразу паслаў па караля Эямэра, спусьціўся разам зь ім да брамы й выйшаў да Арагорнавых намётаў, усталяваных непадалёк ад месца, дзе загінуў Тэядэн. I там сабраліся яны на раду разам з Гэндальфам, Арагорнам і сынамі Эльранда.
– Шаноўнае спадарства, – пачаў Гэндальф, – прыслухайцеся да словаў, сказаных намесьнікам Гондару перад сьмерцю: "Бо на імгненьне пераможаш ты ці на дзень. Супраць моцы, што паўстала цяпер, няма перамогі! Да гэтага гораду працягнуўся толькі адзін палец яе рукі". Паўтараю я гэта ня дзеля таго, каб вы адчаяліся, але ж каб абмеркавалі рацыю гэтых словаў.
Палантыры ня хлусяць, і нават гаспадар Барад-дуру не прымусіць іх зманіць. Аднак сваёю воляю ён абірае, што паказаць у камені слабейшым за яго розумам і воляю, ці "тлумачыць" паказанае. Разам з тым нельга сумнявацца: калі Дэнэтар заўважыў вялікае войска, што ўжо сабралася й зьбіраецца ў Мордары, ён бачыў праўду.
Нашай моцы ледзь хапіла на першы вялікі напад. Наступны будзе мацнейшым. I, як адзначыў Дэнэтар, вайна гэтая без надзеі на перамогу. Перамогі нельга сягнуць зброяю, ці седзячы на месцы й вытрымліваючы аблогу за аблогаю, ці выйшаўшы насустрач, каб захлынуцца ў варожай навале за ракою. Паміж вялікім і меншым ліхам абіраем мы. Звычайная рацыя падказала б нам узмацніць крэпасьці, якія ёсьць, дый там чакаць нашэсьця, і гэтак працягнуць час перад непазьбежным конам.
– Тады спадар раіць, каб мы адступілі ў Мінас Тырыт, Дол Амрат ці Дунхэрэ й там сядзелі, як малыя сярод пясчаных замкаў на водмелі перад прыліўнаю хваляю? – спытаў Імрахіль.