Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
Адзіны сьветлы дзень ехалі мы, а тады насталі дні безь сьвітанку. А мы ўсё рушылі, перасеклі Кірыль і Рынгло й на трэці дзень сягнулі Ліньіру над вусьцем Гілрайну. А там людзі Ламэдану біліся зь лютым племем Хараду й Умбару, што падняліся ўверх па рацэ. Калі мы наблізіліся, абаронцы й ворагі разьбегліся, выгукваючы сярод ляманту, што Кароль Памерлых прыйшоў да іх. Толькі гаспадару Ламэдану Ангбару стала мужнасьці сустрэць нас, і Арагорн запрасіў яго сабраць ягоны народ ды рушыць сьледам, калі хопіць мужнасьці, пасьля войска прывідаў.
"У Пеларгіры спатрэбіцеся вы нашчадку Ісільдара", – сказаў ім.
I мы перасеклі Гілрайн, гонячы хаўрусьнікаў Мордару перад сабою, і тады адпачылі крыху. Але неўзабаве Арагорн падняўся, кажучы: "Я бачу, ужо ў аблозе Мінас Тырыт. Баюся, ня вытрымае ён, пакуль мы пасьпеем з дапамогаю!" I мы паўсталі зноў, і панесьліся з усёю хуткасьцю, якую далі нашыя коні, праз роўнядзі Пажыцьцяў.
Ляголас прымоўк, і ўздыхнуў, і, кінуўшы позірк на поўдзень, ціха засьпяваў:
Тыя палі ў песьнях майго народу зялёныя, але цяпер цемра пакрыла іх, шэрымі пустэчамі леглі яны перад намі. I праз тую шэрасьць, топчучы неаглядна травы й кветкі, палявалі мы нашых ворагаў дзень і ноч, пакуль нашая жорсткая скачка ня скончылася ля Вялікай ракі.
Тады адзначыў я ў сэрцы: мы сягнулі мора, бо шырокаю ў цемры падалася прастора вады, і безьліч марскіх птушак плакала на берагох. Якая туга мне ад ляманту кірляў! Ці не казала Панна Лесу сьцерагчыся іх? А цяпер я не магу забыцца на тое!
– Я дык на іх і ўвагі не зьвярнуў, – зьдзівіўся Гімлі, – бо тады мы нарэшце сягнулі сапраўднай бітвы. У Пеларгіры стаяў галоўны флёт Умбару, паўсотні вялікіх караблёў ды незьлічона малых. Многія з тых, каго мы гналі, дабраліся да завані хутчэй за нас і прынесьлі з сабою жуду. Колькі караблёў паднялі катвігі, уцякаючы ўніз па рацэ ці да другога берагу, а шмат малых гарэлі, падпаленыя. Але загнаныя ў пастку харадрымы павярнуліся, бо яны народ люты ў адчаі, а зірнуўшы назад, зарагаталі, бо ж мелі яшчэ вялікае войска.
А Арагорн прыпыніўся й выгукнуў аглушальна: "Наперад цяпер! Чорным каменем я заклікаю вас!" I зьнянацку войска прывідаў, што трымалася за сьпінамі, накаціла шэрым прылівам, зносячы ўсё перад сабою. Даляталі слабыя выгукі, ледзь чутна гулі рогі й ліўся шэпт безьлічы галасоў, бы рэха нейкай даўно мінулай, забытай бітвы Чорных гадоў. Узьняліся аголеныя мечы, аднак ня ведаю, ці шчэ маглі яны сячы. Бо памерлым не патрэбная была аніякая зброя, толькі жах. Аніхто не вытрымліваў перад імі.
На выцягнутыя на бераг караблі абрынуліся яны й на тыя, што стаялі на катвігах, а маракоў апанавала вар'яцтва жаху, і яны скакалі за борт – апрача рабоў, прыкаваных да вёслаў. Бесклапотна й дзёрзка рушылі мы сярод ворагаў, гонячы іх, нібы вецер апалае лісьце, пакуль не сягнулі берагу. А тады на ўсе вялікія караблі, што засталіся, Арагорн паслаў па дунадану, каб супакоіць палонных, абвесьціць ім свабоду й заклікаць не баяцца болей.
Яшчэ на скону гэтага змрочнага дня не засталося ворагаў, што супрацьстаялі б нам. Хто патануў, хто ўцякаў пехатою на Поўдзень у надзеі сягнуць сваіх земляў. Дзівосным і цудоўным падалося мне, што мордарскія пляны й падступства абвергнутыя прывідамі жаху й цемры. Уласнай жа зброяю пераможаны быў Чорны Ўладар!
– Насамрэч дзівосна, – дадаў Ляголас. – У гэтую гадзіну зірнуў я на Арагорна й падумаў: якім велічным і жудасным уладаром мог бы зрабіцца ён сілаю сваёй волі, калі б толькі забраў пярсьцёнак сабе. Нездарма Мордар так баяўся яго. Але ж ягоны дух шляхетнейшы, чым мяркуе Саўрон, бо ці ж не з нашчадкаў ён Люціені? Аніколі не перарвецца той род, хоць і мінуць гады незьлічоныя.
– Ну, гэтак далёка гномы ня бачаць, – сказаў Гімлі. – Але ж насамрэч магутны быў Арагорн тым днём. Увесь чорны флёт патрапіў у ягоныя рукі, а ён абраў найвялікшы карабель ды ўзышоў на яго. Тады загадаў, каб затрубілі гучна ў мноства рагоў, захопленых у ворага, і войска ценяў сышло на бераг і сабралася там. Стаялі прывіды маўкліва, ледзь бачныя, толькі адбівалася барвовым бляскам у іхніх вачох полымя запаленых караблёў. А Арагорн вымавіў уголас памерлым: "Чуйце ж словы Ісільдаравага нашчадка! Клятва вашая выкананая. Вяртайцеся й аніколі болей не турбуйце даліны жывых! Ідзіце зь мірам!"