Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
Удзень каралеўская харугва сабралася ў дарогу. Пахаваньне забітых яшчэ толькі распачалося. Тэядэн, які сумаваў па Хаму, першы кінуў жменю зямлі на ягоную магілу.
– Вялікую шкоду, насамрэч, учыніў мне й маёй зямлі Саруман, – сказаў кароль. – Я згадаю тое падчас нашай сустрэчы.
Сонца ўжо хілілася за заходнія горы, калі нарэшце Тэядэн з Гэндальфам і іхнія суправаджальнікі выехалі за вал. Пажадаць ім добрай дарогі сабраўся вялізны натоўп – і ваяроў, і паспалітых людзей Заходняй Украйны, старых і маладых, кабетаў і малечы, якія пакінулі пячоры. Яснымі галасамі яны сьпявалі песьні перамогі, а тады замоўклі, дзівячыся, што ж адбудзецца блізу злавесных дрэваў, бо іх баяліся.
Вершнікі пад'ехалі да лесу й спыніліся – ані людзі, ані коні не жадалі ўяжджаць у яго. Шэрыя дрэвы пагрозьліва гайдаліся, агорнутыя ці то ценем, ці то смугою. Канцы доўгіх, раскідзістых галінаў зьвісалі й варушыліся, нібы пальцы; карані ўздыбліваліся з глебы, як лапы дзівосных пачвараў, і пад імі расчыняліся чорныя яміны. Гэндальф упарта рушыў наперад, ведучы харугву за сабою, і там, дзе шлях ад Горнбургу ўваходзіў у лес, знайшоўся праход – рыхтык тунэль пад магутнымі сукамі. Празь яго праехаў Гэндальф, і астатнія за ім. Там, на зьдзіўленьне, убачылі, што шлях застаўся вольны, вёў па-ранейшаму ўздоўж Ярыцы, і над галавою нябёсы поўніліся залацістым сьвятлом. А пааберуч цёмныя муры лесу ўжо агарнула сутоньне, што ўдалечыні гусьцела ажно да цяжкога змроку. Адтуль даносіліся хрыпы й скрыгат галінаў, прыглушаны лямант, раззлаваны шэпт бясслоўных галасоў. Але нідзе шыхт ня бачыў ані орка, ані якой іншай жывой істоты.
Гімлі зь Ляголасам ехалі цяпер на адным кані й трымаліся паблізу Гэндальфа, бо Гімлі баяўся лесу.
– Сьпякотна тут, – павярнуўся Ляголас да чараўніка. – Я адчуваю вялікую злосьць навокал. Ці ня чуе спадар, як паветра грукае, пульсуе ўвушшу?
– Але, – згадзіўся Гэндальф.
– Што ж здарылася зь небаракамі оркамі? – спытаў эльф.
– Мяркую, аніхто ўжо не даведаецца, – адказаў Гэндальф.
Пэўны час ехалі ў цішыні. Але Ляголас штохвілю азіраўся. Напэўна, ён часта прыпыняўся б, каб паслухаць лясныя згукі, калі б Гімлі дазволіў.
– Найдзівосьнейшы лес з усіх, якія я бачыў, – казаў эльф. – А я бачыў шмат дубоў ад іх маленства да скону, ад жолуда да струпехлага пня. Калі б толькі быў час пабадзяжыць сярод гэ тых дрэваў. Бо ў іх ёсьць галасы, і з часам я навучыўся б разумець іхнія думкі.
– Не, не! – прабурчэў Гімлі. – Няхай сабе растуць самі па сабе! Мне іхнія думкі й так відавочныя: нянавісьць да ўсяго на дзьвюх нагах, і размаўляюць яны пра тое, як расьціскаць і душыць.
– Не да ўсяго на дзьвюх нагах, – не пагадзіўся эльф. – Тут ты памыляесься. Яны ненавідзяць оркаў. А пра людзей з эльфамі анічога ня ведаюць. Вырасьлі яны ў далёкіх глухіх далінах Фангарну – так мне падаецца.
– Тады гэта насамрэч самы небясьпечны лес у Міжзем'і, – вырашыў Гімлі. – Я ім удзячны за дапамогу, але ж болей даспадобы яны мне з таго ня сталі. Мо ты й лічыш іх цудоўнымі, але я бачыў у гэтай зямлі цуды, прыгажэйшыя за любы гай, бор ці ўзьлесак, які толькі вырастаў у сьвеце. Маё сэрца яшчэ поўнае тым хараством. Дзівакі ўсё ж людзі, анягож. У іх тут пад носам адзін з найвялікшых цудаў паўночнага сьвету, і як яны называюць яго? Пячоры, вось як! Упрост – пячоры! Норы, каб хавацца падчас вайны, скляпеньні, каб трымаць ежу! Сябра мой Ляголасе, ці ведаеш ты, якія прасторныя, якія надзвычайна прыгожыя пячоры Хельмавага Яру? Калі б пра іх ведалі гномы, дык яны бясконца цягнуліся б з усіх краёў Міжзем'я, каб толькі зірнуць на іх! Ды што там, плацілі б чыстым золатам за адзін кароткі позірк!
– А я плаціў бы золатам, каб мяне такое шчасьце абышло, – сказаў Ляголас, – дый удвая, каб выйсьці, калі ўжо надарыцца забрысьці туды.
– Ты ня бачыў іх, таму я дарую табе твой жарт. Але ж ты кажаш лухту. Ты ж лічыш, напэўна, прыгожымі тыя залі пад гарою ў Ліхалесьсі, дзе жыве твой кароль? Калісьці гномы дапамаглі вычасаць іх. Аднак вашыя пакоі – проста дзірка ў зямлі ў параўнаньні з тым, што бачыў я: неабсяжныя залі, поўныя пракавечнай музыкай вады, якая павольна, па кроплі, падае, звонячы, у азёры, прыгожыя, як Келед Зарам у зорным сьвятле. А калі запаленыя паходні, і людзі ідуць па пяшчанай падлозе пад купаламі, і рэха крочыць за імі – вох, Ляголасе! Тады крышталі, і каштоўныя камяні, і жылы каштоўных рудаў зіхацяць на сьлігтаваных сьценах, і сьвятло прасочваецца праз мармуровыя складкі, нібы праз ракаўкі, паўпразрыстыя, як жывыя далоні каралевы Галадрыелі. Там белыя, пунсовыя, ружова-цёплыя калёны, галінастыя, вычварна перакручаныя. Яны падымаюцца з рознакаляровых падлог, каб сустрэць зіхоткі карунак ля столі: крылы, шнуры, завесы, быццам зьмерзлыя аблокі, дзіды, сьцягі, вежы палацаў, падвешаных у вышыні. Спакойныя азёры люструюць іх, і зіхоткі сьвет паглядае зь іхняй цьмянай роўнядзі, бы пакрытай празрыстым шклом. Гарады, якія самому Дарыну наўрад ці ўбачыліся б у ягоным сьне, шляхі й вуліцы паміж калёнаў – яны вядуць у цёмныя глыбіні, куды аніколі не сягала сьвятло. Араптам – зьвень! Падае срэбная кропля, і ад круглых зморшчынак на вадзе ўсе вежы згінаюцца й дрыжаць, як травы й каралы ў марскім гроце. Тады, за паходнямі, надыходзіць сутоньне – яны цьмянеюць, блікі гаснуць, – а паходні рушаць у іншы пакой, да іншых мрояў. У пакой за пакоем, Ляголас, і заля адчыняецца за заляй, купал за купалам, лесьвіца за лесьвіцай, а шлях, віючыся, вядзе ўсё далей, у сэрца гары. Пячоры! Пячоры Хельмавага Яру! Хай ушануецца той час, які прывёў мяне да іх! Я ледзь ня плакаў, пакідаючы іх.