Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Пракурорка [Журнальный вариант, be]
Пракурорка [Журнальный вариант, be] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пракурорка [Журнальный вариант, be]

Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:

Аповесць «Пракурока» («Prokurator Alicja Horn») напісана ў 1932 годзе і прысвечана бліскучаму сталічнаму жыццю міжваеннай Варшавы.
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
1 ... 67 68 69 70 71 72 73 74 75 ... 179
Перейти на страницу:

Люба, напяваючы нейкую песеньку, завіхалася ў сталовай.

— Вясна, Джэк, сёлета цудоўная, — заўважыў Друцкі.

— Дні робяцца ўсё даўжэйшымі, — дадаў Залкінд.

І абодва адкашляліся.

— Ведаеце, — гучна ўсклікнула Люба, стоячы ў дзвярах, — тут замяшаная жанчына. Як піць даць, жанчына. Хадземце, я падаю ўжо.

— Вельмі верагодна, — сказаў Залкінд, — бо ворагаў тут у капітана няма. Што вы пра гэта думаеце, капітане?

— Паняцця не маю.

— Але капітана апраўдаюць, так, Барыс?

— Хм-м-м… Хто яго ведае? У любым выпадку ў нас зараз хапае часу, каб самастойна правесці расследаванне.

— А што, Джэк, ты з самага пачатку быў упэўнены, што морфій мне падклалі?

— Ну, натуральна! Якога чорта ты займаўся б морфіем! З грашыма ў цябе, капітане, ніколі не было праблем, хіба, дзеля спорту? Дык гэта таксама не твой стыль.

— А спірт? — засмяяўся Друцкі.

— У спірце плёскаліся кулькі, капітане! Так! Ці ж і з пушак не сыпаліся яны на вашу «Аўрору»?!

— Добрыя былі часы, а, Джэк?

— Не тое слова!

— А потым, — пастукаў сябе па лбе Друцкі, — я быў бы закончаным ідыётам, калі б трымаў морфій у стале.

— Я вам кажу, гэта нейкая жанчына, — паўтарыла Люба. — Падумайце, капітане, можа ў гэтую гульню быць замяшана жанчына?

Друцкі рассмяяўся.

— Зашмат бы іх было замяшана, — выказаў здагадку Залкінд.

— Але! — усклікнуў Друцкі. — Уявіце сабе, што за некалькі гадзін перад з’яўленнем паліцыі я атрымаў ананімку з папярэджаннем, што будзе праверка.

— Ананімку?

— Так. Падпісана яна была «добры сябар» ці нешта ў гэтым родзе і папярэджвала ананімка аб праверцы, раячы «прыбраць усё».

— Ай-ай-ай! — пачухаў нос Залкінд.

— Вось іменна! Я думаў, што гэта нейкая містыфікацыя. Аднак сумленне маё было чыстае.

— А хто мог напісаць?

— Чорт яго ведае.

— Бо цікава, што, як я даведаўся пасля твайго арышту, паліцыя таксама атрымала ананімны данос на «Аргенціну». Толькі ў гэтым даносе паведамлялася, што наркотыкі знаходзяцца ў сакратаркі дырэктара.

— Адкуль вы пра гэта ведаеце, гэта дакладна? — здзівіўся Друцкі.

— Дакладней быць не можа. Мая сястра даведалася ад аднаго следчага з адпаведнай установы. Данос быў напісаны ад рукі і высланы поштай пракурору, і толькі ўжо пракурор пераслаў гэтую ананімку ў паліцыю. У паліцыі вельмі хацелі б злавіць таго, хто выслаў ананімку, бо далі б яму таксама прыкурыць.

— Аўтару даносу?

— Так. Бо ён, заўважце, капітане, напісаў, што паведамляе непасрэдна пракурору, бо паліцыя ўзяла б на лапу і замяла б справу.

— Да варожкі не хадзі, жанчына! — сцвярджала Люба.

— Ну, а другая ананімка — гэта перасцярога для мяне?

Пані Люба задумалася:

— Хто ведае? Можа, тая самая жанчына?..

— І апамяталася ў апошні момант? — спытаўся Друцкі.

— Жанчыны шалёныя, — сказала Люба.

Аднак Залкінд выключаў такую магчымасць. Калі б ананімкі былі справай адных рук, то абедзве былі б напісаныя на машынцы.

— У любым выпадку, капітане, — працягваў ён, — цяпер, калі вы на волі, вам значна лягчэй будзе адшукаць замяшаных у гэтым людзей.

Таму Друцкі і не паехаў на Дэмбову. Ён з кватэры Залкінда патэлефанаваў Бруніцкаму і паведаміў прафесару, што яго выпусцілі пад заклад да моманту судовага разбору. Прафесар, са свайго боку, таксама перасцерагаў ад сачэння, даючы зразумець тым самым, што пакуль ён устрымаецца ад дапамогі Друцкага.

— А ці ўсе здаровыя? — абстрактна спытаўся Друцкі, думаючы аб падабранай ім дзяўчыне.

— Будзь спакойны, — запэўніў яго Бруніцкі, — усё ў парадку.

— Я не буду цябе турбаваць, Караль, пакуль гэта ўсё не скончыцца.

— Якое ты прадбачыш заканчэнне?

— Я невінаваты. Мне гэты морфій падклалі, відаць, у якасці помсты.

— І я так думаю, — сказаў прафесар. — Можа, табе трэба грошы?

— Не, дзякуй.

— Ну дык жадаю табе поспеху!

— Бывай.

Друцкі паклаў трубку.

Ён яшчэ доўга размаўляў з Любай і Барысам пра сваю справу і шкоду, якую ўвесь гэты скандал прынясе «Аргенціне».

— Я баюся, што публіка перастане хадзіць, — турбаваўся Залкінд.

— А я не думаю. Тыя госці, хто мяне ведае, не павінны паверыць у маю віну.

— Натуральна! — усклікнула Люба.

У атэлі парцье і ўсе служкі прынялі Друцкага даволі холадна.

Ён якраз скончыў пераапранацца, калі да яго прыйшоў дырэктар атэля.

— Страшна непрыемная гісторыя, — пачаў ён.

— Непрыемная, — паціснуў плячыма Друцкі, — але з добрым канцом.

— Я таксама так думаў, — сказаў дырэктар з выразам твару, які сведчыў, што ён так зусім не думаў.

1 ... 67 68 69 70 71 72 73 74 75 ... 179
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)