Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Гэта ж пра мяне, мой пракурор, слоўца да слоўца пра мяне!
Гэта ж і пра ўсіх нас, мой каханы ляснічы! Кожнаму з нас Бог выдзяліў сваю дзялянку (і табе таксама, не крыўдуй), на якой працаваць ды працаваць. Яна – для Адама і Евы, для Марыі Магдалены, для нас з табой...
О, каб ты толькі ведаў, колькі ты разоў прыходзіў у мае сны! Асабліва пасля той выпадковай (а мо і невыпадковай, хто ведае) сустрэчы ў скверы, калі я трымала ў руцэ букет з жоўтых лістоў... Я тады думала, што трымаю чырвоны букет ружаў, падораных табою, а то аказалася звычайнае жоўтае лісце развітання – яшчэ не сустрэліся, яшчэ не спазналі адно аднаго, яшчэ не ўздрыгнулі нашыя сэрцы, і мы не захліпнуліся яшчэ ў акіяне нашага кахання, – а нас ужо ахінула крыло развітання... Ні ты, ні, тым больш, я, тады не здагадваліся пра тое...
Ты яшчэ чытаеш мае радкі, мой каханы і самы лепшы чалавек на зямлі? Хачу, каб чытаў, бо калі ты грэбліва адкараскаешся ад маёй споведзі, то я загіну і ў другі ці трэці раз... Не адбірай ад мяне жыццё, не губі маю душу і мае спадзяванні...
Ведаеш, колькі цяпер на гадзінніку? Тры ночы. І цемра за акном, – ні зорак, ні месячыка не відаць праз металічныя квадраты акна. Я такая радая, што наглядчыца турмы дазваляе мне сядзець у гэтым пакойчыку – кожную ноч я прыходжу сюды і пішу, пішу, пішу... Ніколі не пісала, нават і не ведала, што ў мяне жыла смага пісаць, як балаболу выгаварыцца... Яна, смага, прыйшла да мяне тут, калі начамі раскрытымі вачыма глядзела ў шэрую столь і не магла ніяк заснуць... Нават і вершы нараджаюцца, чаго раней ніколі за сабой такога не заўважала. Ужо цэлы сшытачак іх назбіраўся... Ты, канечне ж, здзіўлены, Адам? І я таксама здзіўляюся з сябе. Смешна, але гэта так.
Як гэта ні парадаксальна гучыць, але я табе вельмі ўдзячна, што ты мяне выправіў сюды. Не, я не здзекваюся, і не ёрнічаю, – так яно ёсць і насамрэч. Калі б я не знаходзілася тут, то была б, мусіць, на тым свеце...
Ты тады паверыў мне. Можа не столькі паверыў, як выканаў маю просьбу. Ты пашкадаваў мяне, і не больш таго. Хаця мог і ўзяць мяне пад сваю жорсткую “апеку”. Я табе ўдзячна за тое, мой каханы!
У дзвятнаццаць мяне забілі духоўна і фізічна, а ў дваццаць тры гады растапталі, – і я загінула зноў.
Скажу табе, мой галоўны ляснічы, што, паміж тымі забойствамі, ты падараваў мне шчасце. Шчаслівыя шэсць гадоў... Тры і тры гады шчасця і светлых спадзяванняў.
Я, даўшы табе слова, спыніла адразу ж сваю “помслівую дзейнасць”. Я паставіла перад сабою адну галоўную задачу – не падвесці цябе і сябе, пазбавіцца ад маёй хваробы. І мне тое ўдалося, мой пракуратар, мой ляснічы, мой компас і азімут у маім жыцці. І дакторка мая пад час выпіскі радасна сказала: “Ты пазбавілася ад сваёй заразы”. Але як пазбавіцца ад граху, як замаліць яго? І тады я пайшла ў царкву. Пайшла і пакаялася ў сваім грэсе. І пачула: “Бог даруе табе твой грэх, ідзі, і больш не грашы!..”
Я адчула сябе народжанай птушкай, якая вырвалася на волю, якая адарвалася ад усяго грахоўнага і ліхога, і ў маёй душы зноў пасялілася радасць і ўзнёсласць, і мне зноў хацелася жыць – лётаць і жыць, кахаць і быць каханай... О, як мне хацелася прыйсці да цябе і падзяліцца сваёй радасцю, сваім адкрыццём і пачуццём смагі шчасця і наталення тымі духоўнымі дарамі, якімі надзяліў мяне Гасподзь!..
І найперш я пайшла ў храм. Прачытала доўгую малітву Богу, якую склала ў сваёй душы. І Гасподзь пачуў мяне. Ён даў мне другі шанец, каб я, ачышчаная духоўна, крочыла наперад. Але ж я тады паставіла свечку, падаўшы пры гэтым запісачку з адным толькі імем – тваім... ”Во здравие раба Божьего – Адама...” Я маліла Вышняга, каб у цябе было ўсё добра, каб ты сустрэў дзяўчыну прыгажэй, чым я, чысцей, чым я, якая прынесла б табе вялікае шчасце. Ці дайшла мая малітва да Бога, Адам? Я ведаю, што калі моліцца грэшніца за свайго каханага, то Бог здзяйсняе яе жаданні. Ці здзейснілася ў цябе жыццё, мой Адаме? Ці ўдалося ўсё, што ты хацеў?
Я табе жадаю, каб ты не толькі гарадскім, а і абласным стаў пракурорам, – ды што там абласным, жадаю, каб ты стаў пракурорам нашай краіны!!! Тады б тваё чулае сэрца ўратавала б ні адну грэшную душу. Бо ў цябе чулае і спагадлівае сэрца. І таму да такіх, якой я з‘явілася некалі прад табою, не павінна нараджацца вялікага шкадавання...