Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
– Не, ну навошта адразу прыдумляць! Жонкі пакуль што наогул няма. Вось знайду прыдатную дзяўчыну – дык адразу ажанюся!
Эва ўхвальна слухала. Яна сядзела блізка, і да яго давяваў ейны дзіўны пах: зямлі, яблыкаў і карыцы. Яна была такая харошая, маладая, пругкая, што Рыгору карцела яе чапаць, але ён трымаўся і адцягваў сябе пералікам цнотаў будучае жонкі:
– Разумееш, усё складана. Першае, яна мусіць быць вельмі разумная, вось як ты, напрыклад. Яна абавязкова мусіць знацца ў музыцы! Інакш мне будзе зь ёй сумна. Другое, яна абавязкова мусіць любіць гатаваць. Таксама як ты. Бо я шмат ем! І ня ўсё запар. Мне значна, каб гатавалася з душою. Трэцяе... – трэцяе з ходу не прыдумлялася, ён важка счакаў, а потым шматзначна мовіў: – Трэцяе, у нас мусіць быць поўная сумяшчальнасьць.
Эва кіўнула. Рыгор ня ведаў, што яшчэ дадаць, і пацікавіўся, калі яны зь Яцэкам пажэняцца. Эва вельмі сур'ёзна, нават урачыста, сказала, што яны будуць шлюбавацца ў касьцёле, і што Яцэк ужо падарыў ёй колца. Яна ўзяла з камоды і падала Рыгору разьбёную скрыначку, у якой захоўваліся ейныя скарбы: жамчужныя каралі ды тонкае залатое колца зь зялёным каменьчыкам. Рыгор ухваліў колца, памаўчаў, а потым спытаў наўгад, ці ёсьць у іх машына.
– Ёсьць, вядома. Але цяпер мы на ёй ня езьдзім – заводзіцца зь дзясятага разу, а потым глухне, – Эва жаласьліва ўздыхнула. – Яцэк кажа, што карбюратар сапсаваўся. Трэба гнаць на аўтасэрвіс. Вось вернецца са збораў дый выкліча эвакуатар.
Рыгор папрасіў Эву паказаць яму машыну, сьціпла адзначыўшы, што ён трохі знаецца ў канструкцыі рухавікоў. Зь нецярплівасьці ён устаў раней, аніж яна пагадзілася. Эва зьдзіўлена паглядзела і павяла паказваць. Ён ішоў ззаду яе і хваляваўся, бо паводле Лявона ён аніколі ў жыцьці не рамантаваў аўтамабіляў. «Але ж, калі не атрымаецца, дык я і не абяцаў паправіць, я толькі папрасіў паглядзець. Тым больш, што ровар мне ўдалося сабраць!» Мэханічна назіраючы, як спадніца Эвы калыхаецца ў тахт крокаў, але плечы заразом застаюцца нерухомыя, Рыгор думаў пра іншае. Ён перажываў і спрабаваў выспытаць сам сябе, успамінаючы, якія агрэгаты знаходзяцца пад капотам аўтамабіля ды як называецца кожны зь іх.
Маленькі чырвоны Фіят, вымыты да люстранога бляску, стаяў за мытняй, пад адкрытым небам. Рыгор абышоў яго вакол, паківаў галавой і папрасіў Эву завесьціся. Яна паслухмяна села ў кабіну і колькі разоў, з паўзамі, павярнула ключ. Стартар працаваў, але рухавік не заводзіўся. Рыгор паказаў Эве жэстам, каб яна адчыніла капот, і нахіліўся над пераплётам жалезных вантробаў. Эва выйшла і стала побач, заклапочана схіліўшы галаву.
– Так. Давай спачатку іскру зьведаем, дзе наш правадок? Ёсьць іскра! – Рыгору здавалася, што ягоныя камэнтары павінны заспакойваць. – Цяпер сьвечкі... Ведаеш, часам сьвечкі алівай залівае, праз гэта і праблемы. Але ў цябе ўсё гут, сьвечкі таксама іскрацца. Так. Дзе тут у нас паветраны фільтар? Зараз вечка зь яго здымем... Цяпер цісьнем на прывад дросэльных засланак... Ну во-ось, паскаральная помпа ня брызгаецца, а значыць бэнзін у карбюратар не цячэ! У цябе ключы ёсьць?
Рыгор зьняў шлянг з карбюратара і пару разоў націснуў на рычаг падпампоўкі бэнзіну. Струмень не зьяўляўся. «Зразумела! Альбо бэнзапомпа, альбо фільтар», – Рыгор адчуваў лёгкасьць і спакой. Успомніць, калі раней ён рабіў нешта падобнае, было немажліва, але рукі самі здымалі шлянг з бэнзапомпы, а вусны цягнуліся да яго, прадчуваючы густ. Шлянг ня прадзімаўся, і гэта значыла толькі адно – трэба мяняць бэнзафільтар. Трыюмфуючы, ён выняў яго і паказаў Эве:
– Бачыш? Не патрэбны вам аніякі эвакуатар! Трэба толькі памяняць вось гэтую рэч.
– Праўда? – Эва глядзела на яго так даверліва, што Рыгору зноў захацелася дакрануцца да ейнага пляча або валасоў, і толькі бруд на руках затрымаў яго. – Здаецца, у нас недзе валяліся такія!
Пакуль Рыгор, выцершы пальцы аб траву, курыў, Эва зьбегала ў хату і вярнулася з навюткім фільтрам. Паводле ейных слоў, мяшок зь фільтрамі і яшчэ нейкімі дэталямі быў у камплекце да «Фіяціку» пры куплі. Уставіўшы на месца фільтар, прыкруціўшы шлянгі і ўпэўнена бразнуўшы капотам, ён жэстам прапанаваў Эве сесьці за руль. Фіяцік завёўся імгненна, і Эва, радасна ўсьміхаючыся, праехала па двары павольны круг. Яна выйшла з машыны ўдзячная, зіхатлівая, і Рыгор не ўтрымаўся – узяў яе за голую руку, вышэй запясьці. Яна здрыганулася, нахмурылася, але зь ветлівасьці не адняла рукі. Усьмешка згасла, і Рыгор пасьпешна зымітаваў сяброўскі поціск.
– Цяпер мая місія скончаная, і мне пара! – як мага бадзёра сказаў ён, хаваючы рукі за сьпіну. – Ці далёка да Прагі?
– Да Прагі? Навошта табе ў Прагу?
– Ну як навошта! Усё ж сталіца, там пэўна шмат такіх дзяўчат, як ты.
– У нас сталіца ня Прага, а Варшава, – удакладніла Эва.
– Сапраўды? Ніколі ня ведаў геаграфіі… А да Варшавы далёка?
Эва сказала, што даволі далёка і махнула рукой, паказваючы кірунак. Зрабіўшы вінаваты твар, яна папрасіла прабачэньня перад ім за тое, што ня зможа падвезьці яго – ёй прыйшлося б тлумачыцца перад Яцэкам. Раптам ён заўважыць, што яна вязе чужога мужчыну? Яны вярнуліся ў хату, і Эва паклала яму ў торбу колькі бляшанак піва з халадзільніка і важкі скрутак карычневае паперы, напоўнены чымсьці пэўна смачным. Прыкусіўшы ніжнюю вусну, яна выслухала ягоныя разьвітаньні, выйшла за ім вонкі і, папраўляючы валасы, глядзела ўсьлед.
«Ну і лухта! – дзівіўся Рыгор, – Значыцца, накарміць абедам чужога мужыка – гэта слушна, а вось падвезьці да Прагі – цьфу, да Варшавы! – гэта патрабуе тлумачэньняў. Дурніца». Зрэшты, гэтыя думкі былі хутчэй вясёлыя, чымся пакрыўджаныя. Рыгор пшыкнуў ключыкам на піўной бляшанцы і зрабіў глыбокі глыток. Ён быў сыты, ён быў сапраўдны аўтасьлесар, а наперадзе яго чакала ўсё сама лепшае.
4. Як Лявон уцёк з дому
Неўзабаве яны сабраліся пажаніцца.
Лявон дайшоў да гэтае думкі пакрысе, як да лягічнага разьвязаньня свайго каханьня. Сьвядома ці не, але гэтым шляхам яго кіравала Алеся, хоць Лявон тады яшчэ не заўважаў ейнага ўплыву – яму здавалася, што ён дзеіць вольна.
Калі-нікалі ў Алесі здараліся асаблівыя настроі – ейны погляд апускаўся, цямнеў, і яна казала: я дрэнная, мяне цяжка трываць, я адзінотная. У гэтыя моманты ён абдымаў яе і шаптаў у валасы пяшчотныя словы, чуйна назіраючы на іхнае ўзьдзеяньне. Падыходзілі ня ўсе словы: часам яна дрыжала, нібы адгароджвалася ад яго, а часам наадварот – разгарналася насустрач, падымала шчасьлівы твар. Але гаварыць заўсёды аднолькавыя фразы, хай і прыдатныя, яму здавалася няварта, і Лявон напружваў фантазію, імправізаваў, вынаходзіў. Слоўны запас губляўся імкліва. Апроч таго ён заўважыў эфэкт прывыканьня – каб убачыць зьвернуты да сябе радасны твар, ён кожны раз мусіў казаць ўсё мацней, усё больш пераканаўча. Аднойчы ён абмовіўся пра шлюбнае жыцьцё, і праз гэтыя колькі слоў яна моцна прыціснулася да яго, схіліўшы галаву на плячо, і дакранулася вуснамі да ягонае шыі. Так ён намацаў сама дзейны шлях, і збочыць з гэтага шляху было ўжо немажліва. Дый навошта? Лявон марыў пра тое, як стане яшчэ бліжэй да яе, зусім блізка.
Адчуваючы, што ёй падабаецца цьвёрдасьць і настойлівасьць, ён паставіў пытаньне адкрыта. Апусьціўшы пацяплелыя вочы, яна мовіла, што хацела б дачакацца тату – выходзіць замуж безь ягонага ведама было б дрэнна, бо гэта найбліжэйшы для яе чалавек. На слове «найбліжэйшы» яна няўпэўнена зірнула на Лявона – ці не аспрэчыць? – але ён прамаўчаў, пакуль што не прэтэндуючы на сама-блізкасьць. На ўсё свой час, думаў ён дарогай дадому. Таргаваць у гэтым выпадку проста зьневажальна. Тым больш да ейнага таты ён адчуваў складаныя пачуцьці, далёкія ад рэўнасьці. У кароткіх перапынках паміж тамленьнямі Лявон спрабаваў зразумець тое, што адбываецца, і быў амаль упэўнены: няма ніякага таты. Зь іншага боку, яшчэ зусім нядаўна ён лічыў, што маці таксама не існуе, і аднак вось яна – мама. Як усё няпроста!
Лявон кідаў думаць пра складанае дый аддаваўся каханьню, успамінаючы ейны профіль, абрыс носу і вуснаў. Якая яна прыгожая, проста дзіўна! На кожную рыску ейнага твару можна глядзець бясконца, як на неба ці на агонь. Ён спыняўся і садзіўся на абочыну, падымаючы твар да месяца. Выклікаў у памяці ейны голас, і праз кожнае слова ўнутры прабягала гарачая хваля. Але і халодныя думкі не адставалі. Адкуль бярэцца прыгажосьць, і навошта яна патрэбная? Няўжо гэта ўсяго толькі прымітыўная прынада прыроды?