Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Абавязкова трэба! Гэта як боль будзеш насіць у сабе, у сваім сэрцы, як напамінак, як грэх... А ад гэтага неабходна пазбавіцца... Пра ўсё раскажаш пракурору, і, можа, добра, што не паведаміла следчаму... Яны ж шукаюць яго, трацяць намаганні, а ты павінна паставіць кропку як у гэтай гісторыі, так і памагчы ім... І тады гэтае ўсё, – і тая кашмарная ноч, і твой боль, – для цябе скончыцца, скончыцца назаўсёды...
– Можа і так, – згадзілася яна, у душы радуючыся, што знайшла ў ім душэўную падтрымку, што яе ваганні і сумненні ператварыліся ў адзіна правільны крок. – Ты паедзеш са мной?
– А як жа ты без мяне?
Ён цёпла і прыхільна паглядзеў на яе.
3.
... – Божа, даруй мне грахі мае, – словам, дзеяннем ці думкаю зробленыя, – прасіла яна Бога, стоячы сярод вернікаў царквы, прымружыўшы вочы, – шмат граху на мне... Шмат.
Зінаіда стала з людзьмі на споведзь.
Перад ёю стаяў мужчына ў гадах, а перад ім дзяўчына – такога ж узросту, як і яна, Зінаіда. Схіліла пакорліва галаву ў шэрай хусцінцы, думала пра сваё... Мужчына неспакойна таптаўся на месцы, пераступаючы з нагі на нагу...
“У кожнага з іх, як і ў мяне, свая ношка, свой груз, свае грахі, свой крыж, які несці ўсё жыццё... Ніхто не ўзвальваў, кожны ўзваліў сам сабе – як панесці... Божа, аблегчы мой цяжар, аблегчы маю ношку...”
Яна малілася і малілася, звяртаючыся да Вышняга, радуючыся, што ў яе ёсць час паразважаць, прачытаць малітву, і ўспомніць усе свае грахі, якія займела...
Сустрэлася позіркам з айцом Уладзімерам. Як усё роўна прамовіла яму: “Вось і прыйшоў час, калі мне трэба паспавядацца...” У гэты час ад яго адышла жанчына, а замест яе стала дзяўчынка-падлетак.
З вялікім хваляваннем і пачуццём духоўнай адказнасці падышла да яго.
– Я рады, што вы прыйшлі сёння на споведзь...
Той жа даверлівы і ціхі голас, таямнічы і амаль інтымны, які прызначаўся толькі для яе, з адным толькі жаданнем памагчы ёй набыць упэўненасць і радасць жыцця...
– Вялікі грэх на мне, айцец Уладзімер...
– Слухаю, расказвайце пра ваш грэх...
Ніводзін чалавек ва ўсім свеце не быў такі блізкі і ўважлівы да яе, як айцец Уладзімер. Тыя словы, якія падрыхтавала, яна не магла сказаць ніводнаму, нават самаму блізкаму, чалавеку – ні бацьку, ні маці, ні сястры ці брату... Ні Леаніду, ні лепшай сваёй сяброўцы. Яна нічога не магла ўтойваць, тым больш хлусіць, гаварыць няпраўду... І адчувала, як з кожным словам шчырасці і прызнання яе істоту запаўняла нейкае незямное святло і сіла; як быццам вылівала з сябе бруд і лядайкасць, а тое месца запаўнялася чыстай і светлай крынічнасцю; з яе душы спадаў нябачны, але які пастаянна не адпускаў яе, груз, і яна ўжо адрывалася ад зямлі, не краналася яе, а прыўзнялася над ёю, – адчула, як у яе вырасталі крылы, і яна магла ўжо падняцца, узляцець да купала храма...
Яна набрыньвалася лёгкасцю і бязважкасцю, чысцінёй і цнатлівасцю, – і не разумела свайго стану, які ператвараў яе істоту ў нешта новае і светлае, даючы адначасова новую, незнаёмую да гэтага, энергію, душэўную моц, пазбаўляючы ад няўпэўненасці і страху, духоўнай неўладкаванасці...
На вочы самі сабой набеглі слёзы, у яе задрыжэў голас, яна затрымцела ўся, і ёй падалося, што ўсё паплыло перад вачыма, пачало хавацца ў жоўтым тумане, але ў гэты момант святар дакрануўся да яе рукі і моцна сціснуў, праказаў:
– Пазбаўляйецеся ад свайго страху, не бойцеся, нічога кепскага больш не вернецца да вас. Кажыце, Бог чуе вас...
Зноў у нагах з‘явілася ўпэўненасць, і хаця ў яе заплюшчаны вочы, а галава накрыта платам, яна яскрава бачыла перад сабой дарогу, па якой выправілася ісці, на якую яе выправіў Бог...
Не помніла, колькі гаварыла, колькі прайшло часу, здавалася, што спавядалася цэлую вечнасць, – ды і ніхто не абмяжоўваў яе ў часе, не падганяў, не прыспешваў. Выдыхнула з сябе паветра. Уздыхнула на поўныя грудзі, праказала:
– Такія мае грахі, і прашу ў Бога даравання...
Маўчаў святар. Потым паклаў руку на галаву, прамовіў:
– Даруюцца вам грахі вашы, сястра Зінаіда, і не ўспамінайце пра іх, не нажывайце новыя...
З царквы яна выйшла зусім іншым, абноўленым духоўна, чалавекам.
На душы зрабілася лёгка-лёгка, як ніколі. Яна ведала, што такога стану душы яна ніколі не адчувала. І вельмі радавалася гэтаму.
“Бог дасць нам новую сустрэчу, – падумала Зінаіда, – і на мае незразумелыя пытанні я атрымаю грунтоўныя тлумачальныя адказы...”
Яна адчула сябе птушкай, якая сваімі порсткімі крыламі ўзнеслася над зямлёю... Падумала, што наступны раз сюды, у храм, яна прыдзе не адна, а з Леанідам...