Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— І навошта?
— Каб была сапраўдная свабода!
— А што такое сапраўдная свабода?
Люба задумалася.
— Каб кожнаму ўсё было можна.
— Як гэта ўсё? Дык мне можна было б забіць твайго сына?
— Так, можна!
— Глупства ты нясеш, дарагая Люба, у самай вялікай турме можна быць свабодным. Глянь на мяне, прынамсі, я вольны, як птушка.
— Нічога сабе воля! Ты гаворыш, што хацеў бы мяне, але не можаш, бо цябе стрымлівае дадзенае Барысу слова.
— Я даў яго па ўласнай волі.
— Але яно цябе зараз гняце.
— Не.
— Ты, капітане, нахабнік!
— Ты дрэнна мяне зразумела. Мяне больш гняло б парушэнне слова. Глядзі, я зараз шчаслівы, што змог авалодаць сабой, калі мы былі там, — ён паказаў на ложак.
— Капітане! — жаласна ўздыхнула Люба.
— Люба, будзь сапраўдным мужчынам, — сказаў са смехам Друцкі, — а цяпер спусціся ў хол. Праз пятнаццаць хвілін я буду гатовы і праводжу цябе. Як ты сябе адчуваеш?
Яна добра сябе адчувала.
Яны зайшлі ў цукерню выпіць кавы, пасля чаго Друцкі адвёз яе дадому.
Канечне, яна не прыйшла ні назаўтра, ні ў наступныя дні. Друцкі, зрэшты, цяпер уставаў значна раней, таму што машыну ўжо забраў з рамонту, дзякуючы чаму ён мог прагульвацца за горадам.
Часам ён браў з сабой Любу, Тэцю або Тоню. Казя таксама неаднаразова аб’яўлялася, але ён заўсёды адгаворваўся.
Яна надакучвала яму. Апошнім часам ён увогуле не наведваў яе. Таму яна воўкам глядзела на Тэцю, а гэта зноў аддаляла яе ад Друцкага.
Была субота, дзень, калі ў «Аргенціне» найбольш наведвальнікаў і самая вялікая выручка. Друцкі прыйшоў яшчэ ў восем. Прагледзеў ліст замоў і ўзяўся за чытанне карэспандэнцыі. Гэта былі пераважна гандлёвыя і любоўныя пісьмы. Сярод іх аказаўся, аднак, вялікі стары канверт, на якім было надрукавана на машынцы. Унутры быў аркушык паперы з тэкстам, таксама набраным на машынцы, і без подпісу.
Здзіўлены, ён прачытаў:
«Сёння ноччу будзе праверка. Калі ласка, усё прыбярыце. Піша вам невядомы сябар. Гэты ліст абавязкова спаліце».
Далей была дата.
— Што за праверка, чорт? Нейкі вар’ят, ці што?
Аднак ліст ён спаліў.
Дарма Друцкі ламаў сабе галаву, ён не мог зразумець, якой праверкай яго пужалі. З чаго б гэта раптам «Аргенціну» будуць правяраць? І што ён павінен прыбраць? Тут жа няма ні тайнага вінзавода, ні друкарні грошай!
Ён нібыта сапраўды ў сувязі з гэтым засумняваўся, абышоў увесь клуб: ад падвала да балконаў. Усё было ў поўным парадку.
«Альбо містыфікацыя, — падумаў ён, — альбо памылка, хутчэй містыфікацыя».
Ну і хто, да таго ж, мог яго папярэджваць пра рэвізію? У паліцыі ён нікога не ведаў, а пра такое можа ведаць толькі паліцыя ці там які-небудзь судовы следчы.
Гасцей усё прыбывала. Адпачывалі цудоўна. Мінула другая, трэцяя, чацвёртая гадзіна…
«Вядома, містыфікацыя!»
Друцкі падчас сваёй вандроўкі ад століка да століка смяяўся, вітаўся, прысаджваўся, калі да яго падышоў афіцыянт і шапнуў на вуха:
— Пан дырэктар, паліцыя!
— Што?
— Паліцыя.
Ён хутка выбег у хол, там сапраўды было шмат паліцэйскіх, у форме і ў цывільным.
— Вы ўладальнік гэтага клуба? — звярнуўся да Друцкага камісар, мажны брунет, якога Друцкі не раз бачыў на вуліцы.
— Я, — сказаў ён спакойна, — чым я магу вам дапамагчы?
— Я атрымаў загад правесці тут праверку.
— Праверку? — нібыта здзівіўся Друцкі. — Але ж, пан камісар, чаму?
— Мы атрымалі распараджэнне. Адзінае, чым я магу вам служыць, — гэта прад’явіць яго на паперы, калі вы мне не верыце.
— Я вам цалкам веру.
— Значыць, вы захочаце мяне суправаджаць.
На працягу пяці хвілін усе дзверы былі пад аховай. Сярод прысутных запанавала незадавальненне. Служкі шырока адкрывалі вочы і былі напужаныя.
Клуб абшуквалі пільна, заглядалі ў кожны кут, прастуквалі сцены і падлогу, даследавалі змесціва пакецікаў з кавай і цукрам.
Друцкі толькі ўсміхнуўся:
— Гэта быў, відаць, нейкі подлы данос.
Нарэшце камісар зайшоў у кабінет Друцкага, выправадзіў спалоханую пані Тэцю і папрасіў ключы ад сейфа і ад пісьмовага стала.
— Да вашых паслуг, вось ключы ад касы. Стол адчынены.
— Тут грошы, — сказаў камісар, адчыняючы сейф, і звярнуўся да Друцкага: — Будзьце ласкавы, дапамажыце рэвізіі. А гэта як адчыняецца? — указаў ён на маленькую шкатулку.
— Вось так, — падняў вечка Друцкі.
Унутры былі кантакты, падатковыя квітанцыі і падобнае.