Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Я так ня думаю. Проста Эўропа падзяліла постсавецкі сьвет на зоны сваіх інтарэсаў. А беларусы выпалі з-пад гэтай увагі. Прыбалтыка, напрыклад, была цікавая швэдам, немцам, гэтаксама як і іншыя. А мы апынуліся недзе пасярэдзіне, і паводле неабвешчанай дамовы трапілі ў сфэру інтарэсаў Расеі.
Зноў кажу: ня думаю, што тое зьвязанае з нашай мэнтальнасьцю. Тут справа ў гістарычных заканамернасьцях. Урэшце — у гісторыі.
4 чэрвеня 2008
Аляксандар Уліцёнак, Менск
Сёньня Сьвятлана Алексіевіч разважае пра ролю эліты.
Алексіевіч: Памятаю, лячу ў самалёце, і са мной побач — вучоны. Вялікі, у сэнсе пасады і рангу — начальнік з Акадэміі навук. Спачатку, пакуль ён мяне не пазнаў, была вельмі добрая гутарка. І раптам нешта мільгае ў вачох: «Вы хто — Алексіевіч?!» Ну, ня ведаю: каб можна было выскачыць тады ў ілюмінатар, то ён бы напэўна так і зрабіў… Зьбялеў, пачаў азірацца: хто яго бачыць…
Вось яна, наша эліта: тут і баязьлівасьць у чалавечых паводзінах, у думцы… Тут усё неяк разам.
А з другога боку бачу малады рамантызм: мы — асаблівыя, мы — ня рускія, мы цягнемся некуды вышэй, у Эўропу…
Тыя жывуць страхам, гэтыя — сьветам рамантызму.
А моцнага мазгавога цэнтру, эліты сапраўднай сёньня ня маем. Найлепшыя магікане памерлі ўжо: няма ні Караткевіча, ні Быкава, ні Адамовіча, Брыля няма… Але ж былі ў нас такія людзі!
А цяпер, у такі страшны час, мы абсалютна бяз пастыраў. А яны нам дужа патрэбныя. Бо мы вырашаем праблемы XX, a не XXI стагодзьдзя.
Няхай нават з розных прычынаў шмат каго з нас не чытаюць і ня слухаюць (мяне, напрыклад, як і многіх іншых, выкідваюць з праграм, не друкуюць), аднак сёньня такі сьвет, калі можна і сказаць, і надрукаваць. У такім разе трэба не ў адчай упадаць, а спакойна рабіць сваю працу.
Чаму? Дакладна ведаю, што тыя сотні маладых людзей, якія выходзяць на вуліцу, яны ня зробяць рэвалюцыі. Але нас, нашую годнасьць — ратуюць.
Адзінае, у чым я абсалютна ўпэўненая, гэта наступнае: рамантызм сёньня злачынны. Эліта мусіць ісьці да людзей, гаварыць зь імі, выяжджаць на месцы. Я, дарэчы, калі вяртаюся ў Менск, вельмі шмат падарожнічаю тут.
Бо гэта наш сьвет, ён не падобны на іншы. Нельга ў менскім мэтро езьдзіць па нью-ёрскім раскладзе. У нас сваё жыцьцё. Што зусім не азначае, нібыта тут паўстане нейкая асаблівая, беларуская дэмакратыя. Яна або ёсьць, або яе няма. Але…
Але трэба ўглядацца ў сваё жыцьцё.
6 чэрвеня 2008
Грамадзкі рэдактар тыдня — Сьвятлана Алексіевіч.
Алексіевіч: Цяпер мы ўсе перажываем пэрыяд адзіноты і разгубленасьці перад новым жыцьцём, перад новай сыстэмай каштоўнасьцяў. Вядома, Біблію не перапісалі, але… Кожны час існуе ў нейкіх сваіх адказах. Сёньня чалавеку трэба адказаць: што важна, акрамя прыватнага жыцьця?
А мы жывём цяпер у часе культу прыватнага. Аднак гэты вульгарны пэрыяд хутка пройдзе. Вось мы паезьдзім, паглядзім сьвет і ўбачым: там людзі ўжо не зьвяртаюць увагі, як, напрыклад, апрануты чалавек, што для нас цяпер дужа важна. Калі я прылятаю ў Менск, першае, што бачу ў аэрапорце, далей у горадзе — жанчыны на высокіх абцасах, размаляваныя, вельмі добра апранутыя, нібыта сёньня ва ўсіх іх нейкае сьвята… А ва ўсім сьвеце тое ўжо нецікава!
У гэтым сэнсе прыйшоў час дэмакратызму, прыязнасьці, асабліва я тое заўважыла ў Швэцыі — ды паўсюль. Я была ў кампаніі з каранаванымі асобамі, мільярдэрамі, дык па адзеньні цяжка здагадацца пра сацыяльны ранг чалавека: тыя самыя джынсы, тыя самыя акуляры — толькі іншы рахунак у банку.
Усе занятыя абсалютна іншым, калі шукаюць сэнс у жыцьці. Апроч гэтага мінімуму ў грамадзтве спажываньня, да якога мы рвемся, каб аднаму мець, скажам, «мэрсэдэс», другому скрыню піва штодня, ёсьць нешта больш значнае.
Сапраўды, з-пад вечка труны не пра тое ж будзе згадваць нябожчык, якія ў яго былі туфлі ці марка аўтамабіля? Зусім не пра тое… Адзін расейскі мільярдэр, які нечакана захварэў і чакаў найгоршага, сказаў мне: я ўсё маю, я ўсё паспытаў, але ў апошнюю мінуту буду ўзгадваць, як піў віно з туфліка каханай жанчыны.
Выходзіць, з сабой чалавек бярэ тое, што — Над. Над матэрыяльным.
9 чэрвеня 2008
Аляксей Знаткевіч, Прага
На мінулым тыдні грамадзкім рэдактарам нашага радыё была пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч.