Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Пераехаўшы неглыбокую рачулку, хлопчыка адпусцілі, падзякаваўшы яму за дапамогу.
У Біспінга пераначавалі, а раніцай, на цямочку, зноў рушылі ў дарогу.
Мерыліся ехаць на Ваўкавыск, але на тракце сустрэлі расейскіх грэнадзёраў, павярнулі ў Слонімскі павет. Па дарозе ішла жанчына з хлапчуком. У яе папыталіся, як даехаць да маёнтка Луконца, дзе пражываў акружны памешчык Ягалкоўскі. Жанчына моўчкі махнула ўбок лесу рукой.
Ягалкоўскі сядзеў пад разгалістай ліпай, чытаў кнігу.
Убачыўшы гасцей, няспешна падняўся:
– Проша да стала, халодным кваском пачастую, – запрасіў гаспадар прыезджых у цяністую алею, паручкаўшыся з імі, абняўся. Ведалі добра адзін аднаго, паважалі, час праверыў яго вернасць і яны былі рады запланаванай сустрэчы.
– З задавальненнем, – згадзіўся адразу Канстанцін. – Але ёсць просьба. Неабходна тэрмінова паклікаць да нас памешчыка Язэпа Стравінскага.
– Добра, зразумеў. Вы праходзьце на летнюю веранду, а я распараджуся паслаць за Стравінскім.
Пакуль чакалі прыезду Язэпа, Ягалоўскі паказаў рэвалюцыйнаму камісару Гродненскай губерні Вікенцію-Канстанціну Каліноўскаму неабходныя паперы і дакументы.
– Вось спіс людзей, якія ўліліся ў паўстанцкія атрады. Вось пералік зброі, якой не хапае. Мясцовы каваль нарабіў шмат дзідаў і мячоў, але гэтага недастаткова. Не хапае коней, не хапае вазоў, вяровак, сякер… Паціху неабходнае звозяць вазніцы ў мае патаемныя склады, але хацелася б больш… Ваяваць – не касой махаць пад час касавіцы.
Каліноўскі ўважліва вывучаў паперы, задаваў пытанні, удакладняў.
Эразм назіраў за тварам рэвалюцыйнага камісара, адзначаў, што дыктатар ужо не такі раздражнёны, як перад гэтым. Згарнуўшы паперы, вярнуў гаспадару, параіў:
– Хаваеце ў надзейнай схованцы?
– А як жа.
Недзе праз гадзіну прыехаў на брычцы і Язэп Стравінскі.
– Каго любіш?
– Люблю Беларусь!
– То і ўзаемна!
У вачах зацікаўленасць, радасць сустрэчы.
І Язэп расказаў камісару пра становішча спраў. Не ў ружовых колерах, гаварыў начысціню, асабліва не скардзячыся на слабую дапамогу з боку мясцовай шляхты, але ж і не хвалячыся тым, што ўдалося дасягнуць.
Пасля даклада Каліноўскі звярнуўся да яго:
– Спадар Язэп, мяне ўпаўнаважылі прызначыць вас павятовым Слонімскага павета. Думаю, што абавязкі для вас зразумелыя, інструктаваць не трэба.
– На апошнім пасяджэнні ў Гродне вы падрабязна пра гэта расказвалі.
– Якія пытанні будуць да мяне? Якія пажаданні, шаноўныя спадары?
– Пажаданне адно, спадар рэвалюцыйны камісар: дай, Божа, нам сілы і моцы!
– Дай Божа!
– Куды далей?
– Да памешчыка Арды. Яго праведаем…
Замест Арды даклад трымаў яго ўпраўляючы Якаў Свешынскі. Ад імя свайго гаспадара папрасіў прабачэння за яго адсутнасць – па справах паўстання знаходзіцца ў Варшаве. Дастаў са скураной сумкі паперы, падаў Каліноўскаму.
– Я ведаю пра ўсе справы і прымаю ўдзел у паўстанні. Калі што незразумела з папер, растлумачу на словах.
Тлумачэнні не спатрэбіліся. Кастусь і Эразм засталіся задаволеныя.
У маёнтку Гародня памешчыка Свяржынскага заспелі памешчыка Керсноўскага. Свяржынскі прапанаваў затрымацца, паабедаць, але Каліноўскі адмовіўся, загадаў адразу ж ехаць усім разам да Керсноўскага.
– У яго і абгаворым нашыя справы, а потым адразу разам рушым у паўстанцкі лагер. Колькі вёрстаў будзе ад вас – пяць-шэсць?
– Меней. Вярсты з тры…
– Рушылі! Час не чакае.
…Маёнтак Вірэйкі належаў пану Канстанціну Тарасовічу.
На ганак выйшаў сярэдніх гадоў мужчына. Барада ніяк не хавала яго ўзрост, наадварот, прыдавала выгляду і паставе куды маладзейшыя гады. Стаяў, чакаў, калі прыезджыя падыдуць да яго.
– Каго любіш, пане Канстанцін?
– Люблю Беларусь!
– То і ўзаемна!
Трымаўся з годнасцю, паважна, ведаючы, хто прыехаў да яго і з якой мэтай.
Вікенцій застаўся задаволеным сустрэчай. Настрой збольшага падняўся, не прыгняталі вельмі змрочныя думкі.
…Мілавідскі лагер паўстанцаў сапраўды знаходзіўся недалёка ад уладанняў Керсноўскага. Месца атабарвання паўстанцаў аддзяляла ад паселішчаў і дарог забалочаная нізіна, спрэс пакрытая чаратамі і асотам.
Экіпаж, не спыняючыся, рухаўся па карычневай твані, разганяючы ў абодва бакі рыжыя хвалі. На нейкай яміне гайданула, і дыктатар адарваўся ад сваіх думак.
– Мы дзе, Эразм?
– Пад’язджаем ужо, за ўзболаткам паўстанцкія атрады.