Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Калі дзе і збіраліся раней, то больш скардзіліся, што жывуць усе ў паасобку, разрознена, нецікава.
– А давайце пачнем збірацца ў каго-небудзь.
Тады Людвіка здзіўлена паглядзела на сястру, падумала: “ Малайчына. Харошы завадатар…”
– А што? – падхапіла Каржанеўская, што прагульвалася разам з імі каля Вострай брамы. – І гэта будзе накшталт жаночага гуртка, праўда? Во як здорава! У Маскве ды Пецярбурзе, Варшаве ды Вроцлаве, чула, існуюць салоны ды гурткі. Літаратурныя, духоўныя, яшчэ нейкія… А ў нас чаму б не стварыць? У мяне і наладзім першую бяседу.
– А колькі нас можа сабрацца? – тут жа папыталася Марыся.
– Трэба палічыць… З кожнай пагаварыць. Думаю, ніхто не адмовіцца. Мы ж не змоўшчыкі якія-небудзь, а свецкія, інтэлігентныя жанчыны. Мы ж і дабрачыннасцю можам займацца, у лякарні хадзіць, лекі хворым даваць…
Людвіка слухала іх размову, не ўмешвалася, адзначаючы пра сябе, што добра яны прыдумалі, а калі прыдумалі, то не адступяцца ад сваёй ідэі. Асабліва Марыся.
– А ты, Людвіка, як глядзіш на гэта? – папыталася сястра, адчуўшы няёмкасць, што тая неяк аказалася ўбаку ад такой важнай размовы.
– Я – як і вы, – сціпла адказала дзяўчына, – чаму ж я павінна не падтрымаць вас?
Церусіў дробны дождж. То набіраў сілу, то зусім пераставаў. Неба набрыняла свінцовымі воблакамі, і яны нізка сцяліліся над Вільняй.
– Не скучно ли, уважаемая сударыня, стоять вам одной под этим дождем?
Яна і не заўжыла, як да яе падышоў невядомы юнак у плашчовай накідцы, фуражцы з цэшкай – ці то вайсковец, ці то жандарм.
Хацела сказануць нешта вострае, што ён асьмеліўся вось так проста падысці да невядомай жанчыны. Але адказала коратка і сціпла:
– Не, мне не сумна. Люблю такое надвор’е.
– О, вы, значит, мечтательница?
– Ды не, проста пад час такога ціхмянага дажджу прыходзіць цішыня. А цішыня – гэта добра.
– Ради Бога, извините, что так внезапно подошел к вам. Хочу представиться, чтобы не прослыть мужланом. Честь имею – Фавелин, доктор Фавелин. Несколько лет назад здесь был расквартирован казачий полк. Вот я и остался в Вильно.
Яна больш уважліва паглядзела на яго, як быццам магла ўгледзець у ім больш таго, што пачула.
– Людвіка. Людвіка Ямант.
– А вы кого-нибудь ожидаете? Простите, ради Бога, не знаю и сам, как получилось, что захотелось подойти к вам. Стоит под дождём девица, – мне показалось, что вам нужна помощь…
Дзяўчына заўсміхалася, пахітала галавой:
– Ды не. Я проста чакаю сваю сястру – у госці сабраліся з ёю схадзіць. Вы меня хоть понимаете, – апамяталася Людвіка, што размаўляе з ім на ліцьвінскай мове, – или мне перейти на российский говор?
– Да нет же, нет, я отлично понимаю ваш белорусинский язык, – супакоіў яе Фавелін, – и даже прошу вас разговаривать на нем. Мне он кажется таким певучим и мелодичным. Недаром же великий Адам Мицкевич сказал, что ваш язык самый лучший из всех европейских. И его слова не оспаривал даже Пушкин.
Ужо і дождж перастаў, і сонца выглянула з-за аблокаў, асвяціўшы плошчу і вылучыўшы Вострую браму. Людвіка апусціла парасон, склала яго, апусціла да зямлі.
Нешта яшчэ хацеў сказаць доктар, але Людвіка здалёку ўбачыла Марысю і радасна памахала ёй. Сястрыца лёгкай паходкай накіроўвалася да іх.
– Добры дзень! – павіталася з незнаёмцам, гледзячы зацікаўлена на яго.
– Здравствуйте, сударыня Марыся! – ледзь нахіліўшы ў паклоне галаву, адказаў юнак.
– Вы ведаеце, як маё імя? – здзівілася Марыся, гледзячы ўжо на сястру, як бы пытаючыся ў яе: “То ты сказала, так?..”
Людвіка ледзь прыкметна пачырванела. Потым, апамятаўшыся, прамовіла:
– Марыська, знаёмся, гэта доктар Фавелін.
– Доктар Фавелін? – падзівілася малодшая сястра. – Гэта той доктар, які служыў у казачым атаманскім палку і пасля яго расквартавання застаўся жыць у Вільні?
– Тот самый, вы не ошиблись. И я прошу прощения, что смутил и вашу сестру, и вас. Я впервые встретил Людвику и это произошло несколько минут назад. Мы мило беседовали. А виной всему дождь. Я увидел одинокую девушку под зонтом и не удержался, подошел, спросил, не нужна ли моя помощь…
Марыся засмяялася:
– Гэта нешта новае. Мая сястрыца знаёміцца з вайскоўцамі ў дажджавое надвор’е?
– Марыся… – папераджальна паглядзела на яе Людвіка.
– Людвіка, я нічога кепскага не падумала. А што з табой пазнаёміўся доктар, дык гэта ж вельмі добра. Цябе ж разгаварыць, тым больш незнаёмаму юнаку, гэта праблема. А пан Фавелін разумее нашую мову?