Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
– Добра, Эразм. Да заўтра.
І першым падняўся з лаўкі.
Эразм доўга глядзеў яму ў след, думаючы пра сваё.
“Які, братка, характар у цябе! Узваліў ты, Вікенцій-Канстанцін, на свае плечы ой які груз... Хаця б цябе заўтра не напаткала расчараванне… Не ўсё ж будзе добра, не ўсё гладка, бо не рэгулярная армія будзе ваяваць з царскімі войскамі, а сяляне і шляхта, якія ніколі не трымалі зброю ў руках…
…Ноччу ліў дождж, таму дарогі раскіслі, скрозь – калюжыны.
Але коні спраўна цягнулі брычку. Заблоцкі не падганяў іх, ведаючы, што рызыкоўна тое рабіць, – ашчаджаў і коней, і брычку…
Дыктатар найбольш маўчаў, хмурыўся. Эразм стараўся не назаляць яму гутаркай, бо перад гэтым даволі падрабязна пра ўсё пагаварылі.
Спачатку завіталі да памешчыка Спірыдовіча. Ён аказаўся дома.
– Каго любіш?
– Люблю Беларусь!
– То ўзаемна!
Гаспадар запрасіў прыезджых у хату. Кастусь адмовіўся, і папытаўся:
– Як у вашых мясцінах, спадар Спірыдовіч?
– Ды быццам нармальна. Зброю ўсю не падвезлі, але карчмар Вонзель заўтра паабяцаў даставіць па прызначэнні.
– Як у атрадзе з дысцыплінай?
– Па-рознаму… Большасць – дысцыплінаваныя, але ёсць і такія, якім хочацца пагуляць у вайну…
– Вось вам інструкцыі. А вось “Мужыцкая праўда”. Прачытайце людзям.
– Гэта добра, што вы газэтку прывезлі. З ёю лягчэй гаварыць з народам.
Каліноўскі паціснуў руку, паглядзеў дапытліва ў вочы:
– Мы спадзяемся на вас! А Завістоўскі далёка адсюль?
– Ды не, вунь за той дубровай маёнтак Аляксінец пакажацца. Гэта і ёсць уладанні памешчыка Завістоўскага… Ён ведае пра вас, чакае… З Богам!
– З Богам!
Але Завістоўскага не заспелі на месцы. Замест яго вёў размову аканом пана – высокага росту мужчына, сярэдніх гадоў.
– Няма яго, у Вільню паехаў па нейкай пільнай патрэбе, – адказаў на пытанне Заблоцкага аканом. – Сказаў мне, каб я сустрэў вас, накарміў, напаіў, даў правіянта на дарогу…
– Калі ж вернецца?
– Не казаў, не ведаю.
Завістоўскі быў прызначаны на пасаду рэферэнта камунікацый, і быў папярэджаны загадзя, што, праязджаючы па тракце, правяраючыя завітаюць да яго, прадпісвалася прадставіць спісы паўстанцаў, якія яны маюць патрэбы.
Не падымаючыся вышэй па прыступках, дыктатар тут жа, апершыся правай нагой на бардзюр, напісаў пісьмовую вымову за нядбайнасць, за тое, што рэферэнт Завістоўскі парушае рэвалюцыйную дысцыпліну.
– Перадайце абавязкова Завістоўскаму гэтую паперку. Абавязкова. І нашую незадаволенасць яго адсутнасцю. А мы паехалі далей…
– Перадам. А правіянт, правіянт захопіце з сабой? Я падрыхтаваў.
Канстанцін адвярнуўся ад яго:
– Дзякуем, мы спяшаемся…
Да маёнтка памешчыка Міхала Прылоўскага дабіраліся праз забалочаную нізіну. Коні грузлі, колы правальваліся ў нябачных ямінах.
Міхал Прылоўскі знаходзіўся на канюшнях – з Вільні яму даставілі трох скакуноў, і ён правяраў іх вартасці. Адарваўся ад агляду неахвотна, перадаручыў гэты клопат канюшынаму.
Тая ж размова, – тыя ж клопаты і хібы. Канстанцін хмурыўся, слухаючы даклад Прылоўскага.
І вочы ў таго неяк бегалі, і рукі не знаходзілі месца.
“Характару не цвёрдага, – адзначаў пра сябе кіраўнік паўстання. – Паспешлівы ў словах і, мусіць, такі ж у справах… Можа брацца з ахвотай, але не давесці да канца”.
– Ці забяспечаны ўсе паўстанцы неабходнай зброяй, пан Прылоўскі?
Пытанне прагучэла нечакана, таму позірк зноў неспакойна перакідваўся з аднаго на другога.
– Ды як сказаць, спадар Канстанцін… Больш паловы паўстанцаў зброю маюць, а астатняе павінен прывезці карчмар Юдовіч – на некалькіх падводах… Абяцаў праз дзень-два…
– Хто правярае спраўнасць той зброі – штуцэраў? Ёсць спецыяліст? – задаў сваё пытанне і Эразм. – Мы пра тое гаварылі з вамі апошні раз.
Прылоўскі крутануў галавой, кіўнуў сцвярджальна:
– Ёсць некалькі афіцэраў. Ім даручана праверка штуцэраў… Мо пройдзем да мяне на веранду, каб прадоўжыць размову. Вы ж з дарогі, падсілкавацца трэба.
Каліноўскі адмоўна пакруціў галавой:
– Не, дзякуем, спяшаемся… За даклад дзякую. Скажыце, да памешчыка Біспінга далёка? Да яго ляжыць далей наш шлях.
– Да Вярэек і не так далёка, не заўважыце, як і даедзеце. Але па тракце могуць рухацца царскія войскі, таму я параіў бы ў аб’езд. На вёрстаў пяць болей, але так будзе надзейней.
І тут жа, агледзеўшыся, гукнуў некага:
– Ганька, ідзі да нас!
Да пана падышоў загарэлы хлапчук гадоў з восем.
– Пакажаш аб’язную дарогу на Вярэйкі. Правядзеш да ўрочышча Гронкі, а потым сам вернешся… Адтуль толькі адна дарога да маёнтка.