Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Адкуль пра Прынцэсу ведаеш?
– У вагоне адным выпадкова ехалі, у адным купе. Разгаварыліся. Яна расказала пра сябе... Пра свайго гвалтаўніка. А то, аказваецца, быў ты, ёшкін кот...
Ён адвярнуўся да сцяны, скрыгатаў зубамі.
Яна адышла ад яго, пакінуўшы яму яго ж недаўменне і страх, страх таго, што яму нікуды не падзецца ад пакарання за сваё злачынства... За многія злачынствы.
У тры гадзіны ночы, калі зноў наступіла цішыня, прыўстаў Сяргей з ложка, агледзеўся.
– Ты куды?
– У туалет...
– Табе яшчэ нельга ўставаць...
– Нічога, я амаль здаровы...
– Ну, як знаеш...
Трымаючыся адной рукой за сцяну, а другой за ніз жывата, пасунуўся да прыбіральні...
Не вяртаўся ён і пяць хвілін, і дзесяць, і паўгадзіны прайшло ўжо...
– Светка, схадзі глянь, мо заснуў на ўнітазе...
Нешта падціскала пад грудзі, падступілася няўцямнае прадчуванне нечага непазбежнага і трывожнага. Усё цела Зінаіды напруцілася, і сціснулася ў нябачную спружыну, і кожная секунда часу адбівалася гучным звонам у яе сэрцы і скронях...
Света як пабегла, гэтак жа хутка і вярнулася. Вочы шырака раскрыты, рукамі дакранулася да рота, слова вымавіць не можа...
– Там... Зінка, там... там яго няма... Ён... на вуліцы ляжыць, у сметніку...
Не ўскочыла з крэсла, не спытала трывожна, што ж здарылася. Яна як усё роўна загадзя ведала, што там магло адбыцца, і што адбылося насамрэч. Нават і галавы не падняла, не зірнула на Светку...
– Ідзі, звані... – нахмурылася Зінаіда, усё зразумеўшы з кароткіх слоў сяброўкі.
– Каму? – не зразумела медсястра.
– Веры Пятроўне... Скажы, што ў нас “чп” – чалавек выкінуўся ў акно, – Стром.
Нейкі час раздумвала, глядзела са здзіўленнем на Зіну, чаго яна так спакойна і абыякава рэагуе на здарэнне, але, атросшы з сябе здранцвенне, заспяшалася ў ардынатарскую – да гарадскога тэлефона.
“Божа, дзякуй Табе, што адвёў ад мяне бяду і што я не сатварыла грэх, – шаптала Зінаіда, – хаця і магла яму забараніць ісці ў туалет, не пусціць туды... Але, як я зразумела, ён ужо сам шукаў сваёй смерці... Даруй, Божа, калі я памыляюся, і калі на мне ляжыць грэх... Ты казаў – любеце ворагаў вашых... У мяне да яго няма любові, адно хіба шкадванне, што так пражыў і распарадзіўся сваім жыццём...”
Прыязджалі следчыя пракуратуры.
– Я тут сядзела, – давала паказанні Света маладому следчаму, мусіць, учарашняму выпускніку юрыдычнага, – а Зіна і Кацярына вунь на той канапе... А той хворы падняўся, і пайшоў у туалет. Адпіхнуў Зіну, калі яна не пускала яго туды...
– Цікава, цікава, што яго магло штурхнуць на гэта, – плямкаў губамі следчы, нешта памячаў у блакноціку.
– Не ведаю, – паціскала плячыма Света, быццам пытанне тычылася толькі яе...
– Так усё было, як расказвала Краснова? – паглядзеў следчы на астатніх траіх медсясцёр.
– Усё так, – адказала за ўсіх Зінаіда.
– Можа, хто хоча дадаць што да вышэйсказанага?
Усе чацвёра моўчкі пакруцілі галовамі.
Падымаючыся з-за стала, сказаў на развітанне:
– Але калі будзе неабходнасць, то мы вас выклічам у пракуратуру.
Ніхто яму не адказаў – ва ўсіх быў прыгнечаны настрой.
– Чаго ж так доўга затрымалася? – сустрэў на ганку Леанід, і, убачыўшы, з якім настроем яна выйшла з дзвярэй, трывожна спытаў: – Што здарылася? Ты сама не свая...
Калі спусціліся па прыступках уніз, калі ішлі па заснежанай дарозе да прыпынку, прамовіла:
– У нас “чп”... З міліцыі ў нас, з пракуратуры...
– Чаго?
Леанід спыніўся, чакаў тлумачэнняў.
– З нашага аддзялення чалавек выкінуўся ў акно. І гэта я яго, Лёня, забіла...
– Нічога не разумею. Ён сам выкінуўся ў акно, а ты кажаш, што гэта ты яго забіла.
– Я. Словам яго забіла.
– ?
– Бо я пазнала яго, а ён прызнаўся, што гэта ён мяне збіў на прыпынку і абрабаваў.
– Як жа ты яго пазнала, калі ты казала, што яго ў цемры не ўбачыла?
– Па голасе, Лёня. Ён тады пракрычаў “ёшкін кот”, і цяпер, пакутуючы без дозы наркотыкаў, крыкнуў тое ж самае... А яшчэ раскрывяніў маю руку пяццю пазногцямі, як і тады... Для яго маё пазнаванне аказалася шокам. Ён толькі і спытаў: “Дык гэта ты была?”
Ён здзіўлена пахітаў галавой, абняў яе, як ратаваў ад новага нападу, прытуліў да сябе.
– Зіна! Нам неабходна тэрмінова ехаць у пракуратуру! – павярнуў ён яе твар да сябе, глядзеў у вочы, адчуваючы, што начны страх і напружанасць у яе не праходзілі, і, можа быць, і не хутка пройдзе.
– А ці трэба?
Яна толькі ўдакладніла, каб пацвердзіць свае думкі і жаданне дальнейшых дзеянняў.