Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 63 64 65 66 67 68 69 70 71 ... 140
Перейти на страницу:

— О, якая яна прыгожая! Аж свеціцца… А я… Не, не хачу яе!

— Выйдзі, - паказаў Жывене Галдан, і яна пайшла прэч, убачыўшы, што схуднелая на трэску жанчына з тварам-чэрапам і вялікімі вачамі без вейкаў, з рэдкімі чорнымі валасамі сапраўды на краёчку жыцця, але прагна цягнецца назад, у бясконца вабны свет кахання і ўцех. Некалькі гадоў назад ёй зрабілі аперацыю ў бальніцы манастыра Пантакратара, дзе працавалі лепшыя ў Рамеі лекары; асабліва там славіліся хірургі і акушэркі, бо ўсе яны заканчвалі школу па лекарскім майстэрстве, што працавала тут жа ў манастыры. Аднак праз тры гады камітэса захварэла зноў, і на ногі яе ўжо не змаглі паставіць. Адна з найслаўнейшых прыгажунь Цар-горада, яна найперш не магла згадзіцца з тым, што страчаная прыгажосць, таму ў яе пакоях не было ніводнага люстра.

Аднак праз некалькі дзён тыбецец дазволіў Жывене ўвайсці ў пакоі Еўдакіі. На гэты раз хворая была спакайнейшай.

— Лекар сказаў, што ў цябе ёсць сіла і ты можаш дапамагчы, — прашаптала яна. — Сапраўды, у цябе добры твар. А я стамілася ад хцівых і нядбайных. Нядаўна адна… ледзь не атруціла мяне, паклаўшы опію ў тры разы болей…

Жывена ведала пра тое: чарнавокая грачанка Алена, прададзеная ў рабства бацькамі-беднякамі, моцна тужыла па жаніху, якога забілі ў бойцы, і памылкова паклала ў кубак болей заспакаяльнага рэчыва, якім супакойваліся болі. За тое яе білі бізуном з уплеценымі ў яго свінцовымі шарыкамі, а пасля асляпілі. Аднак старыя рабы, хаця і шкадавалі дзяўчыну, казалі, што раней за такое спалілі б альбо аддалі б на арэну дзікім звярам, у лепшым выпадку адсеклі б рукі ці ногі.

Камітэса шаптала нешта яшчэ, але тут Жывена ўбачыла над яе галавой ікону — мабыць, пра яе расказвалі жонкі Саліма. Тонкі твар жанчыны, аточаны цёмна-карычневым покрывам з залатой візантыйскай паласой, няўлоўна падобны быў да твару Еўдакіі. Толькі вочы былі іншыя: задуменныя, глыбокія, яны праціналі, але не вастрынёй, а нейкай бясконцай мяккасцю. А дзіця на руках у яе было падобнае да Святазара, толькі чорнавалосага. Яна страсянула галавой, нібы адганяючы морак, ды тут голас Еўдакіі зрабіўся іншым, загучаў пранізліва:

— Я пытаюся, як цябе клічуць, рабыня?

— Жывенаю, — паспешліва схілілася дзяўчына перад слабою, але страшнаю сваёй бязмежнай уладай над яе жыццём, лёсам, як і лёсам соцень іншых рабоў, камітэсай.

— Жыв… Не, гэтага варварскага імені мне не запомніць. Я назаву цябе Ефрасінняй, так клікалі маю старую няньку, якая памерла.

Яна паківала пальцам, і пасцельнічы Феафілакт нячутна наблізіўся да ложка.

— Павесь яе імя ёй на шыі, - загадала камітэса. — І апрані ў ліловае, ты ж ведаеш, я люблю гэты колер на слугах.

З таблічкай на шаўковым шнуры, у ліловым хітоне заходзіла цяпер Жывена ў пакоі да камітэсы, і часам ёй здавалася, што ўсё ранейшае жыццё было толькі сном, прыгожым і яркім, які, аднак, раніцай раствараецца, як белы калыхлівы туман. Брутэн і Відэвут, Святазар, Менцязь, дзе так лёгка і вольна было гайдацца ў сонечны дзень, лёгкасць і спакой душы, нібы пранізанай сонцам — з ёю гэта было ці таксама прыснілася? І куды падзеўся дар, які яна з такой радасцю несла людзям, дапамагаючы ім? Глуха было ў душы, хаця часта, як і раней, малілася Ашвінам, хаця адразу ж пасля таго, як атрымала ад Нікіфара залаты салід-намісму, заказала рамесніку-чаканшчыку медальён, падобны да храмавага. Ды паступова рабілася радасцю і забірала ў палон любоў да хлопчыка — усё болей і болей, ажно Жывена сама дзівілася з гэтага новага, невядомага раней пачуцця. Першыя крокі дзіцяці, першыя ягоныя словы поўнілі пяшчотай і нібы надавалі моцы.

Нечаканай радасцю рабілася і знаёмства з Галданам Цэрэнханам.

Суровы і нешматслоўны лекар уражваў спакойнай сілай, якая нібы асаджвала капрызную Еўдакію, уладнага Нікіфара, не кажучы ўжо аб слугах. Тыя, як зачараваныя, кідаліся выконваць кожнае распараджэнне чалавека, якога яны спачатку празвалі Брутусам* і, насміхаючыся, перадражнівалі за ягонай спіной. Цяпер жа нават пасцельнічы Феафілакт, хітры і ліслівы, усміхаўся і нізка кланяўся Галдану — амаль гэтак жа нізка, як і гаспадарам.

* Тупы, грубы (лац.).

Нікіфар усё ж спадзяваўся на выздараўленне жонкі, назіраючы, як ружавее яе твар і спакайнейшым робіцца сон. Смерць яе магла пацягнуць за сабой загад прыняць пострыг. І хаця ўдаўцы ці ўдовы са знатных сем'яў маглі не ісці ў манастыр, якому перадавалася маёмасць, над ёю яны былі ўжо не ўладныя. Коміту ж такі загад мой прыйсці ў першую чаргу, бо лаціняне і так скоса пазіралі на тое, што такая ўплывовая пасада займалася грэкам, хай сабе і знатным. З таго часу, як крыжакі, якія ішлі праз Канстанцінопаль вызваляць Святую Зямлю ад няверных, захапілі яго і ўсталявалі сваю ўладу, яны імкнуліся адхіліць знатных грэкаў ад палітычнага жыцця. Аднак улада севастакратара была акружана такой веліччу і пышнасцю, так салодка люляла абранніка і яго світу тронная падушка, што ўжо Балдуін Першы, воін і рыцар, неўзабаве апрануў імператарскі плашч з вышытымі на ім залатымі арламі, пурпуровыя сандалеты, карону і аднавіў увесь уклад візантыйскага двара, калі кожны крок імператара суправаджаецца складаным цырыманіялам і хваласловамі-акламацыямі, дзе праз пакаленні не мяняецца ніводная нота, дзе нават імператарскае чарніла — пурпуровае. І ўсе астатнія лаціняне, што ўзыходзілі на візантыйскі трон, загадвалі аб'яўляць пры кожным урачыстым выхадзе, што яны пераемнікі Юстыніяна і Комнінаў, і паступова зноў набліжаліся да трона старыя візантыйскія роды, нягледзячы на супраціўленне прышлых. Нікіфар ад бацькі чуў, як смяялася старая знаць, калі прызначаны протавестыярыем* ваяка Канон Бецюнскі блытаўся ў раскошным доўгім адзенні і раз'язджаўся па мармуровай падлозе ў найтанчэйшых, як шоўк, скураных пантофлях, у якіх так спрытна ходзяць звыклыя да пышнасці сенатары. Сам Нікіфар вылучыўся пры Балдуіне Другім, бо на іпадроме толькі ягоныя коні раз за разам прыходзілі першымі, а імператар, як і ўся прыдворная вярхушка, любіў конныя заезды, тэатральныя відовішчы, любіў, калі плебс радасна вітаў яго прыход на імператарскую трыбуну.

1 ... 63 64 65 66 67 68 69 70 71 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)