Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
Гэндальф зь Піпінам прыйшлі ў пакой Мэры. Арагорн быў ужо там, стаяў побач з ложкам.
– Небарака Мэры! – Піпін кінуўся да ложка, бо яму падалося, што ягоны сябрук выглядае горш, чым раней, і твар ягоны зусім пашарэў, нібы цяжар многіх гадоў тугі лёг на яго, і раптам жахлівая думка ўзьнікла ў Піпіна: Мэры памірае, няйначай.
– Ня бойся, – суцешыў Арагорн. – Я не спазьніўся й ужо клікаў яго назад. Ён надта стомлены зараз і вельмі сумуе, і ён цяжка паранены, як і панна Эявін, бо наважыўся ўзьняць руку на сьмяротнага вычварня. Дух ягоны моцны й жыцьцярадасны, так што ён аправіцца ад ліха. На гора сваё не забудзецца, але яно не азмрочыць ягонага сэрца, толькі дадасьць мудрасьці.
Арагорн паклаў далонь на галаву Мэры і, правёўшы асьцярожна па бурых кудзерах, крануў павекі хобіта й паклікаў па імені. I калі водар ацэласу паплыў па пакоі, нібы пах саду, паўнюткага пчолаў і верасу пад сонцам, Мэры раптоўна прачнуўся й сказаў:
– Я галодны. Колькі часу?
– Гадзіна вячэры ўжо мінула, – паведаміў Піпін, – але, мяркую, знайду для цябе што, калі мне дазволяць.
– Дазволяць, і яшчэ як, – запэўніў Гэндальф. – I ўсё іншае, што пажадае гэты вершнік Рохану, калі толькі жаданае знойдзецца ў Мінас Тырыце. Тут ягонае імя цяпер у вялікай пашане.
– Файна! – адзначыў Мэры. – Тады я хачу спачатку добра павячэраць, а тады ўзяцца за люльку.
Тут ягоны твар азмрочыўся.
– Не, не вазьмуся. Ня думаю, што зноў стану паліць.
– Чаму ж не? – спытаў Піпін.
– А таму, – адказаў Мэры павольна й сумна, – што ён загінуў. Цяпер гэта зноў вярнулася да мяне. Казаў, шкадуе, што так і не паразмаўляў з мною пра зёлкі. Амаль апошняе, што казаў. Я не змагу паліць, ня згадваючы яго й той дзень, калі ён пад'ехаў да Ізенградку й быў такі ветлівы.
– Дык палі тады, думаючы пра яго! – параіў Арагорн. – Бо ён меў добрае сэрца, і быў вялікі кароль, і трымаў клятвы. Хоць нядоўга служыў ты яму, ён застанецца радасным і шляхетным успамінам да скону тваіх дзён.
– Ну, тады добра, – усьміхнуўся Мэры, – калі Швэндал дасьць мне паліва з прыладамі, тады я насамрэч папалю й прыгадаю. Я ў заплечніку прызапасіў Саруманавы найлепшыя зёлкі, але што здарылася з плецаком сярод бітвы, ня ведаю.
– Спадару Мэрыядоку, – вымавіў Арагорн, – калі лічыш, што я прайшоў праз горы й каралеўства Гондар з агнём і мечам толькі дзеля таго, каб прынесьці зельле бесклапотнаму ваяру, які выкінуў свой рыштунак, дык памыляесься. Калі ня знойдзеш свой пакунак, дык пашлі па майстра зёльніка гэтых Сядзібаў. I ён распавядзе табе, што зёлка, якой прагнеш, ня мае аніякай карысьці, а на простай паспалітай мове завецца заходняй травою, а на шляхетнай мове – галенас, дый паўторыць яе табе на іншых выкшталцоных мовах і, дадаўшы колькі паўзабытых вершыкаў, якіх не разумее, паведаміць з шкадаваньнем, што гэтай зёлкі ў Сядзібах няма, і з тым пакіне цябе разважаць пра гісторыю моваў. I я таксама пакіну. Бо я ў такім ложку, як твой, ня спаў з часоў, калі пакінуў Дунхэрэ, і ня еў ад сьвітанку.
Мэры ўхапіў ягоную руку й пацалаваў.
– Прабач мне, калі ласка, – сказаў яму. – Ідзі адпачывай. Бо з самай той ночы ў Прыгор'і мы – толькі клопат вашці. Але ж такая звычка ў майго племені – казаць пра ўсялякія дробязі ў важныя часіны й нашмат меней выказваць, чым ляжыць на сэрцы. Мы баімся выказаць шмат. I тое крадзе ў нас адпаведныя словы, калі жартаваць не да месца.
– Я добра тое ведаю, бо йначай не адплаціў бы табе той самай манэтай, – адказаў Арагорн. – Няхай жыве Шыр заўжды!
I, пацалаваўшы Мэры, крочыў прэч, і Гэндальф зь ім разам.
Піпін жа застаўся.
– Ну, ці ёсьць хто падобны да яго? – спытаў ён. – За выключэньнем Гэндальфа, вядома. Даражэнькі мой дурню, твой заплечнік ляжыць побач з ложкам, бо ты цягнуў яго на сьпіне, калі я сустрэў цябе. Швэндал увесь час бачыў яго, вядома ж. Дый у любым выпадку, у мяне таксама тое-сеё завалялася. Давай, варушыся! Бо ж гэта Панізовае лісьце! Набі-тка люлькі, а я пакуль папалюю на харчы. А тады расслабімся крышачку. Вох ты, бацюхны, мы, Хваты й Бронь-Бычы, на гэткіх шляхетным вышынях жыць не прызвычаеныя.
– Не, – адгукнуўся Мэры, – я дык дакладна не. Пакуль прынамсі. Аднак усё ж, Піпіне, мы іх пабачылі й навучыліся цаніць. Бо лепей, мяркую, найперш любіць тое, што ты здольны й звыклы любіць. Трэ пачынаць аднекуль, мець недзе карані, а глеба ў Шыры добрая й глыбокая. Адылі ёсьць рэчы глыбейшыя й шляхетнейшыя, і каб не яны, аніякі стары не гадаваў бы свой садок у тым, што ён заве "супакоем", бяз рэчаў гэтых. I няйстотна, ведае ён пра іх ці не. Я дык надта задаволены, што ведаю хоць бы крыху. Аднак нешта найшло на мяне – прамаўляю гэткім чынам. Дзе тыя зёлкі? I дастань маю люльку з хатуля, калі яшчэ цэлая.