Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 64 65 66 67 68 69 70 71 72 ... 150
Перейти на страницу:

Арагорн з Гэндальфам пайшлі да кашталяна Сядзібаў ды параілі яму, каб Фараміра з Эявін пратрымалі яшчэ шмат дзён, лекуючы й даглядаючы з асаблівай увагай.

– Панна Эявін неўзабаве захоча ўстаць ды сысьці, – папярэдзіўАрагорн, – але ёй нельга. Любым чынам затрымай яе, калі здолееш, самае менш на дзесяць дзён.

– Што ж тычыцца Фараміра, – дадаў Гэндальф, – няхай у хуткім часе даведаецца пра сьмерць бацькі. Аднак поўны расповед пра Дэнэтарава вар'яцтва ня варта даводзіць да яго, пакуль ён ня выправіцца цалкам ды ня вернецца да сваіх абавязкаў. Паклапаціся, каб Бэрэганд ды пэрыян, якія прысутнічалі там, пакуль пра тое яму не казалі!

– А што наконт іншага пэрыяна пад маім даглядам, што зь ім рабіць, вашамосьці? – спытаў кашталян.

– Падобна да таго, што ён раніцаю паправіцца дастаткова, каб устаць з ложка, – адказаў Арагорн. – Дазволь яму, калі пажадае. Няхай шпацыруе ў кампаніі ды пад наглядам сяброў.

– Выдатнае племя, гэтыя пэрыяны, – заўважыў кашталян, ківаючы. – Надта дужыя й цягавітыя натураю.

Ля дзьвярэй Сядзібаў шмат народу сабралася, каб пабачыць Арагорна, дый пайшло за ім увасьлед. А калі ён павячэраў, да яго падышлі людзі ды ўзмаліліся, каб ён ацаліў іхнюю кравіну ці сяброў, хто ляжаў, апантаны чорным подыхам. I тады Арагорн паслаў па сыноў Эльранда, і разам яны працавалі да глыбокай ночы. А па горадзе пайшлі чуткі: "Насамрэч вярнуўся кароль!" I назвалі яго "Эльфаў Камень" празь зялёны самацьвет, што ён насіў, і так імя, прадказанае ад нараджэньня, абраў яму ягоны ўласны народ.

А калі ўжо ня мог болей працаваць, ацаляючы, то загарнуўся ў плашч ды перад самым сьвітанкам высьлізнуў з гораду прэч, да свайго намёта, дый паспаў крыху. А раніцаю сьцяг Дол Амрату – белы карабель-лебедзь на блакітным полі – плынеў над Вежаю, а людзі пазіралі ўгару й дзівіліся: мо вяртаньне караля – усяго толькі сон?

9. Апошняя рада

Раніца пасьля бітвы прыйшла сьветлая, зь лёгкімі аблокамі й заходнім ветрам. Ляголас з Гімлі падняліся рана й папрасілі дазволу ісьці ў горад, бо ім не цярпелася пабачыць Мэры зь Піпінам.

– Добра даведацца, што яны жывыя, – сказаў Гімлі, – колькі нам каштавала бегчы за імі праз увесь Рохан! Падумаць толькі, а калі б усё дарма?

Разам эльф з гномам крочылі ў Мінас Тырыт, і жыхары дзівіліся з гэткіх сяброў. Бо Ляголасаў твар быў гожы па-за чалавечым меркаваньнем, эльф чыста й звонка сьпяваў на роднай мове пад сонцам раніцы, а побач тупацеў Гімлі, пагладжваючы бараду й зыркаючы навокал.

– Нядрэнна тут камень апрацоўвалі, бачу, – казаў пра муры, – але ёсьць і халтура, дый вуліцы можна лепей спраектаваць. Калі Арагорн уладкуецца тутака, прапаную яму майстроў з Самотнай гары, мы зробім гэты горад вартым гонару.

– Садоў ім болей трэба, – дадаў Ляголас. – Мёртвыя гмахі, надта мала расьце тут жывога. Дый месца няма, каб расьці вольна. Калі Арагорн уладкуецца, народ лесу прывязе яму птушак, каб сьпявалі, дый дрэвы, што не памруць тут.

Нарэшце яны прыйшлі да князя Імрахіля, і Ляголас нізка пакланіўся перад ім, бо пазнаў эльфаву кроў.

– Вітаю, гаспадару! – так азваўся Ляголас. – Шмат мінула ад дзён, калі народ Німрадэлі пакінуў лясы Лорыйну, і ўсё ж можна пабачыць: ня ўсе адплылі з Амратавай завані на захад, за мора.

– Так гаворыцца ў паданьнях маёй зямлі, – згадзіўся князь, – аднак незьлічоныя гады ня бачылі там сьветлага народу. А я дзіўлюся, спаткаўшы сына сьветлага племені тут, сярод гора й вайны. Чаго жадае вашамосьць?

– Я – адзін зь дзевяцёх спадарожнікаў што выправіліся разам зь Мітрандырам зь Імладрысу, а з мною гэты гном, мой сябра. Прыйшоў я з спадаром Арагорнам. А зараз мы хочам пабачыць нашых сяброў, Мэрыядока й Перыгрына, што, як нам казалі, цяпер пад апекаю вашамосьці.

– Яны ў Сядзібах Ацаленьня. Я суправаджу спадароў туды, – прапанаваў Імрахіль.

– Дастаткова будзе, пане княжа, паслаць каго з намі, – вымавіў Ляголас. – Бо спадар Арагорн шле вашамосьці такія словы: не жадае ён пакуль уступаць у горад, аднак неабходна сабрацца ўсім ваяводам на раду, і ён просіць, каб вашамосьць ды Эямэр Роханскі як мага хутчэй спусьціліся да ягонага намёта. Мітрандыр ужо там.

– Мы прыйдзем, – паабяцаў Імрахіль, і яны ветла разьвіталіся.

– Сьветлы гаспадар, вялікі правадыр людзей, – заўважыў потым Ляголас. – Калі ў Гондары ў час надвячорку ёсьць такія людзі, дык вялікая ж была слава ягоная й моц у часіну полудня.

– I, без усялякага сумневу, старыя будынкі ўзьведзеныя лепей за новыя, – адзначыў Гімлі. – Гэтак з усімі людзкімі зьдзяйсьненьнямі: мароз па вясьне ці засуха ўлетку – і выдатны пачатак гіне марна.

1 ... 64 65 66 67 68 69 70 71 72 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)