Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 64 65 66 67 68 69 70 71 72 ... 174
Перейти на страницу:

Гэтак выехаў кароль Тэядэн за Хельмавую браму й прасек сабе шлях да вялікага валу. Там харугва спынілася. Сьвятло дня разьлілося над імі. Сонечныя промні зазьзялі на ўсходніх пагорках, на канчарах дзідаў. Але ж вершнікі сядзелі маўкліва, паглядаючы долу, на лог перад імі.

А там усё зьмянілася. Дзе раней ляжала травяністая роўнядзь і нібы зялёнае возера пляскала хвалямі ў схілы пракавечных стромаў, зараз узвышаўся пагрозьлівы лес. Веліканскія дрэвы, голыя, маўклівыя, стаялі шэрагамі – вузлаватыя, з густымі, пераблытанымі галінамі, з крывымі каранямі, якія ўпіліся ў доўгую зялёную траву. Цемра драмала сярод іх. Меней за пяць гоняў было ад валу да таго безыменнага лесу. Паміж ім і валам сабралася ганарлівае войска Сарумана, у страху й ад каралеўскіх дзідаў, і ад жудаснага лесу. Яно паўцякала зь Яру да апошняга ваяра й кішэла на вузкай палосцы травы, як мухі над падлай. Дарэмна спрабавалі Саруманавы ваяўнікі ўскараскацца на сьцены логу, каб уцячы. На ўсходзе надта камяністыя й стромыя былі тыя сьцены, а з захаду набліжаўся апошні кон.

Там, на грэбені хрыбта, зьнянацку зьявіўся апрануты ў белае вершнік, зьзяючы пад промнямі маладога сонца. За пагоркамі загулі рогі. I за вершнікам уніз па схіле рушыла тысяча пешых мечнікаў. Сярод іх – высокі й магутны ваяр з чырвонай тарчай. Сягнуўшы даліны, ён падняў да вуснаў вялізны чорны рог і пратрубіў аглушальны, звонкі заклік.

– Эркенбранд! – загукалі вершнікі. – Эркенбранд!

– Зірніце, Белы Вершнік! – крыкнуў Арагорн. – Гэндальф зьявіўся зноў!

– Ну, Мітрандыр! – зьдзівіўся Ляголас. – Насамрэч чараўніцтва! Трэба пасьпяшацца й зірнуць на гэты лес, пакуль чары не расьсеяліся.

Войска Ізенградку адсунулася, кідаючыся туды-сюды паміж адным жахам і другім. Зноў загуў зь вежы рог. I харугва караля рушыла за праход валу. Уніз сыходзіў шыхт Эркенбранда, гаспадара Заходняй Украйны. Як алень, што вольна скача па гарах, паскакаў уніз Цяняр. Белы Вершнік абрынуўся на ворагаў, і жах пазбавіў іх розуму. Дзікуны валіліся ніцма. Оркі хісталіся, лямантуючы, кідаючы мечы й дзіды. I ўцякалі, і несьліся, і зьнікалі, бы чорны дым пад уладарным ветрам. Зь енкам кінуліся наўцёкі ў пагрозьлівы цень пад дрэвамі, і адтуль аніхто зь іх ня выйшаў.

8. Шлях да Ізенградку

Вось так сустрэліся зноў пад ранішнім сонцам Белы Вершнік Гэндальф і кароль Тэядэн – на зялёнай траве побач з ракою Ярыцаю. Былі там таксама Арагорн, сын Араторна, і эльф Ляголас, і ўладар Эркенбранд, і радзіна гаспадара Залатога палацу. Вакол сабраліся рахірымы, вершнікі Украйны. Зьдзіўленьне пераважыла нават радасьць перамогі, прыкавала ўсіхнія позіркі да лесу.

Раптоўна пачуліся радасныя згукі, і з праходу ў вале выйшлі тыя, каго ворагі адцясьнілі ў глыбіню Яру. Сярод іх былі й Гамлінг Стары, і Эямэр, сын Эямунда, крочыў побач і гном Гімлі – без шалома, з акрываўленаю павязкаю на галаве, аднак голас ягоны гучаў моцна й бадзёра.

– Сорак два, спадару Ляголасе! – гукаў ён. – На жаль, сякера зазубрылася: у сорак другога апынуўся сталёвы каўнер. А як у цябе справы?

– Ты абагнаў мяне на аднаго, – адказаў эльф. – Але ж я не шкадую, што прайграў, – гэтак рады зноў бачыць цябе жывым ды яшчэ здольным бегчы й галасіць!

– Вітаю цябе, Эямэр, сын сястры маёй! – абвесьціў Тэядэн. – Бачу я: ты жывы й здаровы, і сэрца маё насамрэч у радасьці.

– Пашана вам, гаспадар Украйны! – адгукнуўся Эямэр. – Начная цемра сышла, і зноў надышоў дзень. Але ж ён прынёс дзіўныя навіны, – ён павярнуўся й зірнуў спачатку на лес, а тады на Гэндальфа. – Яшчэ раз вяртаецца спадар у час нашай бяды нечаканым.

– Нечаканым? – зьдзівіўся Гэндальф. – Я ж сказаў, што вярнуся й сустрэну вас тут.

– Але ж не азначыў ані гадзіны сустрэчы, ані таго, як адбудзецца вяртаньне. Дзівосная дапамога. Вялізная моц гэтых чараў, Гэндальфе Белы!

– Цалкам мажліва. Хоць я яе яшчэ й не дэманстраваў вам. Я толькі даў добрую параду падчас небясьпекі ды скарыстаўся спрытнымі нагамі Ценяра. Вашая мужнасьць зрабіла болей, а таксама трывалыя ногі ваяроў Заходняй Украйны, якія ішлі ўсю ноч.

Тады ўсе зірнулі на Гэндальфа яшчэ болей уражаныя. Некаторыя глядзелі на лес нядобра й нават праводзілі рукамі перад вачыма, каб праверыць, ці ня морак на іхніх вачох, ці ня бачыць Гэндальф іншае, чым яны.

Гэндальф жа засьмяяўся, доўга й дабрадушна.

– Дрэвы? Ды не, я бачу іх гэтаксама, як і вы. Але ж гэта не мая дзея. Пра іх не здагадаўся б і наймудрэйшы, і не прадбачыў бы іхняга зьяўленьня. А атрымалася лепей за любую маю задумку, лепей за ўсё, на што я спадзяваўся.

1 ... 64 65 66 67 68 69 70 71 72 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)