Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Ведаеш, Люба, — абурыўся Друцкі, — ты бессаромніца!
— Так, так, я хачу быць бессаромнай. Скажы, яна была прыгажэйшая за мяне? Ах, капітане, я хацела б ведаць, як ты ёй завалодаў, як выгіналася яе цела ў тваіх руках, як яна аплятала цябе сабой… Гэта павінна было быць прыгожа!.. Стыхія! Полымя! Ураган! Усё, што ты робіш, павінна быць прыгожым і магутным…
Яна тулілася да яго, і яе гарачы шэпт абліваў яму шыю.
— Люба, ты ашалела?
— Ашалела! Ах, якія ж мы дурныя і заняволеныя! Чаму я не магу напіцца табой! Напіцца да непрытомнасці! Ты не ўяўляеш, што б я аддала за тое, каб ты дазволіў мне так ляжаць ля цябе і глядзець, як ты завалодваеш іншай…
— Люба!
— Не, не, ты гэтага не зразумееш, што гэта другая палова асалоды… Ох, я б хацела быць такой бессаромнай, такой разбэшчанай, распушчанай… Ведаеш, пра што я мару? Каб на тваіх вачах аддавацца Барысу і на яго вачах — табе, і каб была яшчэ іншая жанчына, такая ж прыгожая і распусная, як я, і каб…
Друцкі сеў і закрычаў:
— Люба! Ты хворая! Ты ўсведамляеш, тое, што ты гаворыш, — агіднае?!
— Ап’яняльнае, ашаламляльнае…
Яна апляла яго рукамі і распаленым тварам прынікла да яго грудзей.
— Вазьмі мяне, вазьмі, — шаптала яна перарывістым голасам, — бо я згару датла…
Драпежнымі рухамі яна сарвала з яго коўдру і прыстала да яго ўсім целам.
— Як я блізка да цябе… Як я цябе адчуваю… каханы… каханы… каханы…
Голас ператварыўся ў хрып, у доўгі стогн, у крык і Люба самлела — яе плечы расслабіліся.
Друцкі, хістаючыся, устаў і працёр вочы. Ён сам быў непрытомны.
Толькі праз доўгую хвіліну ён знайшоў флакон з адэкалонам і пачаў націраць ёй скроні.
— Люба! Люба! — трос ён яе.
Яна была бяссільная і белая, як палатно.
— Што ж рабіць?
Усур’ёз устрывожаны, ён хацеў ужо выклікаць хуткую дапамогу, але жанчына адкрыла вочы і ўсміхнулася.
— Люба, вам лепей?
Рухам павекаў яна адказала «так». Друцкі падаў ёй шклянку вады і, прытрымліваючы галаву, уліў у вусны некалькі кропель.
Яна яшчэ была вельмі слабая, але села.
— Можа, келіх віна? — прапанаваў ён.
— Добра.
Люба прагна выпіла.
— Яшчэ? — спытаўся ён.
— Калі ласка!
Калі Друцкі пераканаўся, што ёй ужо лепей, ён пачаў мнагаслоўна, без толку гаварыць. Гаварыў доўга і вельмі пераканаўча. Яна слухала з усмешкай і ў канцы сказала:
— Я хацела б так памерці, як зараз самлела. Калі вось так адчуваецца смерць, то жыццё значна менш вартае, чым я меркавала.
— Жанчына! Злітуйся над сабой! Трэба ж валодаць сваімі жарсцямі.
— Я прытрымліваюся іншага правіла, — пярэчыла Люба, — я не ведаю, хто гэта сказаў, але ён, відаць, быў разумны: адзіны эфектыўны сродак барацьбы са спакусай — гэта яе задавальненне. Па-вашаму, гэта не слушна?
— Не слушна! — упэўнена адзначыў Друцкі і падумаў, што сам ён заўсёды рабіў менавіта так, але ён зусім не згодны, што гэта правільна.
Люба ўстала і зрабіла некалькі крокаў.
— У мяне дрыжаць ногі, гэта дзіўна, — сказала яна з усмешкай.
— Ну, бачыце.
— Не бачу — адчуваю. Ах, мой салодкі!
Яна села Друцкаму на калені і бяссільна абаперлася галавой аб яго шчаку.
— Я прыйду сюды заўтра… паслязаўтра… кожны дзень буду прыходзіць.
— Не прыйдзеш! — узлаваўся ён.
— Не змагу не прыйсці.
— Дык я выметуся адсюль у іншае месца і не пакіну адрас.
— Бачыш, які ты нядобры!
Друцкі зняў яе з каленяў.
— Люба, ты павінна гэта зразумець. Я мужчына, і хутчэй пальнуў бы сабе ў лоб, чым мог бы зрабіцца тваім каханкам. Я даў слова гонару! Калі б я яго парушыў, калі б так адплаціў твайму мужу за яго сяброўства і дапамогу, то лічыў бы сябе падонкам. Таму я цябе малю, каб ты мяне зразумела. Я не змагу жыць, сябе не паважаючы.
— О, ты вельмі высакародны!
— Не ў гэтым справа, — раздражніўся Друцкі, — я інакш разумею высакароднасць і маральнасць, чым іншыя. Я маю рацыю ці яны яе маюць — гэта мая справа. Даволі, што я катэгарычна табе заяўляю: калі ты яшчэ раз прыйдзеш да мяне, то прымусіш мяне з’ехаць. Паеду ў Амерыку ці да чорта лысага, і больш мы не ўбачымся. Даю табе слова.
Люба зразумела, што ён выканае пагрозу, і расплакалася.
— Жыццё — страшна недарэчнае, страшна…
— Ну, не плач, Люба, гэта таксама не разумна.
— Я ведаю, — выцірала яна слёзы.
— Ты хіба ведаеш, што я адштурхоўваю цябе, бо не кахаю. Аднак, павер, мне гэта цяжка даецца.
— Тым горш. Абрыдлыя забабоны!
— Анархістка!
— Ну дык ведай! Тоня — ідыётка са сваім камунізмам. Ідыётка. Знішчае адну веру, каб стварыць сабе іншую. Я б увогуле гэта ўсё знішчыла. Разарвала на дробныя кавалачкі!