Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
Саламея высветліла, куды хадзіла Праксэда апошнія свае дні. На Бернардынскую, дзе новы палац Радзівілаў. Якраз тады там спынялася пані Тэрэза Радзівіл са Ржавускіх, ейная хросная маці.
Смурод патроху саступаў месца сцюдзёнаму вятрыску, які прасочваўся скрозь пабітыя шыбы.
— Пра ўдзел жонкі нясвіжскага ардыната ў знікненні маёй асістэнткі можна было б меркаваць, калі б Праксэду не аб’явілі мёртвай, — адарваўшыся ад ліста, прамовіў Бутрым.
— Ну так, Ржавускай жа трэба выдаць яе за брата старосты менскага, Якуба, каб таго прызналі дзеяздольным, — пагадзіўся Пранціш.
— Камарады, — нахмурыўся Жылібер, — малодшы брат Юзафа Радзівіла нядаўна абвянчаўся. Нявеста — са Ржавускіх, зусім юная, наколькі я ведаю. Нейкая пабочная лінія роду. Я чуў, як пан Антоній з каралём сердавалі, што кароне цяпер давядзецца вярнуць маладажону частку спадчынных земляў, дзе пан Антоній развярнуў нарыхтоўку лесу.
Па ўсім відаць, пані Тэрэза адшукала замену наравістай хросніцы.
— Хацеў бы я зірнуць на тое вяселле. — прабуркатаў былы суддзя менскі. — Той Якуб, кажуць, слоў не разумее, страшны, як рапуха.
— Вянчання не бачыў, яго ў Нясвіжы, у палацавай капліцы, зладзілі. Але ніякіх асаблівых чутак пра калецтва жаніха не было, — паціснуў плячыма Жылібер. — Людзі любяць перабольшваць чужыя недахопы.
Ну так, таго ж Юзафа Радзівіла, гарбатага старосту, ледзь не ў юрады запісвала менская шляхта. А потым пад цвёрдай рукой пана толькі пакрэхтвала: вочы не зацярусіш гарбуну, кемны. Мусіць, і брата ягонага абылгалі, лічачы неразумным вар’ятам.
Але ў другім лісце Саламеі прыводзіліся нечаканыя факты.
Да вышукаў далучыўся Давыд Ляйбовіч, які, падобна, ачуняў ад раны, а прыгодаў яму не хапіла. У абодвух вызнавальнікаў мелася дастаткова гаваркіх пацыентаў, каб сабраць звесткі. Па ўсім выходзіла, што панна Праксэда сваю апошнюю ноч у Гародні начавала ў доме хроснай. Нават праявіла сваё лекарскае майстэрства — ахмістрыні скулу на шчацэ лячыла. І з’ехала разам з Радзівіліхай. Чаму быў сведкам конюх, у жонкі якога Саламея неяк прымала роды. З’ехала паненка па сваёй волі. Можа, пані пашкадавала падапечную, якая не хацела выходзіць замуж за вар’ята, але не магла і заставацца ў чужой сям’і, дзе сэрца рвалася ад забароненага пачуцця? Вось і схавала дзеўку ў якім кляштары. А можа, проста не захацела дзяліцца з Міхалам Брастоўскім?
Бутрым нецярпліва разадраў трэці канверт.
І ледзь не выпусціў з рук, пачытаўшы.
Увішны Давыд такі напаў на след панны пасля Гародні. Тэрэза Радзівіл кіравалася адтуль у свой замак у Белым Камні, што каля Львова. У статусе сталіцы Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі, новай Аўстрыйскай правінцыі, Львоў ператварыўся ў своеасаблівы Вавілон. І Ляйбовіч праехаўся разам са знаёмымі купцамі ў тыя краі. На шчасце, адна акалічнасць спрыяла вышукам — доўгі рост панны Брастоўскай. Дзеўку вышынёй з літоўскую вярсту прыкмячалі ў прыдарожных корчмах, хай бы яна была і захутаная ў радно.
Дабраўшыся да гарадка Белы Камень, Давыд падлабуніўся са сваймі адмысловымі сродкамі для прыгажосці — мазямі, прыціраннямі, бяліламі ды чырваніламі — да адной панечкі, прыслугі пані Тэрэзы. Лішняга нават тая балбатлівая панечка пра сваю ўладарыню не прамовіла. Пані Тэрэза магла загадаць язык адрэзаць ды соллю рот засыпаць любой пакаёўцы. Нат шляхцянцы перапала б пасядзець у яме альбо пакаштаваць бізуноў. Сцвярджаюць, што і забойствы здараліся ў сутарэннях Белакамскага замка. Так што пра высокую вучоную дзеўку, якую пані Радзівілава з Літвы прывезла, панечка гаварыць адмовілася. Але сваім спалохам як бы пацвердзіла.
А вось што змусіла Баўтрамея ледзь не ўпусціць ліст і вылаяцца паслядоўна на лаціне, грэцкай, нямецкай, а можа, і на янохскай мовах. Саламея паведамляла, што больш не можа проста сядзець і чакаць. Нацярпелася ўжо, начакалася, не без старанняў сужонца. Удаве акрутнага забойцы і пералюбніка зычлівыя суседзі зладзілі пекла. Вокны б’юць, браму дзёгцем мажуць. Чуткі самыя паскудныя ходзяць — пра тое, што пакуль муж з прыслугай спаў, ягоная жонка тую прыслугу са свету зжывала. У медычнай акадэміі, на аддзяленні павітух, дзе Саламея выкладала, пачаліся непрыемнасці. Рэнічаўна не распісвала, што менавіта ейная начальніца-францужанка і студэнткі пачалі ёй учыняць, але можна было здагадацца — і ў акадэміі жонка доктара-забойцы не самая паважаная персона. Вярнуцца ў Полацак — трапіць у закладніцы да старосты Адама Брастоўскага, які чакае Чорнага Доктара з рогам святога Георгія. Таму Саламея адправіла малую Сафійку разам са слугой Хвелькам у Капанічы, да Пранцішавай сям’і. А сама рушыла з Давыдам у Львоў, дзе ў Ляйбовіча сваяк-аптэкар. Спадзявалася на цуд — што муж і сын атрымаюць гэты ліст. І паведамляла адрас, дзе будзе іх чакаць. Зразумела, расшукваючы Праксэду. Бо толькі жывая паненка Брастоўская можа апраўдаць іх сям’ю перад светам.