Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
Чорны Доктар уздыхнуў.
— Толькі шчаслівага кахання я падарыць табе не магу, сыне. Прабач. За яго кожны плаціць сам. Часам занадта дорага. А часам і дарэмна.
Вырвіч адчуў, што трэба ўмяшацца ў сентыментальную размову.
— Аднойчы я рыхтаваўся аддаць жыццё за тое, каб мая каханая была шчаслівая. Не са мною. З іншым, каго выбрала. Горкі мёд гэта, Алесь. Але бедны той, хто яго не прыгубіў.
Малодшы Лёднік, зразумеўшы намёк, панурыўся.
А Вырвіч з сумнай усмешкай успамінаў пачутую ў карчме мясцовую казку. Пра ведзьму, якую адважны славацкі каваль перакаваў на жалезную свінню, а тады абляцеў на ёй цэлы свет. У Пранціша пад бокам, на погляд аўтараў такіх казак, дакладна меліся ажно два ведзьмакі, стары і малады, якія маглі на адлегласці жалезныя прадметы рухаць і пацукамі кіраваць. Вось толькі перанесці ні сябе, ні паплечніка нікуды з замеценай снегам хаты не маглі.
Шорг. Шорг. Стук.
За дзвярыма нехта важдаўся. Мядзедзь? Вупыр? Каралеўскія жаўнеры?
На крыкі адказам было маўчанне і размеранае шорганне.
Калі ў дзверы нарэшце выразна пагрукалі, Пранціш па знаку Бутрыма вызваліў клямку.
Адчыняецца! У госця ўтаропіліся чорныя зрэнкі трох пісталетаў.
Праўда, адразу ж рулі апусціліся. Носіч Юрай, узброены рыдлёўкай, паглядаў з парога ўсё гэтак жа празрыста-адсланёна, толькі расчырванеўся больш, чым звычайна, ды снежныя камякі павіслі на светлых вусах і поўсці кажуха.
— Добры дэн! Агой!
За спінай Юрая бачыліся іншыя постаці ў кажухах і шапках, з фізіяноміямі не самымі прыветнымі. Ну так, адзін носіч за якую гадзіну не раскідаў бы такую гурбу.
А хутка высветлілася і падстава дабрачыннасці. Унізе лютавалі аўстрыйска-венгерскія войскі. Некалькім месцічам спатрэбілася тэрмінова схавацца — а дзе лепей, чым у гарах? Гэтак жа праўдзівы лтцвін як што, бяжыць у пушчу ці шукае выспу на балоце.
Што ж, хоць Алесь яшчэ слабы — трэба выпраўляцца ў Кракаў, вызваляць хованку для законных уладальнікаў.
На развітанне носіч Юрай пакруціў пальцам перад носам малодшага Лёдніка:
— Бацьку свайго слухай! Дзевак шмат, а бацька — адзін!
Алесь насупіўся. З чаго б такія павучанні?
Шчасце, што гасцям прадалі павозку пад скураным навесам, на палазах, і вярнулі іх коней, удала прыхаваных месцічамі ад вайскоўцаў. Вайна — як саранча, забірае не толькі людзей.
А яшчэ ў кішэнях Пранціша прыемна булькатала біклажка, напоўненая самай лепшай баравічкай, настойкай ядлоўцавай.
У Кракаве тая біклажка была ўжо абуральна пустой. А напоўніць не выпадала: Лёднік гнаў сваю банду, мінаючы ўсе карчомкі, да камяніцы ля самых Лазенак, дзе кватараваў вучоны прафесар Жан Жылібер. Надта баяўся размінуцца. Дый дзень зрабіўся кароткі, як заечы хвост.
Вырвіч пакорліва цярпеў Бутрымавы загады, бо цудоўна памятаў сваё няслаўе, спазнанае ў Кракаве, калі прайграў сябра ў карты. Таму намагаўся не прыліпаць тужлівым поглядам да карчомак, якіх тут было ледзь не ў кожным доме. Не хапала яшчэ нарвацца на Міхаську Міцкевіча, ён жа кляты граф Лудус. З паскудніка станецца забойцаў падаслаць ці яшчэ якую гадасць утварыць.
У небе разліваўся атрамант. Сняжынкі, машката забыцця, драпежна кружлялі, прымерваючыся, чый след сцерці, зацярушыць. Быццам бы не ўсе сляды і без іх старанняў сцяруцца і зацярушацца рана ці позна. Да двухпавярховай камяніцы, што тулілася падазрона наводдаль людных вуліц і пляцаў, і кволай сцяжынкі па снезе не праклалі. Толькі таполі па-жабрацку цягнулі да вокнаў худое голле. Але ці там жыве прафесар Жылібер, можна было не пытацца. Яшчэ здаля падарожныя пабачылі слуп чорнага дыму, які не бывае ад звычайных дроваў, і пачулі жаласны звон пабітага шкла.
Дзіва, але ніхто ў наваколлі не праяўляў цікавасці да шуму-дыму, толькі самотны сабака нервова і тонка брахаў, нібыта не злуючыся, а жалячыся: «Ну колькі можна, панове?» Нейкі мужык у шапцы-аблавушцы як ішоў сабе замеценай вулкай, так і ішоў, нат не азірнуўся на злавесны будынак, у якім амаль не заставалася цэлых вокнаў. Пабітыя былі застаўленыя знутры дошкамі, ад чаго дом нагадваў шляхцюка, што прайграў у карты сваю багатую вопратку, прадмет за прадметам, тут жа няўважна замяняючы іх чужымі лахманамі.
Дым струменіў з акна на першым паверсе, нібы зняволены стыхійны дух імкнуўся вызваліцца.
Высокі хударлявы прыслужнік з абліччам ваяра моўчкі правёў гасцей. У зале бязладзіца: абадраныя тканыя залацістыя шпалеры, рэшткі дыхтоўнай мэблі і адзенне, развешанае проста на цвіках, убітых у сцяну. І кнігі, што грувасціліся папяровымі гарамі.
— Вечар добры, Жан. Доследамі з салетрай забаўляешся?