Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
Саламея прыкусіла губу. Але разумела — Бутрыма не адгаворыць. Палачане ішлі моўчкі, плячо да пляча, пальцы рук пераплеценыя, і сняжынкі асцярожліва сядалі на чорныя валасы мужчыны, нібыта каб дадаць ім сівізны.
Пачуцці Пранціша проста крычалі аб небяспецы, і нават трохі біліся ў істэрыцы. Страшэнна не хацелася ісці ў замак, хай бы ён быў складзены і з белых гаючых гаручых Алатыр-камянёў, пупоў зямлі.
Але ён быў складзены з простага светлага ўкраінскага пясчаніка, на якім так добра будзе бачна пралітую кроў.
Надпіс над брамай сведчыў, што замак калісьці пабудаваны князем Георгіем Вішнявецкім і ягонай пачцівай жонкай Тэадорай Чапліцоўнай.
Напэўна, іх вяльможныя мосці Вішнявецкі ды Чапліцоўна не падазравалі, што ў гэтых мурах, акрамя літараў на камянях, ніхто іх не ўспомніць.
Абодва Лёднікі і Пранціш, захутаныя ў ваўняныя грубыя плашчы з капюшонамі і нагружаныя клункамі з інструментамі, ішлі за Гросам. Замак пры маладой гаспадыні зачаста скаланалі шумныя балі, калі госці таўкліся, як камары над лужынай, брыньгала музыка, і за кожнай калонай можна было натрапіць на галантную парачку. Але якраз гэты тыдзень пані Тэрэза з нагоды посту ахвяравала самоце. Як вярнулася ад львоўскага біскупа, так і дэкляравала — відаць, атрымаўшы ад духоўнага айца прачуханца. Таму ў шэрых сценах было нязвыкла ціха. Цёмны калідор асвятляўся толькі кволым агеньчыкам у ліхтары, што трымаў давераны слуга капітана, жаўнер, такі каржакаваты і няўклюдны, нібыта ім калісьці выбівалі дзверы варожага замка. Там-сям стаялі рыцарскія даспехі, і Пранцішу мімаволі здавалася, што яны зараз ажывуць, як аўтаматы Норнбергскага замка.
— Сюды, — адрывіста скамандаваў Грос, і кампанія паслухмяна звярнула за ім на бакавую лесвіцу, засланую дываном.
Падобна, яны пераходзілі з памяшканняў для прыслугі ў панскія пакоі… Між тым Саламея згадвала, што Праксэду трымаюць у не самых выгодных пакоях.
— Прашу, вашыямосці!
Святло апякло вочы. У вялікім пакоі з разной драўлянай столлю і такімі ж разьблёнымі калонамі ўздоўж сцен, з галовамі дзікоў, ваўкоў ды мядзведзяў, што лупіліся бліскучымі шклянымі позіркамі з усіх кутоў, і сотнямі свечак у пазалочаных кандэлябрах панны Праксэды не назіралася.
Затое гайдукоў, як штыкецін у добрым плоце. А за доўгім сталом, у крэсле з высокай спінкай, на якой быў выразаны герб Ржавускіх «Крыўда» — падкова і крыж, сядзела нябрыдкая пані. Хіба павекі цёмных пукатых вачэй трохі цяжкія, быццам набрынялыя, ніжняя губа трохі выдаецца наперад, і падбароддзе цяжкаватае.
— Ну вось, доктар, вам усё-ткі давядзецца прыняць маё запрашэнне на абед.
Пані Тэрэза, дачка вялікага гетмана кароннага Вацлава Ржавускага, у смарагдавай пералівістай сукенцы з неверагодным дэкальтэ, у высокім напудраным парыку, упрыгожаным зялёнымі стужкамі, паглядала на гасцей з пераможнай усмешкай. Пранцішу падалося, што на верхняй губе пані прабіваецца цёмны пушок.
Ах ты, здраднік езуіцкі. Грос з усмешкай на бледных вуснах адвесіў паклон.
— Усё паводле жадання вашай княскае мосці.
Так па-дурному патрапіцца! Самі прыбеглі проста ў пастку! Як баранчыкі-балванчыкі! Бутрым заазіраўся, шукаючы шлях да ратунку.
— Бескарысна, доктар, — шапнуў Грос. — Дазвольце ўсяму ісці, як ідзе.
— Вось бачыш, Ігнацы, пан Зыгмунд заўсёды выконвае, што гаворыць, і ахоўнік найлепшы.
Пані звярталася да багата апранутага шляхцюка, які сядзеў па левую руку ад яе за сталом. Тонкія чорныя вусікі, пранізлівы погляд вузкіх зялёных вачэй. Пан Ігнацы Дамінік Богуш, які калісьці ўламіўся ў Лёднікаў дом у Вільні, спрабуючы адабраць ляльку-аўтамат па імені Пандора з усімі ейнымі таямніцамі. Яшчэ адзін інтрыган і здрайца.
— Але навошта пан Зыгмунд прывёў гэтых злачынцаў проста сюды, дзе яны могуць пагражаць жыццю княгіні? — скрозь зубы прагаварыў Богуш. — Я б не давяраў яму на вашым месцы, мая пані.
— Ты не на маім месцы, васпан, — пукатыя цёмныя вочы Радзівіліхі бліснулі, як паверхня самай глыбокай багны. Пранціш адчуў, як людзей у зале перасмыкнула ад незадаволенасці ўладаркі, нават сталыя воі трохі, здаецца, затрымцелі. — Грос застанецца маім капітанам. А ты, даражэнькі Ігнацы, лепей прасачы за сваім машталерам, якога мне рэкамендаваў. Такі ўжо ён знаўца, а мой аргамак пачаў кульгаць. Той самы, белы, у пару да твайго. Я загадала пасадзіць няўмеху ў рагатку, карміць селядцом і не паіць. Не ведаю, ці жывы.
Белы аргамак, вядома, рэдкасць нечуваная. Але вось так акрутна замучыць з-за яго чалавека? Праўда, пан Богуш не абурыўся. Наадварот — стрымаў сярдзітыя словы, што ірваліся з вуснаў. Твар расплыўся ва ўсмешцы, няхай яна была такой жа няшчырай, як срэбныя манеты вялікага гетмана Людвіка Пацея, якія называлі «людскім плачам». Пацалаваў ручку пані, нешта пяшчотнае прашаптаў, не зважаючы на хмурасць уладаркі.