Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара

Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:

Гэта пятая кніга рамана, у якой працягваюцца неверагодныя прыгоды герояў і адкрываюцца невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Гады пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Лёднік — чалец усемагутнай Адукацыйнай камісіі, якая дзейнічае пад патранажам караля… Але гэта не выратуе ад непрыемнасцей. I вось ужо сябры зноў уцягнутыя ў інтрыгі магнатаў. Да Пранціша і Баўтрамея далучаецца падрослы сын Лёдніка Алесь, якому ад бацькі перадаліся незвычайныя здольнасці. Бандзе Чорнага Доктара неабходна разгадаць таямніцу знікнення асістэнткі доктара Лёдніка панны Праксэды. Герояў чакаюць сутарэнні Ашмянскага замка, палёт на паветраным цмоку над карнавальнай Венецыяй, снежная лавіна ў Татрах, гасцяванне ў Пацучынага Караля і жалезная клетка ў замку акрутнай Тэрэзы Радзівіл…
1 ... 64 65 66 67 68 69 70 71 72 ... 101
Перейти на страницу:

— Не кажы глупства, сын, ты ў сваёй хваробе не вінаваты.

Бутрым, мяркуючы па гуках, мацаў шыбу.

— Пан-бацька, ты мусіш уведаць, перад тым, як мы загінем. Той пярсцёнак з надпісам «Ад Лёдніка». Гэта не падробка. Гэта я падарыў панне Брастоўскай.

Голас малодшага Лёдніка ў цемры гучаў зусім глуха.

— Цішком падкінуў у дзень яе анёла, як быў на вакацыях. А яна падумала, гэта ад цябе. Таму берагла ды на цябе паглядала. Я не прызнаваўся. І Брастоўскаму не прызнаўся. Я ўзненавідзеў цябе. Хацеў, каб цябе пакаралі. А цяпер мы памром — і на мне гэтая віна.

Вось табе на! А Вырвіч, шчыра кажучы, увесь час меркаваў, што доктар зрабіў прэзент улюбёнай асістэнтцы. Падумаеш — срэбнае ўпрыгожванне, «mea pulchra domina». Ва ўсіх свае слабасці.

— Ціха, ціха, сыне. — голас доктар трохі дрыжэў. — Я даўно здагадаўся. Але на краі, у цемры можна шмат нагаварыць, пра што будзеш пасля шкадаваць, калі выберамся.

Няўжо выберуцца? Хаця цемра за акном, здаецца, не была беспрасветнай. Так, абрысы прадметаў можна распазнаць. Пранціш схамянуўся, адагнаў нявартую шляхціца разгубленасць, і далучыўся да Бутрыма, які абследаваў дом. Дзверы не адчыняліся, як ні пхалі ўдвох.

— Заваліла. — прабуркатаў Чорны Доктар.

Найбольш цешыла, што агонь у печцы не згас, і дым не пайшоў у хату.

Парадавала іншае акенца, у сенцах, якое знаходзілася на процілеглым баку дома. Праз снег прабівалася святло, асабліва ўверсе, нібыта пад канец лавіны нацярушылася залатых сняжынак. Пакуль Лёднік думаў ды вылічваў, Пранціш з усяе шляхецкай моцы тузануў раму. У дом насыпаўся сумёт, але паказалася неба! Няхай шызаватае, у аблоках, быццам у брудных павязках — Вырвіч нічога больш прыўкраснага ў жыцці не бачыў!

Бутрым з палёгкай патлумачыў, што лавіна відавочна прайшла бокам. Праз акенца паўзверх снегу можна было разгледзець цёмныя камлі соснаў, суровых вояў, якія ў чарговы раз выстаялі, вытрывалі сцюдзёнае нашэсце.

Але вылезці аніяк не выпадала: акенца было не больш, чым у дзве далані, дый засыпанае амаль даверху. Застаецца чакаць. І далечваць Алеся. Які так і пнуўся ўстаць на ногі. І нават, гледзячы ў падлогу, папрасіў бацьку навучыць адмысловай гімнастыцы, якая спрыяе аздараўленню. У вочы Бутрыму ён цяпер намагаўся не глядзець.

Але аднойчы — давялося.

— З днём народзінаў, сыне…

Доктар працягваў Алесю нейкую кніжку.

І праўда — хлапцу ўжо сямнаццаць гадоў! Вырвіч мімаволі пачуўся такім… старым.

Алесь разгарнуў падарунак.

— «Малая падарожная кніжыца». З друкарні Францішка Скарыны. Пан-бацька, гэта ж і ёсць таксама… шафар?

— Так, Алесь, голас Божы. Знайшоў у Венецыі, у кніжнай крамцы. Нашага палачаніна друк. Хай хоць гэта табе — на памяць. Вельмі прашу — хай гэтая кніга заўсёды з табой будзе. Абяцаеш? Там радзівілаўскія бразготкі ў куфры, выберы сабе пярсцёнак які ці ланцуг, я ў гэтым не кемлю. Аграніць камень магу, змусіць змяніць колер — магу, насалоды ад знізаных пярсцёнкамі пальцаў — зразумець не магу.

— Дзякуй, пан-бацька.

Алесь пагладзіў патрэсканую скуру томіка ін-кварта, старонкі якога пакарабаціліся так, быццам іх гвалтам спынілі ў час уцёкаў з-пад вокладкі. Твар хлапца ў водсвеце агню, які сярдзіта варушыўся ў печцы, здаваўся старэйшым, і таму быў надзвычай падобны да бацькавага. Ну хіба нос трохі менш дзюбаты, а вочы не такія суворыя.

— Ты дастаткова падарыў мне.

Алесь уздыхнуў перарывіста, быццам страшэнна хваляваўся.

— Кажуць, малое дзіця нічога не памятае. А я вось. Памятаю, як нехта носіць мяне на плячах, вакол — бліскучыя трубы. У самую вялікую мне даюць паглядзець. У чарнаце ззяюць кропкі. Нехта кажа — гэта зоры. А я пытаюся, ці нельга іх дастаць. Потым памятаю, як — тану. Халодная вада, смярдзючая, цяжкая, заліваецца ў рот, у вушы. І страшна крычыць нехта побач — не чалавек. Коні. І мне так шкада — не сябе, а гэтых коней… Потым памятаю — мяне нясе на руках жанчына ў белым каптуры, адпускае, і я бягу да высокага чорнага чалавека, аголенага па пояс. Ён хапае мяне на рукі, прыціскае да сябе. Мне так добра. Спакойна. У мужчыны на плячах кроў. А ён гаворыць — «Называй мяне тата».

Трэба ж… Так і было. Лёднік, прафесар Віленскай акадэміі, таемна бачыўся з малым сынам, насіў яго на астранамічную вежу. Потым Алесь ледзь не патануў у карэце, якая трапіла ў дрыгву, яго выратаваў дзядзька, пан Агалінскі. І вырашыў разам з жонкай — абвесціць, што дзіця загінула, і аддаць сапраўднаму бацьку. Праўда, перад гэтым Лёднік за свой грэх атрымаў ад пана Агалінскага пугай па спіне. Што ж, па законе яго маглі і смерцю пакараць.

— Ты многа мне даў… — паўтарыў Алесь.

1 ... 64 65 66 67 68 69 70 71 72 ... 101
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)