Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара

Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:

Гэта пятая кніга рамана, у якой працягваюцца неверагодныя прыгоды герояў і адкрываюцца невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Гады пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Лёднік — чалец усемагутнай Адукацыйнай камісіі, якая дзейнічае пад патранажам караля… Але гэта не выратуе ад непрыемнасцей. I вось ужо сябры зноў уцягнутыя ў інтрыгі магнатаў. Да Пранціша і Баўтрамея далучаецца падрослы сын Лёдніка Алесь, якому ад бацькі перадаліся незвычайныя здольнасці. Бандзе Чорнага Доктара неабходна разгадаць таямніцу знікнення асістэнткі доктара Лёдніка панны Праксэды. Герояў чакаюць сутарэнні Ашмянскага замка, палёт на паветраным цмоку над карнавальнай Венецыяй, снежная лавіна ў Татрах, гасцяванне ў Пацучынага Караля і жалезная клетка ў замку акрутнай Тэрэзы Радзівіл…
1 ... 71 72 73 74 75 76 77 78 79 ... 101
Перейти на страницу:

Погляд, які ён кінуў перад адыходам на Зыгмунда Гроса, можна было выкарыстоўваць заміж цвіка.

— Ну што ж, сядайце за стол, госцейкі, — пані Тэрэза кіўнула, і Пранціш сам не заўважыў, як з дапамогай дзясятка моцных рук апынуўся ў крэсле, прысунутым да цяжкога дубовага стала.

Насупраць гэта жа апынуліся Лёднік і Алесь.

— Не пагрэбуйце хоць цяпер сціплым пачастункам, як ужо грэбавалі.

Няўжо Радзівіліха так пакрыўдзілася, што Лёднік у Гародні праігнараваў яе запрашэнне?

Адзінае добра — Саламея і Давыд у бяспецы, яны павінны чакаць з коньмі, пра што Гросу невядома.

Быццам чарадзейным чынам, на стале разаслаліся шаўковыя бялюткія сурвэткі, вышыхтаваліся срэбныя супніцы і вазы, збліснулі талеркі з месенскай парцаляны і крышталёвыя кубкі са срэбнымі вензелямі. Калі не ведаць, што зараз пост, дык не здагадаешся. Хіба смажаніны ды каўбасаў няма, заміж іх вараныя ракі, запечаныя шчупакі ды белыя грыбочкі ў поснай падліве. Дворныя імкліва луналі, як ветрыкі. Каб прыслуга гэтак баялася пана, Пранціш бачыў хіба ў Слуцкім замку пры Гераніме Радзівіле па мянушцы Жорсткі.

— Не буду пытацца, што вам трэба ў маім замку, пра ўсё мне дакладалі мае людзі. Яшчэ калі твая жонка, Лёднік, з сябруком-юдэем тут нешта вынюхвалі.

Вусны Бутрыма на імгненне сціснуліся, але голас застаўся роўнаветлівы.

— Ваша княская мосць, мы нічога кепскага датычна вас не задумвалі.

— Гэта ўжо не мае значэння, — лена прамовіла пані Тэрэза. — Ты, доктар, умудрыўся столькі раз перашкодзіць мне, што цябе мала дзесяць разоў запар павесіць. Я амаль паверыла чуткам пра тваю магічную моц. Ну вось як табе ўдалося дамовіцца з панам Міхалам Брастоўскім? Міхал — чалавек гарачы, павінен быў даўно тваю скуру на барабан нацягнуць. А потым — у Венецыі ты раптам перашкаджаеш маім людзям! — твар пані пачаў набываць чырвонае адценне, цёмныя вочы вырачыліся, быццам у якогась слізкага гадаванца малодшага Лёдніка. — З маім мужаньком клятым балюеш! Дамаўляешся, як яго назад вярнуць! Сюды прывалокся, людзей бунтуеш!

Пані Тэрэза ў раздражненні кульнула келіх віна ледзь не ў кварту. Аддыхалася. Супакоілася.

— Ну, цяпер адкажаш за ўсё. І за маю хросніцу таксама.

— Дазвольце нам з ёй пабачыцца, — раптам ускінуўся Бутрым, падаўшыся наперад і ўтаропіўшыся пранізлівым позіркам у княгіню.

На яго плечы зараз жа абрынуліся кулакі прыслугі:

— Не чараваць тут! На яе вяльможную мосць не лупіцца!

Папярэджаныя пра здольнасці Чорнага Доктара. Але пані Тэрэза толькі зарагатала:

— На мяне чарадзейства не дзейнічае. Нават махляр Каліёстра так і не змусіў мяне паверыць, што я хачу аддаць яму дзеля павелічэння камянёў мае каралі. Так што не старайся, доктар.

Баўтрамей тым не менш меў дзёрзкасць працягнуць размову, толькі вочы не паднімаў:

— Вашамосць, ну нашто вам мучыць няшчасную дзяўчыну? Адпусціце яе з намі. Напярэдадні светлага Раства Хрыстова — праявіце літасць. Запэўніваю, Праксэда ніколі не патурбуе вас. Не назавецца сваім імем. Будзе працаваць у шпіталі, займацца справамі міласэрнасці.

— Мая хросніца памерла, — пані Тэрэза адправіла ў рот наколаты на срэбны відэлец грыбочак. Пранціш шчыра пажадаў, каб гэта аказаўся мухамор. — Кожны сам выбірае свой лёс. Выбрала і яна — цябе, доктар. Так пераймалася з-за свайго нешчаслівага пачуцця. Плакалася мне штодзень, дзесяць сукенак маіх слязьмі вымачыла.

Алесь гнеўна зыркнуў на бацьку. Той пачаў, што ў яго з асістэнткай нічога не было, але атрымаў загад маўчаць і есці. Бо так смачна яны, госці някліканыя, але чаканыя, ніколі больш не паядуць.

Вырвіч моўчкі тыцнуў пальцам у талерку з грыбнымі вушкамі, прыслужнік зараз жа наваліў яму цэлы духмяны сумёт. Чым бліжэй небяспека, тым лепей трэба падсілкаваца. Галодны ваяр — слабы ваяр.

Між тым размова за сталом цурчэла, як празрысты ручай над каменным саркафагам, што хавае страшныя таямніцы. Апошнія навіны навукі, мастацтва, свецкага жыцця. Сеансы Месмера, на якіх вылечваюцца з дапамогай жывёльнага магнетызму. Вайна ў амерыканскіх калоніях. У Лондане, кажуць, прыдумалі павозку, якая коціцца па жалезных палосах, ад чаго рухаецца нашмат хутчэй і лягчэй. Доктар быў галантны і ўраўнаважаны, як належыць свецкаму чалавеку. Пранціш падтрымліваў размову згодна этыкету — у яго язык заўсёды падвешаны быў добра. Толькі Алесь, менш спрактыкаваны ў фальшы прыдворнага жыцця, маўчаў, відаць, успамінаючы, як гэтак жа сядзеў за сталом з ашмянскім катам і Пацучыным Каралём. Была і там, і там у спакойнай ветлівай бяседзе невымоўная жудасць.

1 ... 71 72 73 74 75 76 77 78 79 ... 101
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)