Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара

Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:

Гэта пятая кніга рамана, у якой працягваюцца неверагодныя прыгоды герояў і адкрываюцца невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Гады пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Лёднік — чалец усемагутнай Адукацыйнай камісіі, якая дзейнічае пад патранажам караля… Але гэта не выратуе ад непрыемнасцей. I вось ужо сябры зноў уцягнутыя ў інтрыгі магнатаў. Да Пранціша і Баўтрамея далучаецца падрослы сын Лёдніка Алесь, якому ад бацькі перадаліся незвычайныя здольнасці. Бандзе Чорнага Доктара неабходна разгадаць таямніцу знікнення асістэнткі доктара Лёдніка панны Праксэды. Герояў чакаюць сутарэнні Ашмянскага замка, палёт на паветраным цмоку над карнавальнай Венецыяй, снежная лавіна ў Татрах, гасцяванне ў Пацучынага Караля і жалезная клетка ў замку акрутнай Тэрэзы Радзівіл…
1 ... 63 64 65 66 67 68 69 70 71 ... 101
Перейти на страницу:

Потым абодва выйшлі на двор. Доўга ўглядаліся ў неба, такое сіняе, быццам хтось валошкамі яго забрукаваў. Белыя вершаліны гор зіхацелі над хвоямі, як дзівосныя палацы. Ціха. Ад цішыні здаецца, што марознае паветра пазвоньвае. Пахне дымам, што выцягнуўся над дахам іхняга прытулку — быццам вялізная белая лісіца спрабавала залезці праз трубу, ды засела, толькі доўгі хвост угары матляецца.

— Дом вытрывае, калі што, — прасіпеў сабе пад нос Лёднік. — Не першы раз, думаю. Дый не сталі б будаваць у небяспечным месцы.

Пранціш яшчэ раз агледзеў такое спакойнае наваколле. Гэтак непрыемна шчыміла пад лыжачкай перад тым, як іх атрад пад Слонімам нечакана атакаваў раз’езд казакаў. Лёднік перахрысціўся:

— Пайшлі. Маліцца будзем.

Вырвіч пастараўся выкінуць невядомую небяспеку з галавы. Тым больш Алесь ачуньваў, можна было за кубкам гарачай яблычна-хваёвай гарбаты абмеркаваць планы.

Бутрым штосьці падлічваў, крэмзаючы ў кішэнным каляндарыку.

— Мы едзем праз Кракаў. У Ягелонскім універсітэце мяне павінна чакаць пасланне. А калі пашанцуе, і выберамся адсюль хаця б праз тыдзень — дык і з Жанам перастрэнемся.

Вырвіч нахмурыўся: што за навіны? Аказваецца, у Чорнага Доктара была дамоўленасць з сябрам і паплечнікам па гарадзенскай медычнай акадэміі Жанам Жыліберам — паспеў з ім спісацца да ад’езду ў Італію — каб падтрымліваць сувязь з Саламеяй. Француз збіраўся з канца кастрычніка да Калядаў быць у Кракаўскім універсітэце — там медычная кафедра, толькі зусім нядошлая, з адным прафесарам. Яго вялікасць Станіслаў Панятоўскі выказаў жаданне, каб і ў знакамітым Ягелонскім універсітэце медычнае навучанне падняць, так што Жыліберу загадана адправіцца на кансультацыю.

— Трэба пастарацца сустрэцца. Жан — чалавек суровы, але сумленны, справядлівасць любіць, — разважаў Баўтрамей, нервова ходзячы па пакоі.

— Яна жывая, праўда? — голас Алеся гучаў ціха і хрыпла.

— Гасподзь абароніць яе, сынок.

Абодвум не трэба было называць імя той, пра каго перажывалі. Лёднік паціснуў плячо сына і здушыў уздых. Вось жа далася вучоная панна ў знакі ім усім. Пранціш аніяк не мог даўмецца, чаму абодва да той штыкеціны прысохлі? Ну, Лёдніка, застаецца спадзявацца, адметныя разумовыя здольнасці панны цікавяць. А Алесю — нашто старэйшая ды вышэйшая?

Хаця вунь, паненка Ізабэла Флемінг з Чартарыйскіх, дык увогуле воспай у пятнаццаць гадоў перахварэла. Твар у ямінах, адно вока выцекла. На шкляное замянілі, ды яшчэ і кульгавая. А шустрая, як матавіла! І першай прыгажуняй пры каралеўскім двары лічыцца. Мужу маладому з Панятоўскім здраджвае, да былога расейскага пасла Рапніна ў ложак залезла і тым усіх Чартарыйскіх ад няміласці, а то і высылкі ў Сібір уратавала. Аднавокая Афрадыта!

Раптам увушшу пачало закладаць. Нібыта паветра згусцілася. І падлога пад нагамі — не загайдалася, затрымцела, бы нацягнутая струна.

Увогуле, здаецца, усё затрымцела.

Пранціш пракаўтнуў сліну, каб адклала вушы, і запытальна глянуў на Чорнага Доктара: ці ён што заўважыў?

Заўважыў. Хуценька збегаў да дзвярэй, праверыў, ці добра зачыненыя, вярнуўся, укленчыў ля ложка сына, вусны заварушылся ў словах малітвы. Алесь прыўзняўся:

— Тата, што адбываецца?

І тут трымценне перарасло ў шум. Цяпер Вырвіч мог уявіць пакуты цеста, якое раскатваюць на тонкі блінец. Гэтак жа накрыла нечым цяжкім і бязлітасным людзей у дамку на схіле чужой гары. Пранціш мог параўнаць тое, што адбывалася, хіба са штормам, у які яны трапілі шмат гадоў таму на шхуне «Святая Брыгіта» па дарозе ў Ангельшчыну. Казюркі ў віры.

Напачатку асобныя цяжкія ўдары па даху, быццам волаты забаўляліся, шпурляючы каменне. Затым — трэск за акном. Потым увогуле нельга было нічога разабраць, бо стала цёмна, а ўвесь іхні прытулак скалануўся.

Шум паступова сціхаў, вось і зусім знік. І ад цішы зазвінела ўвушшу.

— Гэта і была лавіна? — аблізнуў перасохлыя вусны Вырвіч, які сам не заўважыў, як апынуўся на падлозе.

— Яна. — хрыпла адказаў доктар. — Цяпер трэба праверыць, наколькі ўсё кепска.

Таму што ў хаце па-ранейшаму і ўласны палец не разгледзіш. Акно нібыта знікла. Толькі тонкі чырвоны пасак — шчыліна ў дзверцы печкі, не дае ўявіць сябе ў пекле. А можа, якраз наадварот.

Снег. Іх пахавала пад снегам! Пранціш ледзь здушыў паніку. Урэшце, ён у падземным возеры пад Туравам пабываў у жалезным зміі, падводным караблі. Толькі адна здрадлівая думка — не ўдасца пабачыць Дамініку ў венецыянскай карункавай сукенцы, што ляжыць непадалёк у куфры.

— Мы памром. Гэта ўсё з-за мяне. — здушана прамовіў Алесь.

1 ... 63 64 65 66 67 68 69 70 71 ... 101
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)