З людзьмі і сам-насам
- Автор: Брыль Янка
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0603-9
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «З людзьмі і сам-насам». Краткое содержание книги:
* * *
Адна — у мамы на канікулах. З учарашняга вечара. Ранішні варыянт маладзенькай красы, паміж салодкім хатнім сном i злёгку дрыготкім купанием у роднай рэчаньцы. Куды яна ідзе ria роснай сцежцы босая.
А другая — у спрытных, моцных руках вясёлага хлопца, крута адкінуўшыся плечыкамі назад, падбіваючы каленкамі вышываны падол не лішне кароткай сукенкі, раскашуецца на свежапагабляванай сцэне ў самадзейнай польцы.
Яны мне ўцешна мільганулі ў памяці, унучкі i нейчыя, i нібы мае.
* * *
Малады «бізнесовец», або «новы рускі», які купіў у нашага суседа дамок з садам i лазенкай, відаць, каб па-моднаму «ўлажыць грошы», ніколі на тую дачу не з'яўляецца. Ды вось прыехаў на дарагой замежнай машыне, з залатавалосай дзеўкай ці маладзіцай побач, адны ў машыне, павітаўся ca мною праз апушчанае акно i прапанаваў: «Может, отхлебнете?» З тое замурзанае бутэлькі, мусіць, таксама замежнага віна, якое яны шчасліва «отхлебывали» на палявой ды лясной дарозе, далей ад міліцыі. Маёй адмове з падзякай ён не здзівіўся — от, не хочаш, дзед, i не трэба.
* * *
Благочестивый старэйшына расійскага сената, выступаючы ў беларускай тэлеперадачы «Падзея», гаварыў пра тое, як гэта будзе добра, калі мы аб'яднаемся, калі зноў будзе наверсе той самы любімец, i спакойна, роўненька изрек: «...мы ведь один народ, один язык...»
А перад гэтым у «Народнай волі» з'явілася выступленне беларускага i расійскага акадэміка Радзіма Гарэцкага, якое я чуў на III з'ездзе «Бацькаўшчыны», але ж выразку пакінуць захацелася іменна цяпер. Выпісваю:
Ад крыўды плачу, ад болю крычу, чытаючы гэтыя Панчанкавы радкі».
Сын вучонага i пляменнік пісьменніка — братоў Гаўрылы i Максіма Гарэцкіх, вялікіх сыноў Беларусі, i сам яе годны сын.
* * *
Усе нашы дабрадзеі старанна абыходзяць дадзеныя ўсенароднага перапісу, спасылаючыся на ранейшую рэферэндаўскую i штодзённую хлусню пра нашу любоў найперш, а то i толькі да мовы рускай.
* * *
Не «боскі памазаннік», як рускі цар, i не сам бог, як японскі мікада, а проста нібы нармальны чалавек, выпадкова апынуўшыся на самым вільчыку ўлады, лічыць, што ён мае поўнае права змагацца за яе i надалей, як быццам не для самога сябе, а для народа.
* * *
У нас па радыё i на тэлеэкране паведамленні з нядаўняга часу ідуць патроху, меншымі порцыямі, але значна часцей, каб слухач ды глядач лепш засвойвалі «ваймяца».
А з Масквы — такое надакучлівае ўражанне, што як не выбух які, не новае зладзейства, не забойства кілерскае або чачэнскае, дык пра жыццё многамільённага народа не было б чаго i сказаць.
* * *
«На Бога спадзявайся, але i сам...»
Адзін на ўрадавым чорнавокна-браніраваным лімузіне, другі ў спецпразрыстым акварыуме на колах, яны трыумфальна пабывалі абапал беларускай i ўкраінскай мяжы, i тая чорная i празрыстая браня — галоўнае, што гаворйць пра палітычны змест ix набожных місіяў...
* * *
Атрыманнем незалежнасці справа не закончыцца. Яшчэ так далека да незалежнасці сапраўднай, a ўжо ж i заўважаюцца прычыны для нацыянальнай варажнечы. Так ужо то патроху, то больш намякаецца i гаворыцца пра забраную ў нас Вільню, не хочучы слухаць пра такое ж ці падобнае права на той самы горад у літоўцаў ці ў палякаў, а тым больш не хочучы думаць, што лепш бы той Вільні стаць вольным горадам, своеасаблівым сімвалам дружбы паміж суседнімі народамі. Такіх балючых «вузлоў» бліжэй i далей, на ўсім свеце нямала, i пакуль людзі, народы не навучацца ix разумна развязваць — дабра не чакай.
* * *
Уладкоўваць сваіх дзяцей ці ўнукаў на лягчэйшае жыццё ў замежжы — гэта пасылаць ix на патрыятычнае ўздыханне па мілай Радзіме здалёк, пажадана з самой Амерыкі. Адны з «адраджэнцаў» заняліся гэтым адразу, адкрыта, a другія пазней стараюцца, спакваля ды спадцішка, самі застаючыся актыўнымі патрыётамі!
* * *
Адзін у сваім бойкім артыкуле пра халуйскія асаблівасці беларусаў сам сябе, трэба думаць, у халуі не залічвае.
Як i другі, што i гаворыць па замежным радыё, i піша таксама, што ў нас «няма сапраўднай інтэлігенцыі», сябе таксама ж абмінаючы.
Такое лірычнае міжрадкоўе...
* * *
Страх прыйшоў потым... Спачатку стары мужчына паволі, асцярожна дыбаў па сходках крутога спуску з вуліцы на вуліцу, а потым не стрываў — заступіўся, хоць словам, за дзяўчыну, якую каля парэнчы біў кавалер. Дабіраўся аберуч да горла, тоўк нагою па ножках, а яна маўчала, толькі плачучы з хрыпам... На другім баку сходкаў, трохі наўскасяк, на парэнчы сядзелі яшчэ два дзецюкі, відаць, з той самай кампаніі. Адна з трох жанчын, што спускаліся перад старым, спыніўшыся ніжэй, пачала сарамаціць грамілу, а тады стары далучыўся, зачапіўшы нават i тых «прысяжных засядацеляў», што прыглядаліся да зверскай расправы...