З людзьмі і сам-насам
- Автор: Брыль Янка
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0603-9
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «З людзьмі і сам-насам». Краткое содержание книги:
* * *
Мне прынеслі дзве кнігі пра Арсенія Таркоўскага.
Чытаю ўспаміны пра яго, пачаўшы з аднаго знаёмага сярод некалькіх аўтараў — дасціпнага i мудрага Лявона Мкртчана, затым на выбар з незнаемых ды пераважна жанчын, а нарэшце ўсё агулам, з большай ды большай цікавасцю.
Потым буду чытаць «Осколки зеркала», кнігу дачкі паэта i сястры кінарэжысёра, прадчуваючы значнае.
З падобным прадчуваннем купіў калісьці, у пачатку васьмідзесятых, кнігу самога паэта, «Стихи разных лет», і, гартаючы яе цяпер, з прыемнасцю сустракаюся са сваімі паметкамі на палях. А гартаў — шукаючы верша, радок якога працытавала адна з успамінальніцаў. Знайшоў яго ў вершы пад зорачкамі («И это снилось мне, и это снится мне...»). Вось той радок: «Не надо чисел мне, я был, я есмь, я буду». Бачыў я i яшчэ зусім падобнае, але дзе, у каго, здаецца, замежнага — памятаецца невыразна. А ў нашага цудоўнага Валодзі Караткевіча такая назва лічыцца... ах, як жа арыгінальнай!..
...Кніга «Осколки зеркала» напісана па талстоўскаму прынцыпу: «што ярчэй успамінаецца», не задумваючыся пра літаратурныя каноны, свабодна ў адступленнях i падрабязнасцях, a ў выніку — таленавіта, што можна назваць прыналежнасцю ўсёй гэтай слаўнай сям'і.
* * *
Дзве ночы ўзапар сніліся рукапісы, якія зноў жа, як i наяве нядаўна было, перад здачай у архіў, даводзіў да апошняга развітальнага ладу. Сплю апошнім часам напоўніцу, без паўзаў бяссонніцы, i абодва сны, у гэтую ноч i ў ранейшую, аднолькава сніў пад раніцу. Першы раз рукапіс быў хаатычны, так я i прачнуўся, не выблытаўшыся з такога безладу, а сёння былі дзве папкі добрых фрагментаў вобразнай прозы, ажно я, прачнуўшыся, пашкадаваў, што ў сапраўднасці такога чагосьці няма. I яшчэ адно дзіўна — сёння быў другі экземпляр машынапісу, а я так i не мог успомніць, куды здаў першы...
Без суму ды шкадавання думаецца, што ў тым сне, другім, намёк на тое, як мала i не на ўсю сілу мною зроблена, i лепш ды больш ужо не зробіцца...
* * *
— Гэта ж у майго дзеда быў такі конь!
Карычнева-іржавая падкова — пад стрэшкай ганка, на старэча-шэрай сцяне — укругаля як талерка велічынёю. Во дзе канішча было, што такія падковы насіла, зімою ажно чатыры! Чую сямейны гонар у словах старой жанчыны, якая, стоячы за парогам, у сенях, толькі што адказаўшы на прывітанне, заўважыла маю зацікаўленасць былой падковай.
— На шчасце людзі даўней прыбівалі,— кажу таксама па-маладому.
Сівенькая, з мыліцаю пад пахай i з кульбай на дапамогу мыліцы ў другой руцэ, яна стаіць у цёмнай пройме сенечных дзвярэй i шчыра, весела дзякуе за тое, што я не забыўся наведаць яе хутарок на ўзгорку над ракою. Зусім ужо ёй дрэнна ходзіцца, але ж i логма ляжаць абрыдзела.
Пакуль яна выйшла з кухні, я заўважыў на падворку зялёныя бульбяныя градўсікі ў зручных закутках, то за старою лаўкай каля старога плота, то побач з пустою сабачай будкай, то абапал крывой абамшэлай брамкі, што ўніз да ракі... Сказала пасля, усміхнуўшыся, што гэта ж яна сама настаралася столькі, бо з вялікай бульбай у агародзе ёй ужо не справіцца. Сын, які шоферам грузавіка ў суседнім раёне, святамі прыязджае.
I сёння ён ужо тут. Выйшаў з агарода на мае прывітанне, маму мне з кухні выклікаў, а сам зноў у агарод. Я толькі i паспеў, што ўголас падзівіцца з яго пасівеласці, а ён адказаць мне: «А што ж вы, Антонавіч, хочаце — праз паўтара года шэсцьдзесят!..»
Падумалася мне i такое: як бы ж яна жыла цяпер, каб не «саграшыла» маладою, каб не сынок-самасейка, нявестка ды ўнукі?..
На шчасце ў яе — не толькі спракаветная вялізная падкова на сцяне, але ж i свой бусел на сялібе. Навокал высокія дрэвы, а ён прыладзіўся на слупе электралініі. Што ж, зручна i ўзлятаць, i садзіцца. Шырокі, нізенька круглы букет святочна бялеецца ў гняздзе над зялёнай палянкай — гэта адно з дзюбатых бацькоў i моладзь.
— Нешта ж ix многа сёлета! — здзіўляюся. I чую небывалае — буслянят ажно пяцёра.
I мы гаворым пра тое народнае, што абое чулі змалку: год будзе з хлебам, буслы гэта ведаюць, лішніх, звыш двойкі, дзяцей з гнязда не выкідаюць.