З людзьмі і сам-насам
- Автор: Брыль Янка
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0603-9
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «З людзьмі і сам-насам». Краткое содержание книги:
* * *
Вялікія, зблізку духмяныя гронкі бэзу за дзень стаміліся ад рэзка халоднага ветру, які матлашыў імі перад маім шырокім акном, i ад сцёбання няцёплага дажджу, які то прыцішаў свой наступ, то ўзмацняў яго. I цяпер, пад вечар, калі як быццам ужо i нечакана распагодзілася на ўвесь сонечны блакіт, бэзавыя гронкі адпачываюць у ясна-спакойным цяпле, толькі лёгка пакалыхваюцца ад ветрыку, які не-не дый выбягае на нашу паляну перад акном — яшчэ крыху лагодна пасваволіць.
* * *
З-пад ніжняй прыступкі старога цымантовага ганка дробным букетам-кусцікам вылезла шэсць кветачак рамонку. Іменна тут ім спатрэбілася вырасці, бела-жоўценька расквітнець, іменна тут вясна знайшла сабе шчылінку на яшчэ адзін выхад.
* * *
«Кнігазбораўскі» том Паўлюка Труса, набыты некалькі дзён таму назад, прачытаў, пачаўшы з перапіскі, дзе ўразіла беднасць яго вясковых сямейнікаў, што неаднойчы нагадвалі яму, то брат, то бацька, то сестры, каб «ношанага не выкідаў», a прывозіў або перасылаў дахаты...
Проза слабенькая, «паэтычная». A ў паэзіі, якою я канчаў чытанне кнігі, прыкметна, як ён энергічна рос, як хутка вызваляўся ад уплываў, выходзіў на сваё. Смерць трагічна ранняя, страта для літаратуры значная, але ж i думалася, чытаючы, пра тое, як ён справіўся не дажыць да горшата, што пачалося з 1930-га...
Успаміналася i пра другога ранняга, Багдановіча, якога ў гады вынішчэння магла б, вельмі проста, не выратаваць ад карнікаў i геніяльнасць.
* * *
Голда Меір, «Моя жизнь». Дзе той Ізраіль, а на старонцы кнігі, у гутарцы пра пасадкі дрэў на суровых пустэчах, мне раптам бліснуў успамін, як мы, школьнікі яшчэ Загорскай трохкласнай школы, садзілі абапал гасцінца бярозкі, прывезеныя з недалёкага Качаноўскага лесу,— бліснуў пяшчотным падабенствам маленькага чалавека i маленькага дрэва, стракаты ствалок бярэзінкі ў малой руцэ над чорнай ямкай, у якую з рыдлёўкі некага старэйшага спрыяльна сыплецца зямля.
* * *
Куст ружы пайшоў пупіхамі, a некалькі бутончыкаў ужо выядрылася светла-ружовай красой. Старая маці, па сваёй ахвоце дачная катаржніца, цяжка спыніўшыся каля гэтага куста, што голлейкам трохі над плітачным ходнікам, ціха сказала, нібы самой сабе:
— Сынок паслязаўтра прыедзе — якраз усе расцвітуць.
Ей праз месяц будзе восемдзесят, а яму праз тры дні сорак пяць.
* * *
Жонка прапанавала тэму. Сустрэчная незнаемая старая жанчына павіталася з ёю на вуліцы i сказала:
— Вы мяне, можа, i не ведаеце, i я вас таксама не ведаю. А я жыву, мая дарагая, зусім адна, i так жа мне адзінока, што хочацца з кім-небудзь людскім пагаварыць...
A ў мяне — такое. Днямі заходжу ў аўтобус, а на першым збоку сядзенні мужчына сярэдняга веку, спаважны такі, у джынсавым рабочым адзенні, устаў i прапануе:
— Сядайце.
Здзіўлены, адказваю:
— А мне толькі адзін прыпынак. Сядзіце.
I стала — адразу i потым, калі выйшаў,— неяк няёмка, што не падзякаваў выразней.
* * *
У «Крыніцы» — постаць Алеся Жука, інтэрв'ю з ім Юрыя Станкевіча, слова пра яго Галіны Тычка, Ірыны Шупляковай, Андрэя Федарэнкі. I кавалак Алесевай прозы, якую прачытаў пасля ўсяго.
Неяк вельмі ж душэўна, успешна адчулася шчасце пісаць пра роднае, шчасце Алесева i сваё, якое было i, можа, Бог дасць, «блеснет улыбкою прощальной» яшчэ хоць трохі...
Ад слоў маладых пра старэйшага захацелася праверыць, што я пісаў пра яго, старэйшы пра маладога, так даўно ўжо, у пачатку 70-х, у пасляслоўі да рускай кнігі, у добрым перакладзе 1ны Сяргеевай.
Радасць ад пераклічкі разумения сапраўднага ў літаратуры.
* * *
Трыццаць гадоў ад майго апошняга наведання Балгарыі. Многае помніцца, пра многае пісаў i расказваў. А вось i сёння, у паўночным бяссонні, зноў убачыўся горад з пацешнай назвай Пернік, у якім толькі што адшумела фальклорна-веснавое свята, вясёлая публіка амаль уся разышлася, а на ўскраінным лужку, зводдаль ад святочнага цэнтра з лаўкамі ды эстрадай на плошчы, яшчэ ўсё размашыста кружыцца, топчацца карагодны танец «Хоро». Чуваць аднастайная музыка, да кален мігацяць голыя, быстрыя ногі дзяўчат, рукі танцораў, уразмах надзейна трымаюць кола — далонь у далонь. Сакавіта-сонечная зеляніна ранняй травы, а на фоне яе яшчэ святлейшая сукенка адной у тым крузе дарослай жанчыны, трэба думаць, настаўніцы, у адной руцэ якой рука дзяўчынкі, a ў другой юнакова, чаго добрага — на не зусім дзіцячую зайздрасць іншым хлопцам... Як ім усім свабодна i радасна! Як ім недаставала такога настрою! Яны ўдзельнічалі ў свяце, можа, былі i заслужана пахваленыя, а вось тое, што на дадатак — тое для душы, самі сабе парадавацца i спрытам, i шчасцем, i ўступленнем у маладосць, у якой ужо папраўдзе ix мілая, вясёлая настаўніца.