З людзьмі і сам-насам
- Автор: Брыль Янка
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0603-9
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «З людзьмі і сам-насам». Краткое содержание книги:
Бывала, дый неаднойчы, такое цягучае, прыкрае адчуванне, што я чытаю зашмат, як ваду ў пясок льючы, амаль услед забываючы прачытанае. А цяпер, i ўчора, i сёння зноў, радасць сур'ёзнага чытання, законная доля работы жыцця, славутае «общение с душами прежде живших людей», хоць у гэтым выпадку не «прежде живший», а нават даволі значна маладзейшы за мяне сучаснік.
I ў адзіноце няма адчування яе — адзіноты.
* * *
Учора, гледзячы-слухаючы па тэлевізары «элегантна»-трыумфальную прэс-канферэнцыю, успомніў адно выказванне Рыгора Бярозкіна. Звычайна мы з ім гаварылі па-беларуску, а тут ён сказаў па-руску, можа, i паўтараючы кагосьці, не памятаю ўжо з далёка-брэжнеўскага часу: «Как высока у нас культура лжи!..»
Успомніўся i адказ Мікалая Рэрыха на пытанне ў нейкай анкеце: «Чем вы занимаетесь в праздничные дни?» — «Как чем? Работаю».
Тое, што прадбачылася i здарылася — далека не свята, аднак іншага не застаецца — толькі працаваць.
Прачнуўшыся ў тры гадзіны, больш не заснуў да раніцы. Згадалася i яшчэ адно выказванне, ужо найбольшата аўтарытэта — Льва Талстога, якое не магу прывесці даслоўна, a толькі як помніцца, па сэнсе. Калі вам трэба прыняць важнае рашэнне, прымайце тое, на выкананне якога патрэбна больш смеласці.
* * *
Няшчасце яднае людзей, абуджаючы ў душах тыя пачуцці i думкі, якія даюць надзею на святлейшую будучыню чалавецтва. Так цяпер, пасля адзінаццатага верасня, з Амерыкай, усе апошнія дні.
Праўда, ёй намякаюць пра Хірасіму, пра Бялград i яшчэ пра што, i ёй, яе кіраўніцтву варта было б задумацца над тым, што пекла вайны яна ў сябе дома не перажывала, а лесам другіх народаў хоча i практыкуецца распараджацца па праву сілы i заможнасці. Вось i цяпер, калі ёй шматлюдна, шчыра спачуваюць, яна зноў пагражае, спадзяецца на сваё золата i жалеза, не ўлічваючы найдаражэйшага — крыві нявіннага маленства, святога мацярынства, мірнай мужчынскай сталасці, безабароннай старэчы — новых тысяч, мільёнаў ахвяр... Ужо не іхніх, зноў «варожых»!..
Страшна, няўтульна на нашым свеце!.. I не па Гогалю — «господа», а па-народнаму, па-чалавечы: людзі добрыя, дарагія сябры!..
* * *
Столькі пішацца расійцамі пра Сталыпіна, столькі ўздыхаецца па ім, i нідзе ні слоўца пра тое, што гэта ж i ён быў прычынай з'яўлення эпахальнага «Не могу молчать».
* * *
Востра адчулася, што маё, у той ці ў іншай меры аўтабіяграфічнае, перш за ўсё «Птушкі i гнёзды», трэба было напісаць з усёй безагляднай, бязлітаснай шчырасцю, чаго я не зрабіў на ўсю моц, а з той асцярожнасцю, аглядкай, з тым страхам, які абумоўліваў i мой сацрэалізм...
Літаратарам-прафесіяналам я стаў дзякуючы ўваходу ў савецкую рэчаіснасць, то па наіўнай шчырасці, то з патрыятычнага абавязку вучачыся стаць, быць савецкім пісьменнікам, бо іншым быць i не мог. Калі б вайна, аб'яднанне Беларусі адбыліся гадоў на дзесяць пазней, я, жывучы ў Заходняй, застаючыся селянінам, можа, i змог бы стаць, як літаратарсаматужнік, у пэўнай меры значным ці прыкметным сваёй шчырасцю, праўдай жыцця, аднак — гэта ж толькі калі б...
* * *
Старому чалавеку трэба трымацца прыстойна ды лішне не вякаць. I ў літаратуры.
* * *
Забалела, што нехта так i пайшоў з жыцця, беспадстаўна чорна думаючы, танна ды пошла пляткарачы, з даносным намёкам пішучы пра мяне ананімна...
* * *
У «Литгазете» прачытаў нядаўна вершы Якава Хелемскага, у адным месцы цёпла засмяяўшыся ад канцоўкі верша, які пачынаецца такім знаёмым i мне настроем:
Можна было б працытаваць i дванаццаць наступных радкоў, але бяру канцоўку:
Крыху залёгка, можа, i з пэўнай бравадай, але ж i весела, услед за народнай мудрасцю.
I трэба ж!— тое чытанне аказалася нейкім уступам, нейкім прадбачаннем у мяне — ад Яшы прыйшла бандэроль, зборнік вершаў «Високосный год» з сяброўскім, верыцца, шчырым аўтографам. Учора, пасля дажджлівай хмарнасці захад рэзкавата распагодзіўся, i я закончыў дзень чытаннем таленавітай паэзіі даўняга i актыўнага сябра беларускага слова.