З людзьмі і сам-насам
- Автор: Брыль Янка
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0603-9
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «З людзьмі і сам-насам». Краткое содержание книги:
Больш мне як быццам i няма чаго сказаць, бо i ён пасля гістарычнага 1989-га замоўк у сваёй апале, i я не вельмі ведаў, што ды як пісаць... A гадоў праз чатыры прачытаў у польскай літаратурнай газеце, што Войцех Жукроўскі аказаўся, выступіў з таленавітай кнігай успамінаў, i гэта было мне прыемна. Добра было б, вядома ж, кнігу тую прачытаць, напісаць яе аўтару, атрымаць якое слова ад яго, хоць, дарэчы, заўсёды не надта ахвочага да ліставання. Niestety! — скажам па-польску, што азначае на жаль! З маўчаннем сваім ён не першы, i тут ёсць свой інтэрнацыянал, i я ў ім — не з лепшых.
I вось тым часам «Дзень задушны», свята памяці, газетная калонка з мноствам імёнаў людзей, што адышлі, а сярод ix — амаль зусім апошні з тых, каго я ў Польшчы ведаў бліжэй, з кім сябраваў.
* * *
Па-ўладнаму расчуленая ўсмешка задавальнення на паказе сілавых практыкаванняў спецназа. Каму такія галовы, што лбом з падскоку разбіваюць тры белыя цагліны, пакладзеныя адна на адну, патрэбны больш за тыя, што думаюць i да чагосьці дадумваюцца.
* * *
У добрай кнізе I. Б. Канапацкага i А. I. Смолкіна «Гісторыя i культура беларускіх татар» цікава было сустрэць i такое:
«Агульнавядома, што першае ўказанне, якое было дадзена ўсявышнім Алахам Прароку Мухамеду (Мір яму i міласць Усявышняга!), было вызначана адным словам — «Чытай».
У гэтым сэнсе i я даволі магаметанскі вернік.
* * *
Буйным планам на тэлеэкране адна граната, якую антычачэнскі ваяка браў з рукі ў руку, рэзка нагадала мне польскую франтавую зямлянку, у якой ix стаяла дзве скрыні, у адной «zaczepne», з гладкай паверхняй, у другой «obronne», з паверхняй насяканай, нібы яна ў шакаладных квадраціках.
Адчуўся, паўтарыўся той юначы жах пачатку другой сусветнай вайны...
* * *
Іду спакойна на зялёнае святло, пераходжу вуліцу, а з бакавое, за маім невідушчым вокам, на чырвонае святло шухнула перада мною «иномарка», як заўсёды, вельмі ж кудысьці спяшаючыся. Не славутыя, з песні, «четыре шага», a нейкі метр ад неваеннага канца яшчэ аднаго чалавека...
Страшна стала пазней, успомніўшы.
* * *
На першае прадвяснянае сонца худую каровіцу выпусцяць з халоднага ды гразкага хлява, а яна пастаіць, пастаіць, прыгрэецца i раптам смешна, бо недалужна, падбрыкне.
На вольна-пенсійным прыгрэве так час ад часу, зусім сур'ёзна падбрыкваюць «вершамі» не скажаш каб худыя акадэмікі, нават i навук дакладных.
* * *
Наша карэліцкая кніга «Памяць». Увечары зноў глядзеў яе, за другім заходам шукаючы i знаходзячы штосьці новае.
Так у раздзеле «Вернутыя імёны», які я, відаць, проста прапусціў гартаючы кнігу першы раз, знайшоў такое:
«Рап'евец Канстанцін Сцяпанавіч, н. у 1916 у в. Лыкавічы. Арыштаваны ў студзені 1939. Асуджаны ў маі 1939. Прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў снежні 1966».
Было каму i плакаць па ім, i пра рэабілітацыю паклапаціцца. Той самы мой аднакласнік КосцяЛычык, пра якога я ў «дзевяноста пятым» пісаў, як ён, будучи польскім жаўнерам, у форме i з карабінам уцёк «у Саветы», а што з ім здарылася там (1937—1938!), я або чуў ды забыўся, або, хутчэй, i не чуў. Памылка толькі на год: «суд», пасля турмы i катаванняў, i расстрэл адбыліся ў 39-м. A ўсё гэта — у чатырох радках кніжнай калонкі...
Ёсць i яшчэ скупей. У раздзеле «Ахвяры фашысцкага тэрору»:
«Барысевіч Іван Гаўрылавіч.
Барысевіч Ірына Сафронаўна.
Яны расстраляны ў маі 194З у г. п. Мір».
Бацькі Цімы Ныгрыса (сямейная мянушка), дзядзька Іван (па бацьку я яго не ведаў) i цётка Ярына (так па-вясковаму), дачка пацешнага дзеда Цупрона Гаркавага (мянушка Мурын). Небагатыя хутаране на «кругліцы» поля паміж нашай, загорскай, пашай i сенакосамі. Там ix, дома, арыштавалі раніцай, а хату i ўсе будынкі падпалілі. Пагаворвалася пасля, а вясёлы, дасціпны Ціма, вярнуўшыся з Нямеччыны, даводзіў мне, што немцаў тады на ix «навялі свае сабакі», бо ён жа i праўда быў звязаны з партизанами У Нямеччыне гаравалі яны з Любай i дзіцем, дзяўчынкай. А старых акупантам выгадней было закапаць у Міры за бойняй, на месцы расстрэлаў.
Многа ў кнізе такога падобнага, пададзенага коратка i яшчэ карацей, i ўсё яно ў тых, да сцішнаты сумных пераліках у памяці могуць ажывіць толькі свае пра сваіх, мясцовыя пра мясцовых. Некалькі вёсак навокал тваёй, а перш за ўсё найжывей усё ў сваёй.