З людзьмі і сам-насам
- Автор: Брыль Янка
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0603-9
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «З людзьмі і сам-насам». Краткое содержание книги:
У Салжаніцына («Бодался теленок с дубом») спадабалася:
«Что-то скажется прямо о Боге, заплеванном семечками атеистов».
I яшчэ, пра аўтабіяграфічнасць:
«За всей жизнью пером не поспеешь».
A ў Лужаніна пра адзіноту (i назва верша такая):
* * *
Драбніца, што даволі часта паўтараецца:
Яшчэ старонка ў кнізе не дачытана, a ўжо адчуваецца, што на наступнай будзе канец раздзела. I амаль ніколі не памыляешся.
Тут i аўтар кнігі вінаваты: сам хоцькі-няхоцькі выдае, як закругляецца.
* * *
Пасмяемся са старасці — сваёй.
З дачным суседам, хоць i на шэсць гадоў маладзейшым, за паўтара кіламетры штодзённай няспешнай хады з пасёлка з малаком, так i не ўспомнілі, як называецца той звер, што не аса, не чмель, але кусучы i наймацней, i, на дадатак, небяспечна. Суседаву жонку пазалетась ён цяў у аголенае перадплечча, i яна паняньчылася з пякучай пухлінай даволі доўга. А на маім гарышчы гэтая поскудзь гудлівая змайстравала сабе пад вільчыкам даху адмысловае гняздо, белае ды пукатае, як добрае вымя ў каровы, i майму маладому гаспадару трэба было дадумацца прывезці з Мінска пыласос, паставіць у ім задні ход, зарадзіць разведзенай атрутай, якую яму нараілі, шумануць у тое «вымя», i яны пасыпаліся долу, на дашчаны насціл — цэлая горба вартых жалю мерцвякоў... Словам — даўнія нашы знаёмыя, а як яны называюцца, мы з суседам нарэшце ды раптам, нібы між іншым, але ўжо дома, кожны па сабе, успомнілі, што гэта ж проста шэршні!
Сустрэўшыся назаўтра ўранні, пасмяяліся самі з сябе — во дажыліся! I што ж, вяртаючыся з малаком, зноў застопарыліся, на іншым пытанні. Ёсць у нас, беларусаў, тры падобныя назвы мясцінаў на бліжэйшай Міншчыне: Смалявічы, Смілавічы... Ну, а як жа трэцяя? I бывалі ж там у свой час, адтуль пачатак нашых яблыняў, чарэшань, сліў, алычы, кустоў агрэсту, парэчак, купленых ушчэпамі ды чаранкамі ў багатых інстытуцкіх гадавальніках. А як яна, тая мясціна, называецца — зноў жа ўспомнілі дома, кожны сабе — Самахвалавічы!..
Колькі адкрыццяў, амаль кожны дзень!..
У самым нягеглым настроі, калі i не пішацца, i чытаць выпадковае надакучыла, i надвор'е гнілое, нават бяссонніца прыплялася, уранні, адзяваючыся, падумаў, што новыя тапкі, нядаўна купленыя мне нявесткай, трэба будзе забраць у Мінск, каб, як хто прыйдзе, было што прапанаваць разутаму. Ледзь не ўголас сказаў гэта сам сабе і... засмяяўся. Ну вось, няма чаго скардзіцца —i вялікія думкі таксама ж прыходзяць!
Добра, што можна яшчэ пасмяяцца.
* * *
У нашым Загоры ў маім маленстве лапці насілі сырамятныя, нават у каго i аборы былі не вераўчаныя, а з мякчэйшай скуркі. Толькі ў дзеда Коціка яшчэ ўсё палас&чн>зд, з лыка. У прадвясняным разводцзі раўчуком каля платоў з вышэйшага канца вёскі ў наш ніжэйшы канец калі-нікалі даплываў, натоўкшыся ў берагі, такі нямодны паласяннік, i нам, падшыванцам, пацешна было пароць якімі-небудзь патарчакамі той «карабель» без абораў, знятых старым Коцікам для наступнага, каб яшчэ раз не віць.
Таксама ж успамін. Прыйшоў ён, пакуль я сядзеў пры не зусім астылай за ноч белакахлянай грубцы, ціха чакаючы прыезду ўнучкі з мужам. На машыне, вядома, што сёння не толькі ў горадзе, але i ў вёсцы не навіна.
Прагрэс!..
A днямі старая паштарка гаварыла мне, што ў школу з ix недалёкага Беражна ў Мір, за пятнаццаць кіламетраў, спецыяльны аўтобус бярэ ўжо толькі двое дзяцей — з дзж)х з нечым соцень хат...
* * *
Цёўканне аерам, тс на губным гармоніку,— дзіцячае, найбольш хлаі чуковае свята ў суботу перад Сёмухай, калі з лесу прывозіліся для ўпрыгожання двара бярозкі, а з-над рэчкі аер, нарэзаўшы якога пасыпалі свежавымытую падлогу ў хаце.
У нашага бацькі ад любасці да дзяцей i ў самога былі дзіцячыя рысы ў характары. Так ён, ужо i хвараваты, i вечна ў рабоце, у сваё апошняе лета ездзіў на нашым сівым злосным сібірачку на Вушу, за два кіламетры, i ў лес за ракою, яшчэ больш за тры, каб прывезці радасць малым.
У татарскім квартальніку «Байрам» прачытаў пра ўласцівасці аеру, i вось павяло на запіс.
Там яшчэ цытуецца з кітайскага медыцынскага трактата: «У яго каранішчы смак пякучы, уздзеянне цёплае, саграваючае, моцна ўплывае на страўнік, мужчынам дае сілы на ноч i спакой днём».
А дзецям,— дадамо,— такое бела-ружова-зялёнае цёўканне.