З людзьмі і сам-насам
- Автор: Брыль Янка
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0603-9
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «З людзьмі і сам-насам». Краткое содержание книги:
* * *
З-за паганай слізготы пошту 29-га прынеслі адзін раз, зусім пад вечар. Затое ж радасць якая — пісьмо ад Вацлава Жыдліцкага!.. На адной палавіне «раскладушкі» з панарамай начной Прагі віншаванне, на другой P. S., які хочацца запісаць:
«Дзякуй за ўспамін, за добрае слова. Яно, зараз сказанае такім сябрам, як Ты, асталося адзінае з усяго, што было. Бо ў ім, як у нейкім кодзе, усё пражытае... Вось, відаць, сіла мастацкага слова, літаратуры... Няхай Бог Цябе беражэ!»
Гэта — у адказ на мае спачуванне, жаль па яго мілай, слаўнай Марцэле. Не памятаю ўжо, як там даслоўна я, два з нечым месяцы таму назад, пісаў, аднак, аказваецца, як i трэба.
I ў яго віншаванні «з Новым годам i шчасцем», як i ў некаторых іншых сяброў, зноў пра канцы i пачаткі стагоддзяў ды тысячагоддзяў. А я гляджу на гэта ў нейкім ці не санлівым спакоі. Заўтрашнюю поўнач магу, чаго добрага, i праспаць, як пераезд у цёплым вагоне яшчэ адной дзяржаўнай граніцы.
А як гэта хораша — чэхам па-беларуску — сказана, што хочацца павярнуць i на яго, i на ўсіх добрых людзей:
Няхай нас Бог беражэ!
З газеты «Rzeczpospolita» перакладаю пісьмо Жаромскага да незнаёмай панначкі.
«Пелягіі Маляхуўне
Налэнчуў, 2 жніўня 1918 г.
Паважаная Панна Пелягія Маляхуўна, вуліца Аградова ў Закапаным.
Пісьмо, адрасаванае Адаму Жаромскаму ў Налэнчове, a напісанае 25 ліпеня, я адкрыў таму, што з двух чалавек, якія да нядаўняга часу насілі гэтае прозвішча, я ўжо на гэтым свеце адзін. Мой сын Адам памёр тут 30 ліпеня, a Паніна пісьмо прыйшло назаўтра пасля яго пахавання. Шкада, што не раней. Можа, яно праясніла б вялікі перадсмяротны змрок i невыказны смутак промнем успаміну пра радасныя дні i мары маладосці. Адась жыццё закончыў у сне, у тры гадзіны раніцы — i сапраўды спачыў у Богу. Быў ён чысты, як сляза, i чысты пайшоў з гэтага свету.
Калі Пані мае да яго ў сваім сэрцы ўспамін прамінулай дружбы, прашу захаваць яго назаўсёды, бо ён варты гэтага.
Няма ўжо «Каханага Адася». Спіць у гэтай чароўнай налэнчоўскай зямлі, сярод палёў, поўных спелага збожжа, кветак, садавіны пад вялікімі дрэвамі, у ройным спеве птушак. Калі гэта праўда, што ён быў для Пані «Каханым Адасем», што я праз слёзы прачытаў у самым пачатку пісьма, прашу Бога, каб ён даў Табе на зямлі ўсялякага дабра.
Стэфан Жаромскі».
I мужнасць, i годнасць, i боль. I толькі адзін раз не «Панна», не «Пані», а горка бацькоўскае «Табе»...
Зноў падумалася сумна, што так я, відаць, i не змагу прачьггаць яго шматгадовы дзённік, толькі нядаўна выдадзены. А гаварылася, напісана было ў паведамленні, што гэта — яго найлепшы, найважнейшы твор, які так марудна ішоў да чытача. A пісьмы i яшчэ ідуць...
Вялікаму ўласціва не спяшацца.
* * *
Мікола Купава пазычыў для выстаўкі да 100годдзя Пятра Сергіевіча калісьці купленую мною карціну «Зімовая ноч. 1942». Назаўтра пасля вечаровага адкрыцця выстаўкі, на якім я не змог папрысутнічаць, паехаў уранні ў Палац мастацтва i паглядзеў яе.
У «Малой зале» Палаца, дзе светла ад сценаў, стол i i вялікіх вокнаў, няспешна ўбачылася ўсё, можна сказаць, даўно знаёмае, а потым i пасядзеў на самотным крэсле пасярод пустое зранку залы, таксама, як тое старое крэсла — адзін. Добра думаючы пра самабытнага мастака i цікавага чалавека.
Перад партрэтам Любы Асаевіч успомнілася, што ў мяне гэта першая работа Сергіевіча, убачаная ў арыгінале, калі я ўвосені 1944-га, прыехаўшы з Міра ў Мінск, пакуль што ў нейкую журналісцкую камандзіроўку, начаваў у Танка, сагрэты гасціннасцю яго Любові Андрэеўны, сяброўскай прастатой Максіма i забаўнасцю ix трохгадовага сынка.
У Сергіевіча мне заўсёды найбольш падабаліся партрэты, i жывапіс, i графіка. Стоячы перад партрэтам Забэйды-Суміцкага, яшчэ раз сумна пашкадаваў, што мой, такі самы «пакаленны» памерам, партрэт паважаны маэстра быў пачаўшы (як гаворыцца ў яго родных мясцінах) у красавіку 1952 года, калі мы з Уладзімірам Калеснікам зайшлі да Сергіевіча пад канец камандзіроўкі. Сёння, здалёк падумаўшы, можна мне было тады i «здрадзіць кампанію», застацца ў Вільні на дзень-два, папазіраваць. А мы ўсё вечна кудысьці спяшаемся...
* * *
Два нумары часогііса «Куфэрак Віленшчыны». У Маладзечне група моладзі сведчыць свой светлы ўдзел у справе народнага адраджэння. Спачатку я прачытаў пра гэтую справу, а потым пазычыў часопісы ў Гілевіча, тры дні знаёміўся з ціха-радасным адкрыццём. Першы нумар трымаецца на постаці Генадзя Каханоўскага, слова i ягонае, i пра яго, a ў другім — постаць вішнявецкага святара Уладзіслава Чарняўскага, беларуса ў каталіцтве. Апроч гэтых двух — талковая гутарка пра цікавае ды змястоўнае, важнае ў жыцці той часткі Радзімы, што называецца Віленшчынай i пэўным чынам працягвае віленскія традыцыі, не толькі заходнебеларускія, але яшчэ i нашаніўскія. Чыста, культурна, без ляпаніны моднай сексавасці i моўнага прэтэнцыёзнага штукарства, што месцамі раздражняе або зануджвае i ў «Arche», i ў новай «Нашай ніве».