Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 62 63 64 65 66 67 68 69 70 ... 150
Перейти на страницу:

Эямэр не сказаў анічога й зірнуў на сястру задумліва, нібы згадваючы ўсе прамінулыя дні, пражытыя побач зь ёю.

– Я бачыў таксама й тое, пра што казаў ты, Эямэр, – дадаў Арагорн. – Бо мала якое няшчасьце сярод бедаў гэтага сьвету горшае й журботнейшае для сэрца мужчыны, чым бачыць каханьне панны такой прыгожай і адважнай – і не адказаць на яго. Шкадаваньне й смутак ішлі за мною з таго дня, як пакінуў я яе ў адчаі ў Дунхэрэ й рушыў Сьцягою Мёртвых, і найвялікшым маім страхам на той дарозе быў страх за яе. I ўсё-ткі скажу я, Эямэру, што цябе яна любіць болей за мяне, бо ведае цябе, а ўва мне пакахала толькі цень уласных мрояў, надзеяў на славу, і вялікія подзьвігі, і землі, далёкія ад роханскіх палёў. Верагодна, у мяне стане моцы, каб ацаліць яе цела, выклікаць яе з даліны ценяў. Але ж да чаго абудзіцца яна – да надзеі, забыцьця, адчаю, – я ня ведаю. Калі да адчаю, тады яна загіне, хіба прыйдзе іншае ацаленьне, якога я даць ня здолеў. А шкада, бо паводле дзеяў яе месца сярод найвялікшых каралеўнаў.

Тады Арагорн нахіліўся й зірнуў у яе твар, бялейшы ад лілеі, халаднейшы за шэрань і больш суворы за магільны камень. Пацалаваў у лоб і паклікаў ціха:

– Эявін, дачка Эямунда, абудзіся! Загінуў твой вораг, сышоў прэч!

Яна не прачнулася, але дыханьне яе ўзмацнілася, і яна варухнулася пад белаю прасьцінаю, глыбока ўдыхаючы. I зноў Арагорн скамечыў два лісты ацэласу й укінуў у гарачую ваду, абмыў твар дзяўчыны й прамыў правую руку, што ляжала халодная й зьнежывелая на коўдры.

Ці тое празь нейкае Арагорнава ўменьне людзей Захаду, забытае цяпер, ці тое празь ягоныя словы пра панну Эявін, але ж, калі салодкі водар паплыў па пакоі, усім побач падалося, што пранізьлівы вецер уляцеў праз акно. Сам вецер ня нёс водару, ды быў такі сьвежы, чысты й малады, нібы аніколі раней аніводнае жывое стварэньне не ўдыхала яго, нібы толькі створаны зьявіўся ён ад сьнежных гораў пад купалам зораў ці ад срэбнага берагу, недзе далёка абмытага пенным морам.

– Абудзіся, Эявін, панна Рохану! – паклікаў Арагорн зноў, узяўшы яе руку ў сваю й адчуваючы, што яна пацяплела й жыцьцё вяртаецца да яе. – Абудзіся! Адляцеў цень, і згінула цемра!

Тады паклаў яе далонь у Эямэраву й крочыў прэч. Папрасіў:

– Пакліч яе! – дый сышоў ціхутка з пакою.

– Эявін, Эявін! – гукаў Эямэр скрозь сьлёзы.

А яна расплюшчыла вочы й вымавіла:

– Эямэр? Якая радасьць! Мне казалі, што ты забіты. Не, тое былі толькі чорныя галасы ў сьне. Колькі ж я спала?

– Нядоўга, сястра мая. Але ж ня думай болей пра тое!

– Я незвычайна стамілася. Трэба крыху адпачыць. Аднак распавядзі мне, што з каралём Украйны? Жаль і гора! Не кажы мне, што й тое я прысьніла, бо ведаю: ня ўсё – сон. Ён прадбачыў сваю гібель, і прадбачаньне спраўдзілася.

– Ён памёр, – адказаў Эямэр, – але ж перад сьмерцю прасіў мяне разьвітацца з Эявін, якая для яго даражэйшая за дачку. Зараз ён ляжыць у вялікай пашане ў Цытадэлі Гондару.

– Горкія зьвесткі. I ўсё ж добрыя па-за ўсялякай надзеяй тых чорных дзён, калі падавалася: у родзе Эёрла засталося шляхетнасьці меней, чым у любой пастуховай халупе. А што ж здарылася з каралеўскім збраяносцам, з паўросьлікам? Эямэр, ты мусіш зрабіць яго рыцарам Украйны, бо ён насамрэч адважны!

– Ён ляжыць непадалёк у гэтых самых Сядзібах, і я неўзабаве пайду да яго, – паведаміў Гэндальф. – А Эямэр застанецца пакуль што тут. Аднак не размаўляйце пра вайну й згубу, пакуль ты не ацалілася. Вялікая радасьць нам усім, што такая мужная спадарычна абудзілася да здароўя й надзеі, абудзілася да жыцьця.

– Да жыцьця? Магчыма, – вымавіла Эявін. – Пакуль знойдзецца яшчэ пустое сядло ад згінулага вершніка, якое я займу, датуль яшчэ ёсьць, што рабіць у гэтым жыцьці. Што ж тычыцца надзеі... я ня ведаю.

1 ... 62 63 64 65 66 67 68 69 70 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)