Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Вось Саруманава падступства! – выгукнуў Арагорн. – Яны зноў прабраліся ў тунэль, пакуль мы размаўлялі, ды запалілі ортанкава полымя пад самымі нашымі нагамі! Элендыль!
Галосячы, скочыў уніз, у пралом, але ж тым часам сотні лесьвіцаў учапіліся ў сьцены. Апошні напад хлынуў за мур і на мур, як хваля на пяшчаны пагорак. Абаронцаў зьмялі. Некаторых адцясьнілі глыбей у Яр, высякаючы, адсоўваючы крок за крокам да самых пячораў. Іншыя прабівалі сабе шлях да замку.
Шырокія сходы вялі зь Яру на скалу Горнбургу, да задняй брамы замку. Ля ўзножжа іх стаяў Арагорн. У ягонай руцэ яшчэ пабліскваў Андарыль, і жах перад мечам яшчэ стрымліваў ворагаў, пакуль ацалелыя абаронцы прабіваліся да лесьвіцы, адзін за адным падымаліся да брамы. За Арагорнам, троху вышэй, стаяў Ляголас, напяўшы лук з апошняю падабранаю стралой. Эльф уважліва сачыў, гатовы стрэліць у першага ж орка, які наблізіцца да лесьвіцы.
– Усе, хто мог, ужо дабраліся да замку, – паклікаў ён нарэшце. – Вяртаймася!
Арагорн павярнуўся й рушыў уверх па ўсходах. Але ж празь вялікую стому спатыкнуўся. Оркі адразу зь віскам кінуліся наперад, выцягнуўшы доўгія рукі, каб ухапіць яго. Першы паваліўся зь Ляголасавай стралой у горле, але ж астатнія лёгка пераскочылі празь яго. Тады вялізны камень, кінуты зь сьцяны, абрынуўся на лесьвіцу, пакаціўся й зьмёў оркаў долу, у Яр. Арагорн дабег да дзьвярэй, і тыя адразу бразнулі за ягонай сьпінаю, зачыняючыся.
– Благія справы, сябры, – выцер рукою пот з лоба.
– Невясёлыя, – пагадзіўся Ляголас, – але ж не безнадзейныя, пакуль ты з намі. Дзе Гімлі?
– Ня ведаю. Апошні раз я бачыў яго, калі ён біўся ў Яры, за мурам, але бойка разьвяла нас.
– Шкада! Вось гэта сапраўды благія весткі, – загараваў Ляголас.
– Гімлі дужы й моцны ваяр, – суцешыў яго Арагорн. – Будзем спадзявацца, што ён прабіўся да пячораў. Там ён пэўны час будзе ў бясьпецы – у адрозьненьне ад нас. Дый гэткі схрон болей адпавядае гномскаму густу.
– Хацелася б, каб так яно й было, – сказаў Ляголас. – Лепей усё ж, каб ён прабіўся сюды, да нас. Я так хацеў давесьці спадару гному, што мая лічба цяпер – трыццаць дзевяць.
– Калі ён прабіўся да пячораў, дык зноў цябе абгоніць, – засьмяяўся Арагорн. – Я аніколі ня бачыў, каб так працавалі сякераю.
– Тады мушу пашукаць якіх стрэлаў. Хоць бы хутчэй скончылася гэтая ноч, каб лепей бачыць, куды цаляеш.
Арагорн прайшоў у замак і там з адчаем даведаўся, што Эямэр не прабіўся да Горнбургу.
– Не, ён не сягнуў замку, – пацьвердзіў адзін ваяр. – Я астатні раз бачыў яго, калі ён склікаў людзей ды біўся ў вусьці Яру за сьцяною. Зь ім былі Гамлінг і гном, але ж я ня змог да іх прабіцца.
Тады Арагорн скіраваўся ва ўнутраны двор ды падняўся на верх вежы. Там стаяў кароль – цёмная постаць ля вузкага вакна – і ўглядаўся ў далеч, на даліну.
– Якія навіны, Арагорн? – спытаў ён.
– Вашамосьць, Яравая сьцяна ўзятая, абаронцы расьсеяныя. Але шмат хто прабіўся сюды, у замак.
– І Эямэр?
– Не, вашамосьць. Шмат вашых ваяроў адступіла па Яры й некаторыя бачылі Эямэра сярод іх. У цясьнінах яны пасьпяхова абароняцца ды сягнуць пячораў. А якая надзея й выйсьце ім тады, я ня ведаю.
– Надзеі й выйсьця ім болей, чым нам. Кажуць, там даволі ежы. I паветра аднаўляецца дзякуючы шчылінам у скальным даху. Аніхто не прарвецца туды, пакуль абаронцы трываюць. Там можна трымацца доўга.
– Але оркі прынесьлі чараўнікову пошасьць з Ортанку, – распавёў Арагорн. – Выбуховае полымя. Зь ім і ўзялі сьцяну. Калі не прарвуцца ў пячоры, могуць заваліць уваходы й тых, хто ўнутры. Але ж нам зараз трэба клапаціцца пра ўласную абарону.
– Я гібею тут, нібы ў вязьніцы, – сказаў Тэядэн. – Калі б я здолеў яшчэ раз узяць дзіду, скакаць верхам наперадзе маіх людзей у бітве, мажліва, тады я зноў адчуў бы асалоду змаганьня й загінуў бы задаволены. А тут зь мяне няма карысьці.
– Тут вы, вашамосьць, пад аховай наймацнейшай крэпасьці Ўкрайны. Абараніць вас тут куды болей надзеі, чым у Эдорасе ці нават у Дунхэрэ.
– Кажуць, Горнбург аніколі ня бралі штурмам, але цяпер у маім сэрцы сумнеў. Сусьвет мяняецца. Моц мінуўшчыны цяпер не вытрымлівае. Як могуць любыя вежы стрымаць такую неабсяжную нянавісьць, такую колькасьць ворагаў? Калі б я ведаў, што сіла Ізенградку гэтак вырасла, мабыць, не сьпяшаўся б гэтак бяздумна кідацца насустрач ёй, нягледзячы на словы й майстэрства Гэндальфа. Не такой ужо добрай выглядае ягоная парада, дадзеная пад ранішнім сонцам.