Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Скаловіч апусьціў галаву. Я заўважыла, што ягоныя пальцы сьціснуліся, ажно зьбялелі.
— Справа ня ў людзях… Справа ўва мне. Я нікому не магу даць шчасьця.
— А яны ў вас што-небудзь прасілі? — вусны Далілы дрыжэлі. — Усяго толькі дазволіць быць побач!
— Калі вы стаіце на краі абрыву, які штохвілі можа абсунуцца, вы дазволіце дарагому чалавеку стаяць побач з вамі? І ўвогуле — я ніколі і не сьцьвярджаў, што я добры чалавек.
— Яшчэ б! — раздражнёна гукнула Даліла, а потым нейкім дзіўным голасам спытала:
— Яна была прыгожая? Гэтая… Мары?
— Прыгожая, — спакойна адказаў прафесар.
— І… вы па ёй сумавалі?
— Дужа сумаваў.
— Я вас ненавіджу! — раптам зноў псіханула мая сяброўка.
— Гэта вашае права.
Даліла і Скаловіч працягвалі лаяцца, а я раптам усьвядоміла, што за ўвесь гэты час… Нават ад таго моманту, як падышла да дому на могілках… Ні разу ня ўспомніла пра Едруся.
Неверагодна. За апошні год гэта стала для мяне як ціканьне гадзіньніка. Кварцавыя гадзіньнікі цікаюць вельмі ціха — але ўсё-ткі гук ёсьць, і калі паднесьці да вуха, то пачуеш пяшчотнае тахканьне ліліпуцкага сталёвага сэрца.
Вось ты ходзіш, сьпіш з гадзіньнікам пад падушкай — а яно тахкае, ні на міг не спыняючыся.
Ты яго ня чуеш, не накручваеш спружынку, але ведаеш, што тахкае.
Так для мяне быў успамін пра Едруся.
Я ішла ў інстытут, сядзела на лекцыях, ехала дадому, і дзесьці фонам было — вось Едрусь прачнуўся, вось пакуе газеты, вось ідзе ў пераход прадаваць іх заспаным няшчасным менчукам, якія мала купляюць газеты, дзе пішуць непрыемнае, але й і тыя, дзе пішуць прыемнае — пра вясельлі “зорак”, на якія іх ніколі не запросяць, альбо збудаваныя для іх, шараговых грамадзянаў, палацы, у якіх яны і іх дзеці, мачыма, таксама ніколі не пабудуць — купляюць таксама меней… А вось ён вяртаецца ў свой падвальчык, кладоўку ў Доме культуры, дзе падпрацоўваў дыджэем плюс вартаўніком, і якому ўсё роўна аддаваў перавагу перад домам ля могілак… Вось бярэ гітару, пяшчотна кранае струны… А вось Едрусь на сцэне… І дзяўчаты глядзяць-глядзяць-глядзяць на яго…
І вось раптам тахканьне гадзіньніка спыняецца, я перастаю думаць пра Едруся.
Чаму?
Мне ня дадзена было ў той момат адшукаць адказ.
У канцы калідору бразнулі дзьверы. Я зразумела, што гэта па нашыя душы.
Па-за гульнёй-8
Мы з Далілай, ня гледзячы адна на адну, сышлі з бетоннага ганку апорнага пункту аховы правапарадку ў прыцемак і невядомасьць.
Вечаровае восеньскае паветра мае прысмак дыму.
Апошнім часам апалую лістоту ў нашым горадзе паляць менш, чым раней, калі абрысы вуліц бачыліся праз вэлюм, утвораны душамі лісьцяў, якія прайшлі праз чысьцец вогнішчаў, але не сьпяшаліся ўзьняцца ў халодныя нябёсы.
— Даліла! Руслана! Як вы? А дзе Скаловіч?
“Тры волаты” ўсе сьпяшаліся сюды, не паверыўшы тэлефанаваньню Далілы, што ўсё ў парадку, нас ужо выпускаюць, і ня варта турбавацца… Генусь ішоў наводдаль, моўчкі глядзеў спадылба, праз чорныя пасмы валасоў… Макс трымаў за руку Віку, якая вырвалася і пабегла да маці. А Едрусь… Едрусь наблізіўся да мяне, але неяк нясьмела, нібыта ня быў упэўнены, што я зноў ад яго не ўцяку:
— Ну як ты, малая? Гэта ж трэба — і цябе забралі… З баявым хрышчэньнем!
І я адчувала сябе чамусьці вельмі вінаватай перад ім, таму што вось ужо сем гадзінаў пра яго ня думала.
Ён, вядома, не падазраваў, што я пра яго думала раней, пра тахканьне гадзіньніка, але мне ўсё роўна было сорамна. Нібыта ён зараз мог сказаць: “А чаму гэты ты перастала пра мяне думаць?”
А музыка раптам зьбянтэжана прамовіў:
— Ну ты даеш… На званкі не адказваеш… Я нават некалькі разоў да твайго дому падыходзіў — сьвятло ў тваім вакне гарыць, сілуэт за шторай…
Якім шчасьцем для мяне калісьці было б гэта пачуць… Цяпер жа іншае вярэдзіла душу. Я азірнулася на Далілу.