Золата князёўны
- Автор: Ляхновіч Павел
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- ISBN: 978-985-6107-38-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Золата князёўны». Краткое содержание книги:
Вечарэе. За хмызы апускаецца барвовы дыск сонца. У паветра падымаюцца чародкі крыжанак і з характэрным посьвістам крылаў праносяцца над галовамі. Уся вашая істота, падагрэтая паўкілаграмам “Беларусі”, імкнецца да зброі. Але сезон пачынаецца з нуля гадзін, і вы з намаганьнем аддаяце прыярытэт чалавечым законам перад геннымі інстынктамі. Яшчэ нядаўна шумная, узбуджаная кампанія разьбіваецца на млявыя групкі па двое-трое. Тэмы – пра жанчын, пра палітыку, але найбольш, натуральна, пра паляваньне. Самыя “прасунутыя” абмяркоўваюць філасофскую тэзу, што забіваць можна калі хочаш есьці, альбо калі цябе хочуць зьесьці.
…Роўна апоўначы ўсё навакольле ўзрываецца кананадай стрэлаў. І вы разам з усімі пасылаеце ў зорнае неба пару зарадаў. Салют. Пасьля вы лежыцё на траве, утаропіўшы вочы на далёкія зоры. Сьвет вакол вас зьлёгку пагойдваецца, вы слухаеце як пераклікаюцца ў трысьнягу качкі, як стракочуць у траве конікі. Вам добра…
Народная прыкмета: калі вечарам вам добра, то раніцай будзе кепска. Прачнуўшыся ад моцнага высьпятка пад скабы, адчуўшы ўсю прывабнасьць адмысловай беларускай хваробы пад складанай назвай “Смага, агульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця”, вы напружыўшы ўсю волю зьбіраеце дубальтоўку і, падперазаўшыся патранташам, шукаеце свайго сябра, зь якім так чакалі гэтага моманту. Дзе ж ён? А, вось сьпіць, захінуўшыся з галавой у “куфайку”. Спробы пабудзіць выклікаюць з глыбінь яго падсьвядомасьці некалькі словаў на “великом и могучем” і рэзкія рухі рукамі і нагамі ля вашага твару. Зразумеўшы безперсьпектыўнасьць гэтых спробаў, пакідаеце яго і ўдзельнічаеце ў распрацоўцы плану паляваньня.
Качкі збіваюцца ў чараду пасярэдзіне сажалкі, зь берагу да іх не дастрэліць. Таму адзін з нас (выпала таму, каторы забыўся стрэльбу на лаўцы) павінен падплыць да іх на чаўне (ўчора заўважылі ў чароце нейкія начоўкі), качкі будуць разьлятацца і тут ужо не лаві варон.
Золак. Сьцелецца туман. У небе лёгкі посьвіст качыных крылаў. Пасярэдзіне сажалкі цёмная сіплагалосая пляма. Вы замаськіраваліся ў прыбярэжных хмызах і чакаеце. Ад берага павольна адплывае човен з “загоншчыкам”, набліжаецца да качак.
…На працягу трох гадзін навокал грымяць стрэлы, шчыльнасьць стральбы – быццам полк ў абароне. Па небе з хуткасьцю рэактыўных зьнішчальнікаў і амальна гэткай жа вышыні мітусяцца качкі. Вы, падхоплены азартам, зайздросьцячы кожнаму чужому стрэлу, раз за разам кідаеце ў сусвет зарады шроту. Вынік такі ж, як пасьля “салюту”.
Урэшце рэшт побач плюхаецца падбітая недзе крыжанка і пасьля вашага снайперскага дуплету, не пасьпеўшы шмыгануць у чарот, перакульваецца дагары нагамі. Сарваўшы адзеньне, загразаючы ў муле, аблеплены з ног да галавы тваньню, вы, бы той спаніэль, “апарціруеце” здабычу на бераг.
Сонца даволі высока. Поедам ядуць камары. Сарамліва кінуўшы свой трафей у агульную кучу, вы з чыстым і ясным позіркам распавядаеце, што растралялі ўвесь патранташ, зьбілі тузін качак, але, халера на іх, усе пападалі ў трысьнёг і чарот. Шкада, што няма якога спаніэля або сэтара, бо знайсьці іх там без сабакі – марная справа. Ды і не палезеш жа з-за нейкай качкі ў гэткую жужлу…
Падводзяцца вынікі ранішняга паляваньня. Страты: амаль усе набоі растраляныя, човен утоплены, “загоншчык” мокры, а ягоная шматпакутная стрэльба утоплена. Набыткі: на кожнага, улічваючы “загоншчыка” і праспаўшых, па тры качкі, ратаваньне стрэльбы было пасьпяховым і яе гаспадар зараз самы шчасьлівы з усіх.
Ваш сябра праводзіць рэвізію хатулёў з мэтай знайсьці лекаў ад “беларускай хваробы”. Знаходіць. І даволі шмат. Можна сьнедаць.
Ізноў па крузе пускаецца шклянка, гучаць віншаваньні “з полем”, жарты, досьціпы. Нехта выхваляецца трапнай стральбой, нехта кляне камуністаў за меліярацыю і паніжэньне ў сувязі зь ёй качынага пагалоўя. Ваш сябра, а зь ім і тыя, што не здолелі ранкам прачнуцца, задавальняюцца, арганізаваўшы “стэндавую стральбу” па бутэльках. Усе стомлены і вырашаюць не чакаць вечара, тым больш, што набояў амаль не засталося.
Дома вы ганарыста кідаеце на стол сваю долю ад агульнай здабычы і загадваеце жонцы давесьці трафеі да розуму. У адказ ваша урбанізаваная палова, якая дагэтуль толькі тэарэтычна ўяўляла качак у пер’і, прапаноўвае заняцца імі самому. Бо па-першае, яна ніколі нічога не скубла і не ведае, як гэта робіцца, па-другое “ты здабыў, ты і займайся”, па-трэцяе, ёй “шкада бедных птушачак”. І толькі пасьля строгага тлумачэньня, што для мужчыны-беларуса ганьба скубці птушку і чысьціць рыбу, гэта традыцыйна жаночы абавязак, неахвотна бярэцца за справу. Не застаюцца без працы і астатнія. Сын чысьціць стрэльбу, дачка разьбірае рэчавы мяшок і вешае на прасушку вопратку. Галава сям’і прымае ванну.