Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #5
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:
Праўда, адукаваныя людцы, зусім як у Літве, каб паказаць, што не з мужыкоў, намагаюцца на іншай мове гаварыць — па-чэшску ці нямецку. А мужыкі гэтак жа гаруюць, як ліцвінскія, і кумпякі бачаць на сваім стале рэдка.
Застацца ў карчомцы ці здымным доме, калі малодшаму Лёдніку ўсё-ткі зблажэла, пабаяліся — даведаюцца, што ў аднаго з чужынцаў воспа, мірам не скончыцца. Добра, калі проста выганяць разам з хворым. А могуць і забіць як-небудзь акрутна, з рытуалам, каб пошасць не пачалася.
Вось Пранціш і парупіўся, знайшоў хацінку ў гарах, дзе ўлетку, мабыць, пастухі жывуць, а ў халады якія кантрабандысты. Бярвенні ў сценах здаровыя, печка спраўная. Дроваў — да анёльскіх сурмаў хопіць, і на двары, і ў сенцах складзеныя.
Вырвіч так высока, у гарах, дык не жыў ні разу. Хоць куды бліжэй да падножжа, чым да вяршынь — вунь яны, далёка-далёка ўверсе, беллю слепяць. Але ўсё роўна напачатку аж трохі вусцішна было. Здавалася, цябе абступілі пракаветныя волаты, і вось-вось скінуць, як парушынку, наліплую на рукаў. Прыпасы сюды адмысловыя людзі дастаўляюць, носічы называюцца. Вось адзін з іх, Юрай, цягнецца зараз па белай сцежцы, падобны здалёк да мураша. Узімку, калі пастухі спускаюцца з гор, носічам працы мала. Таму і наняўся той мужык ахвотна да падазроных пастаяльцаў валакацца, нават па снезе і ветры. Застаецца спадзявацца, што не шпег.
Бутрым стаяў побач, ля акна, і праз слюдзяное цьмянае шкельца пільна ўглядаўся ў чорную кропку, якая ўпарта рухалася ўверх, у іхні прытулак. Вырвіч скасавурыўся на былога слугу. А той змяніўся да крыўднага мала за ўсе гэтыя гады. Драпежны нос, чорныя патлы звісаюць, хіба пад вачыма цёмныя кругі. Ну так, гэтыя дні, як Алесь зваліўся, Пранціш бачыў доктара ці за прыгатаваннем лекаў, ці ля ложка сына, за малітвай. Ці спаў ён калі ўвогуле?
Дый не спрыяў настрою той халодны ветрык, што прабег між старымі сябрамі. Пранціш дасюль не мог вырашыць, як ставіцца да ўчынку Бутрыма. Здаецца, і з лепшых меркаванняў той былому гаспадару саслабленую заразу ў кроў кінуў. Ад пакутлівай смерці засцярог. Але — вось так, не спытаўшы, не прызнаўшыся. Чаму ж сына свайго гэтак жа не прышчапіў ад воспы?
— Я збіраўся і Алесю зрабіць варыяляцыю. Калі-небудзь… — ціха прагаварыў Бутрым, нібы пачуў думкі Пранціша. — Не мог наважыцца… З табою вось… Змог…
Чорны Доктар пазбягаў глядзець на Вырвіча.
— Я разумею тваё абурэнне.
Трэба ж, амаль што просьба аб прабачэнні ад Лёдніка.
— Тады, у войску, я не вагаўся. Як не вагаюся падчас любых аперацый. Трэба — адпілоўваеш нагу. Трэба — трахеатамію робіш. Гэта ж неабходнасць, а не эксперыменты дзеля цікавасці. Памятаеш, у Францыі я адмовіўся рабіць аперацыі на мозгу?
Пранціш хмыкнуў. Яшчэ б не памятаць. Тады доктара завабіла Таварыства прагрэсіўнай медыцыны, дзе ў сутарэннях прабівалі галовы жывым людзям, каб у мазгах пакорпацца.
— Але дзе мяжа паміж калечаннем — і прымусовым лячэннем? — Лёднік правёў доўгімі пальцамі па шурпатай шэрай сцяне. — Ведаеш, пасля таго, як пабываў у горадзе Пацучынага Караля… Я задумаўся. Ён жа, фон Рутгер гэты няшчасны, меў рацыю. Мы з ім сапраўды робім адну справу. Я марыў, каб усіх людзей прышчапляць ад страшных хваробаў. Хочуць не хочуць… Яшчэ б мыцца ўсіх прымушаць рэгулярна, насуперак забабонам. Пакоі праветрываць. Здаралася, я ў Вільні са злосці ў дамах пацыентаў шыбы разбіваў — такую задуху ўтваралі, абы холаду не напусціць, дровы зберагчы, што аж млелі з дзецьмі разам. А каб лягчэй дыхалася — пахучыя зёлкі паляць. І штось тлумачыць бескарысна. Так, у фон Рутгера рэчыва для варыяляцыі недасканалае, згубнае. А калі б удасканаліць? Каб памірала не палова пацыентаў, а адзін са ста, ці тысячы? Той адзін, што памрэ, будзе на сумленні доктара, таму што той прышчапіў яму хваробу гвалтам?
— Зразумела. — амаль злосна буркатнуў Пранціш.
Бутрым уздыхнуў.
— А калі ўсё рабіць паводле згоды пацыентаў, і палова з іх ці болей пачне адмаўляцца ад прышчэпак. І гэтыя, непрышчэпленыя, памруць. Яны — на чыім сумленні, пан суддзя менскі? Зноў — таго ж доктара? Які не прымусіў, не настаяў на сваім?
Ну зноў філасофію развёў. Вырвіч раздражнёна шукаў разумных слоў. Але Лёднік сам з’ясаваў:
— Няма адзіна правільнага адказу, Вырвіч. Гэта табе наш сябар Саламон Маймон добра патлумачыў бы. Пра непаўнату свядомасці і мяжы спазнання, да якой можна набліжацца вечна, і ніколі не наблізіцца.