Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Алексіевіч: Неяк малавата злых пытаньняў, а можа, людзі зразумелі, што агрэсія — не найлепшая форма пазнаньня сьвету і пазнаньня чалавека, які гаворыць на Свабодзе. Нармальныя пытаньні, людзі хочуць зразумець сьвет, дакапацца да сілы слова, да сэнсу слова.
Я думаю. што сёньня вельмі важна для ўсіх нас захаваць душэўны спакой. Захаваць гэтае жаданьне працы, не стаміцца, не расчаравацца, не махнуць рукой, не паддацца, калі ты бачыш, што чалавек ператвараецца то ў камфортную жывёлу, то ў агрэсіўную жывёлу. Усё роўна чапляцца за лепшае — тое, што ёсьць у цябе ў жыцьці, тое, што ты прачытаў, тыя, пра існаваньне якіх ты здагадваесься. Жыцьцё нашае не дае шмат нагодаў вельмі радавацца жыцьцю — але ў нас іншага часу ня будзе. І нават больш, мяркуючы па той сытуацыі, у якой мы цяпер жывем у Беларусі — думаю, што нашае жыцьцё будзе пагаршацца. Наша ўлада павінна будзе адказваць за гэтыя пропускі, страты гістарычнага часу. А ўлада ніколі не расплачваецца адна, расплачваецца кожны з нас, кожны чалавек.
Але ўсё роўна — гэтыя 70-80 гадоў жыцьця — гэта ўсё, што ў нас ёсьць. І грэкі маюць рацыю: усё ж, трэба вучыцца майстэрству жыцьця. Калі мы будзем цаніць сябе, сваіх блізкіх, цаніць людзей і радавацца жыцьцю — неяк гэта будзе адбівацца і на ўсім астатнім, і зробіць значна болей, чым проста палітычныя атакі, на якія ўжо ў грамадзтва няма энэргіі. Таму кожны павінен зрабіць гэтую маленькую працу ў самім сабе, і тады, магчыма, будзе тое, чаго мы так хочам.
31 жніўня 2007
Валянціна Аксак, Менск
З новага навучальнага году беларускія школьнікі ня будуць вывучаць творы Генадзя Бураўкіна, Вольгі Іпатавай, Сяргея Законьнікава, Сьвятланы Алексіевіч, Анатоля Сыса, Уладзімера Някляева, Леаніда Дранько-Майсюка, Уладзімера Арлова ды многіх іншых сучасных пісьменьнікаў.
Іхняе месца ў толькі што выдадзенай Міністэрствам адукацыі праграме па беларускай літаратуры занялі імёны пісьменьнікаў, невядомых чытачам, затое добра вядомых дзяржаўным чыноўнікам.
4 студзеня 2008
Юры Дракахруст, Прага
Што рыхтуе нам 2008 год? Што вы прагназуеце, чаго баіцеся , перасьцерагаецеся і на што спадзеяцеся ў наступным годзе?
Алексіевіч: Я ехала зараз у таксоўцы, і там па радыё ўсіх палохалі Пацуком, што ён не для ўсіх будзе дружалюбным. Я сама нарадзілася ў год Пацука, так што спадзяюся, што ён мяне пашкадуе.
Для сябе я хацела б скончыць новую кнігу «Час сэкан-хэнд. Канец чырвонага чалавека». У ёй я разважаю, над Вашымі, Юры, сёньняшнімі пытаньнямі.
Чаго я баюся? Я баюся таго, што раней ці пазьней гэтая нашая беларуская рэзэрвацыя будзе падаўленая Расеяй і ўвойдзе ў гэты моцны паток. Я цяпер шмат ежджу па Расеі. Там нібыта адбываецца шмат пераменаў. Але з другога боку ідзе жорсткае разьмежаваньне грамадзтва, і расейская мэнтальнасьць гэтага не прымае. Асабліва гэта бачна па моладзі. І гэта пагражае новымі катастрофамі, проста цяпер дзякуючы нафтагрошам гэта ня так заўважна.
І я баюся, што Беларусь будзе ўцягнутая ў гэты вір, і вытрываць у нас няма ні матэрыялу для супраціву, ні прасторы. Гэта пачнецца ў 2008 годзе, і пачнецца вельмі нахабна, бо Расея пухне ад грошай, і каб іх уратаваць, іх трэба некуды раскідваць.
Банальнасьць, але Беларусь — гэта такі сябра Расеі, якога яна не захоча губляць і якога будуць купляць і палохаць. Гэта ж усё бачна і па крэдытах, і па ўсім: як нам іх даюць і як з намі размаўляюць.
Калі раней мы думалі, што Расея нам дасьць дэмакратыю, то цяпер у яе ў самой вялікія праблемы з гэтымі інстытутамі і зь яе псыхалёгіяй. Яна відавочна пайшла па кітайскім шляху, вось мы і будзем Тыбэтам пры гэтым «Кітаі».
На што я спадзяюся? На тое, што наша слабая апазыцыя паразумнее, што зьявяцца нейкія новыя людзі, новыя лідэры. Безумоўна, будуць пэўныя «браджэньні» эканамічнага характару, можа, гэта паспрыяе зьяўленьню новых людзей.
Я ня зьвязваю гэта з новым маладым пакаленьнем, якраз новае пакаленьне больш за ўсё расчароўвае, прынамсі ў Расеі. Гэта канфармісты, прагматыкі, рацыяналісты, людзі, якія паводле сваіх жаданьняў вельмі хутка сталі старымі. Лідэры зьявяцца зь сярэдняга пакаленьня, так мне здаецца.
Гэта такія наіўныя навагоднія пажаданьні, і, я спадзяюся, такія самыя страхі.
30 траўня 2008
Іна Студзінская, Менск