Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Потым я вяртаюся дамоў, і мне трэба ўсе гэтыя дыялёгі зьняць з касэты... І вось — павінна я гэта рабіць ці не, да якой мяжы ісьці? Усе гэтыя карціны — перада мной. Не, гэта ня лёгкая праца. Але я думаю, што ўвогуле жыцьцё само па сабе — трагічнае. І гэта трэба сабе спакойна ўяўляць. Трагічнае хаця б таму, што як Нагібін пісаў на вышыні закаханасьці ў сваіх дзёньніках — «Божа, як страшна ад адной думкі, што гэты сьвет трэба пакінуць...» Так што я ня думаю, што мне цяжэй жыць, чым ўсім астатнім. Думаць, можа, цяжэй
Сп-ня Алексіевіч, што для вас было самым станоўчым і самым непрымальным у СССР? Дзякуй. Віктар.
Алексіевіч: Ведаеце, на гэтае пытаньне ў новай кнізе вельмі добра адказвае адна з маіх гераіняў. Яна кажа: вось я была як матылёк у цэмэнце — было адчуваньне адарванасьці жыцьця, вырванасьці зь нейкага сусьветнага кантэксту... Я, напрыклад, да сёньня шкадую, што я ня ведаю шмат моў, бо калі б іначай склаўся час, калі б я сёньня вучылася, я б, вядома, вывучыла больш моваў, адкрыла для сябе філёзафаў нашмат раней, што прыйшлося рабіць даволі позна, бо гэта ўсё было закрыта... Цяпер, калі гэта нават перакладаецца на расейскую мову, то вельмі фрагмэнтарна, у залежнасьці ад нейкіх інтарэсаў... І прыходзіцца некаторыя рэчы дадумваць інтуітыўна.
Я і цяпер яшчэ ня ведаю добра ніводнай мовы, і калі я жыву ў нейкай краіне, то многія рэчы я ўхопліваю інтуітыўна, вышукваю інфармацыю з краявідаў, намёкаў, з архітэктуры... Гэта больш складаная праца, а потым чытаеш нейкага філёзафа, і разумееш, што гэты самы шлях можна было прайсьці хутчэй і раней... І вось гэты акварыюм — гэта было самае прыгнятальнае.
Я памятаю і сваю журналісцкую працу ў газэтах — вечнае адчуваньне «ката ў пастцы», што ты ня можаш — тое, што мне было цікава, было непатрэбна. Думаю, у гэтым трагедыя нашай літаратуры, вясковай, як яе называлі, і ваеннай літаратуры, таму што там увесь час прысутнічала спачатку «вайна-ідэя», гэта сталінскае стаўленьне, потым пачала прабівацца праўда пра вайну, гэткае народнае стаўленьне «вайна-бяда», але мы так і ня ўзьняліся да таго, што яшчэ Анры Барбюс рабіў, калі пісаў свае кнігі пра першую ўсясьветную вайну — «вайна-шаленства», экзыстэнцыяльныя праблемы. Ня тое, колькі каштавала вайна, які страшны Сталін, а наагул, як чалавек робіць выклік Богу, забівае іншага чалавека ў такой колькасьці, як ён застаецца сам-насам з гэтым пачуцьцём, з гэтай думкай. Я да гэтага здолела прабіцца толькі дзякуючы жаночаму стаўленьню да вайны і дзякуючы таму, што я сама была ў Афганістане («Цынкавыя хлопчыкі»), бачыла, як гэта адбываецца, але гэта было ўжо вельмі позна, мне было трыццаць зь нечым, каля сарака... І я здолела нейкім шляхам узяць гэтую ўсясьветную культуру...
Мы былі зачыненыя, я адчувала прыніжэньне як інтэлектуал, як чалавек, у якога не было гэтага выйсьця... Я памятаю, калі я хацела прачытаць Ніцшэ і Фройда, у студэнцкія часы, я пайшла ў дэканат па нейкую паперку — я павінна была атрымаць дазвол, мне яе не далі. То бок, я не змагла зразумелым для іх чынам патлумачыць, навошта мне Ніцшэ і Фройд, ім было гэта незразумела. Мы павінны былі вучыць, калі газэта «Правда» выходзіла, калі там што... Я сказала, што гэта патрэбна мне для разуменьня сьвету. Акрамя жаху — я была неблагой студэнткай — я нічога ня бачыла ў вачах свайго дэкана Булацкага...
Навумчык: Завяршаем нашу онлайн-канфэрэнцыю. Вашае, спадарыня Сьвятлана, уражаньне ад пытаньняў і Вашыя пажаданьні слухачам і наведнікам вэб-сайту Свабоды.